Асабліва цяжка рэалізаваць задумку, калі яна звязана з бізнесам. Тут трэба ўлічыць любыя рызыкі, скласці не толькі план «А», але і іншыя варыянты далей па алфавіце. А яшчэ вырашыцца зрабіць першы крок.

Па такім прынцыпе дзейнічала сям’я Бондараў. Марына і Аляксей да гэтага часу паспелі наладзіць сваю справу, займаючыся аказаннем бытавых паслуг. Аднак душа жадала іншага. Аднойчы яны пабывалі ў гасцях на сямейнай урачыстасці, дзе ўбачылі работу аніматараў з выкарыстаннем роставых лялек. Агенцтвы, якія бяруцца арганізаваць падобныя шоу, даўно дзейнічаюць у буйных гарадах нашай краіны. А вось у Пружанах такая магчымасць была недаступнай. «Чаму б не выправіць гэту несправядлівасць?» — літаральна адначасова падумалі Бондары і… арганізавалі сямейную нараду.
— Амаль два месяцы мы разважалі наконт мэтазгоднасці такой ідэі, — успамінае Марына. — Больш за ўсё сумненне выклікалі нашы магчымасці, бо ўласных спраў хапала і апрача гэтага.
Ці будуць запатрабаваны роставыя лялькі ў Пружанах? Наколькі рацыянальна выдаткаваць немалыя грошы на набыццё касцюмаў? Пытанняў было шмат, на кожнае з іх знаходзіліся неадназначныя адказы.
І ўсё-такі Бондары вырашылі рызыкнуць. Спачатку заказалі касцюм вялікага мядзведзя Тэдзі, якога адразу «выпусцілі ў масы». Крыху больш за год таму на гарадскіх святах з’явіўся велікан Тэдзі, які, нібыта магнітам, стаў прыцягваць да сябе дзятву. Дзе б ён ні з’явіўся, яго акружалі дзясяткі малых, якія ціскалі лапы мядзведзю, абдымалі гіганта і фатаграфаваліся з ім. Шчыры дзіцячы смех і радасныя ўсмешкі іх бацькоў пераканалі Бондараў у правільнасці рашэння.
— Сапраўды, дарыць радасць іншым — гэта вялікае задавальненне, — зазначае Аляксей. — Нам хапала заробкаў, каб годна пражыць і без рэалізацыі гэтай задумкі. Але зараз мы перакананы, што ніколі не пашкадуем патрачаных часу і сіл: задавальненне ад адчування тваёй запатрабаванасці таго вартае!
Мядзведзя сталі запрашаць на дні нараджэнняў, вяселлі і юбілеі. З ім Бондары пабывалі ўжо амаль ва ўсіх кутках Пружаншчыны і цяпер асвойваюць Брэстчыну. На старонцы сямейнага тэатра роставых лялек з’явілася нямала станоўчых водгукаў ад задаволеных людзей. Чаму тэатра? Таму што амаль паўгода таму Бондары вырашылі пашырыць спіс «акцёраў» і набылі яшчэ Зайку і Мішку, якія сталі памочнікамі Тэдзі. Зараз жа рыхтуюцца новыя касцюмы. Так гігант Тэдзі займеў, акрамя строгай манішкі, яшчэ і камізэльку Санта Клауса і з нагоды набліжэння навагодніх святаў будзе дапаўняць традыцыйную пару Дзеда Мароза і Снягуркі, што таксама прапануюць прадпрымальнікі. Акрамя таго, у планах Марыны і Аляксея далейшае пашырэнне акцёрскай трупы.
Ці варта было рызыкаваць? Прызнацца, не ўсе ідэі прыводзяць да поспеху, некаторыя адразу не знаходзяць спажыўца, іншыя губляюць актуальнасць з часам. Як зазначаюць Бондары, самае страшнае — пачуццё паражэння, якое прымушае апускаць рукі і страціць веру ў сябе. Менавіта яго прывід і палохаў гэтых прадпрымальных пружанцаў. Аднак усё атрымалася, і прыйшло адчуванне перамогі, якое сапраўды акрыляе. Дзеля гэтага, як лічаць Марына і Аляксей, варта рызыкнуць і ажыццявіць сваю ідэю.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік