У гэтыя цудоўныя святочныя дні праводзіцца нямала акцый і мерапрыемстваў для дзяцей і дарослых. Відавочна, што прафсаюзная арганізацыя, а таксама ўвесь калектыў Пружанскай цэнтральнай раённай бальніцы не засталіся ўбаку. Каму ж, як не медыкам, ведаць, што такое сапраўдны боль, сапраўдныя спагада і спачуванне.
У рамках акцыі “Ад усёй душы” члены прафсаюза з тэатралізаваным прадстаўленнем, якое наладзіла моладзь райбальніцы, наведалі пацыентаў Сухопальскай бальніцы сястрынскага догляду, а таксама пацыентаў , якія знаходзяцца на сацыяльных ложках у Шарашэўскай і Ружанскай бальніцах. Паімкнуліся парадаваць і падарункамі: медыкі і работнікі райбальніцы сабралі 2600 рублёў: ніхто з членаў калектыву не застаўся раўнадушным. На гэтыя грошы былі закуплены і дзве канапы, хадункі, сродкі медрэабілітацыі і гігіены, машынкі для стрыжкі валасоў. Не забыліся і пра традыцыйныя салодкія падарункі.
Паўдзельнічалі ў віншаваннях людзей, якія па волі лёсу сустракалі святы ў медустановах, і старшыня раённага аб‘яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук, якая ўручыла электрамясарубку, прафактыў філіяла “Райгаз”, ААТ “Жураўлінае”, Сухопальскай СШ, але асаблівае дзякуй работнікам ААТ “Пружанскі завод радыёдэталей”.
Таксама віншаванні і прадуктовыя наборы ад прафсаюзнай арганізацыі райбальніцы атрымалі пяцёра ветэранаў працы, якія жывуць адны.
Здаецца, што мы імкнуліся наладзіць свята для адзінокіх людзей, а ў выніку самі атрымалі неверагодныя эмоцыі. Радасна было чуць, як старыя падпяваюць песням сваёй маладосці пад баян, бачыць слёзы шчасця ў іх вачах. Яны дзякавалі нам, а мы – ім, за магчымасць адчуць сябе патрэбнымі.
Ірына Шэйка, старшыня прафкама Пружанскай ЦРБ