Вы жадаеце даведацца, калі з’явіўся храм у вёсцы Засімавічы? Гэта проста: зазірніце ў «Вікіпедыю» ці адкрыйце любы сайт, прысвечаны царкоўнай гісторыі. Усе яны ўпэўнена называюць дату пабудовы царквы, асвячонай у памяць свяціцеля Мікалая Цудатворца, — 1811 год. Гэта ж дата — на шыльдачцы, якая сведчыць, што храм з’яўляецца помнікам гісторыі і ахоўваецца дзяржавай.
Не будзем падвяргаць сумненню гэтыя звесткі, тым больш што яны пацвярджаюцца і дадзенымі Гродзенскага праваслаўнага царкоўнага календара, выдадзенага ў 1899 годзе. Адкрыем яго старонкі і мы. «Царква мураваная, з драўлянаю званіцай, у драўлянай агароджы, збудавана ў 1811 годзе памешчыкам Яльцом. Адстаіць ад Пружан у 6 вярстах. Прыхаджан пры ёй: 1482 мужчынскага полу і 1505 жаночага, а ўсяго 2987, — у сямі паселішчах: Зосімавічах (у тыя далёкія часы тапонім часта гучаў менавіта так), Кацёлках, Перадзельску, Стараволі, Шакунах, Шанях і Шубічах».
З календара таксама даведваемся, што мясцовы клір складаецца са святара і псаломшчыка, маецца царкоўна-прыходскае папячыцельства, царкоўныя школы ў Засімавічах, Кацёлках, Перадзельску і Стараволі (навучалася тут усяго 8 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак) і народная вучэльня ў Шанях (у ёй вучняў было значна больш, 98 хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі).
У перыяд складання царкоўнага календара настаяцелем Засімавіцкай царквы з’яўляўся Феадор Кунаховіч, але да моманту выйсця даведніка ў свет яго змяніў на святарскім пасту Мікалай Нядзельскі.

Вось фактычна і ўсе афіцыйныя звесткі пра мясцовы храм, які не вылучаўся заможнасцю сваіх заснавальнікаў і апекуноў, не быў злучаны з якімі-небудзь знакавымі гістарычнымі падзеямі (як, напрыклад, царква ў Гарадзечне, пабудаваная ў памяць пра вайну 1812 года) ці асобамі (як Шарашоўская Прачысценская, дзе служыў доктар навук Міхал Баброўскі).
Але сапраўдны экскурс у гісторыю толькі пачынаецца. Парадокс: чым больш узгадванняў пра Засімавічы знаходзіш, тым больш пытанняў узнікае. І адказы далёка не на ўсе з іх можна падмацаваць адпаведнымі дакументамі, так што пэўныя высновы будуць абстрактнымі, ужо прабачце.
Такім чынам, таямніца першая, ці
Дык усё ж Старавольская ці Засімавіцкая?
Уласна, спачатку варта задацца пытаннем, калі з’явіліся самі Засімавічы. І гэта нам дакладна невядома. Можна сцвярджаць толькі, што ў «Рэвізіі Кобрынскай эканоміі», датаванай 1563 годам, населенага пункта пад такой назвай няма. Хоць прысутнічаюць Шані і Старавольская «сцяна» — мяжа землеўладання, якая прымыкае да аналагічнай «сцяны» Шубіцкай (цяперашнія Засімавічы па размяшчэнні — дзесьці паміж імі).
А праз нейкіх паўстагоддзя раптам з’яўляецца таямнічая «царква Старавольская, якая стаіць пры вялікім гасцінцы, едучы з месца Шарашова да Пружаной». Гэта пан Ян Старавольскі, сын Васіля, падаў скаргу ў копны суд на слонімскага земяніна Шчаснага Беразоўскага. Сутнасць прэтэнзіі, разгледжанай судом 13 снежня 1614 года, у тым, што Беразоўскі з жонкай Марынай Пратасевічаўнай раней абвінавацілі шаноўнага старога Васіля Старавольскага ў тым, што той нібы затрымаў і абрабаваў іх падданага Івана Колата.

У скарзе пан Ян тлумачыць, што названы Колат двойчы, 6 чэрвеня 1610 года і 18 верасня 1611 года, рабаваў Старавольскую царкву. Пералічвае маёмасць, забраную адтуль, у тым ліку шаўковыя рызы, срэбныя з пазалотай прадметы царкоўнага начыння, Евангелле ў аксамітавым акладзе са срэбнымі ўпрыгожваннямі, вялікія васковыя свечкі і інш. Рабаўніка затрымаў пан Себасцьян Шаняўскі са сваімі падданымі, знайшоў у яго частку выкрадзенага і, кажучы сучаснай мовай, здаў пружанскім уладам. Пад пагрозай катаванняў Колат прызнаўся ў злачынствах, але атрымаў нечаканую падтрымку ў асобе свайго гаспадара, так што Яну Старавольскаму давялося абараняць састарэлага бацьку. Усё гэта мы прачыталі ў зборы актаў пра копныя суды, выдадзеных напрыканцы ХІХ стагоддзя Віленскай археаграфічнай камісіяй.
Лёс рабаўніка, зразумела, цяпер не хвалюе. Нас цікавіць толькі царква, якая стаяла ва ўладаннях паноў Старавольскіх і, па ўсёй бачнасці, імі фінансавалася. Улічваем, па-першае, што ў самой вёсцы Стараволя храма ніколі не было, па-другое, што дарога з Шарашэва ў Пружаны 400 гадоў таму пралягала трохі інакш, чым цяпер, ішла напрасткі, па-трэцяе, што назва населенага пункта Засімавічы (ці Зосімавічы) яшчэ нідзе не згадвалася. І робім выснову, што “царквой Старавольскай” магла быць менавіта наша адшукваемая.
Мяркуючы па пераліку начыння, была яна не беднай, але і не занадта багатай. Зыходзячы з таго, што ў заяве Яна Старавольскага названа царквой, а не касцёлам, — уніяцкай. Вы скажаце, гэтую выснову таксама можна назваць галаслоўнай? Што ж, будзем шукаць далей.
Таямніца другая, ці
Разруха 1759 года — паказчык даўніны?
Першае дакументальнае пацверджанне існавання Засімавіцкай царквы можна датаваць 4 сакавіка 1723 года. Менавіта з гэтай даты пачаў сваё служэнне тут Міхал Пракаповіч. 26-гадоваму святару прапанавалі прыход Міхал і Юзаф Асухоўскія (верагодна, уладальнікі гэтых земляў). Ён быў высвечаны кіраўніком уніяцкай царквы — мітрапалітам Кіеўскім, Галіцкім і ўсяе Русі Львом Кішкай і прабыў тут да 21 лістапада 1725 года.
Далейшыя звесткі пра тутэйшых уніяцкіх святароў адносяцца толькі да 1738 года, калі ў Засімавічы прыбыў Ян Сацэвіч, які служыў тут амаль чвэрць стагоддзя, да жніўня 1762 года. Менавіта ў перыяд гаспадарання (ці безгаспадарлівасці) гэтага святара, у 1759 годзе, царкву з афіцыйнай генеральнай візітацыяй (праверкай) наведаў Антоній Караньчэскі, прадстаўнік епіскапа Уладзімірска-Берасцейскай епархіі Феліцыяна Піліпа Валадковіча.

З матэрыялаў, падрыхтаваных генеральным візітатарам, даведваемся, што царква ў Засімавічах знаходзіцца ў шляхецкіх уладаннях і пабудавана стараннямі брэсцкага скарбніка Антонія Яльца і брэсцкага чашніка Яна Асухоўскага. «Царква мураваная, але ні знадворку, ні ўсярэдзіне не адпавядае свайму прызначэнню: сцены, дах, вокны, нават сам падмурак так запушчаны, што да рамонту праводзіць службы не ўяўляецца магчымым. Званіца на цвінтары — без даху, разбураны і драўляны бабінец, прыбудаваны да царквы».
Візітатор адзначае, што нават сакрамент (святыя дары) у гэтай разваленай царкве захоўваецца на алтары ў незамкнёнай даразахавальніцы ля акна, і робіць выснову пра нядобрасумленнасць і безгаспадарлівасць Яна Сацэвіча. Ён прапануе ўмяшацца панам калятарам — заснавальнікам і папячыцелям храма, а святару панесці духоўную вымову.
Нягледзячы на падрабязны вопіс Антоніем Караньчэскім царкоўнай маёмасці, застаецца невядомым, калі царква была пабудавана: мабыць, пра захаванасць падобнага дакумента святар таксама не паклапаціўся. Але думаецца, што для таго, каб прывесці ў поўную непрыдатнасць мураваны будынак, патрэбен не адзін дзясятак гадоў. Так што гэта цалкам мог быць яшчэ той самы храм, абрабаваны ў 1610 годзе.
Мы не ведаем, ці рамантаваўся будынак паводле заўваг візітатара, але храм працягваў дзейнічаць: мы ведаем, што ў 1777—1783 гадах тут служыў Павел Лазарэвіч, а апошнім уніяцкім вікарыем (1837 год) стаў Нарцыс Макавельскі, але да гэтага часу — у 1811 годзе, як мы казалі, ужо была збудавана новая царква.
Таямніца трэцяя, ці
Надпісы на цэгле
Сёння мы не можам сказаць з упэўненасцю, ці вялося будаўніцтва Засімавіцкай царквы ў 1811 годзе на новым месцы або храм надбудоўваўся над рэшткамі старога падмурка, з выкарыстаннем цэглы і бутавага каменю з развалін старажытнага храма. Але схіляемся да другой версіі: падчас апошняга рамонту, які праводзіўся некалькі гадоў таму, усе камяні і цэгла была ачышчаны ад тынкоўкі і «ўзроставых» напластаванняў бруду, і стала відавочным, што мур нібы складаецца з трох частак, узведзеных у розны час. Але спецыяльных даследаванняў з гэтай нагоды не праводзілася, а за шматлікія гады існавання храм не раз рамантаваўся, у тым ліку аднаўляўся пасля пажару ў перыяд Першай сусветнай вайны, «перажыў» капрамонт у 1925 годзе і г.д.

Незвычайнай асаблівасцю Засімавіцкай царквы — і яшчэ адной загадкай, пакінутай нам далёкімі продкамі, — з’яўляецца цэгла з надпісамі на ўсходняй сцяне. На жаль, час не садзейнічаў яе захаванню. Яшчэ гадоў 10 таму можна было прачытаць надпісы на чатырох цаглінах. На адной з іх — «HIERO. SL. 1591», што, магчыма, пазначала імянную цэглу з датай і імем, меркавана Геранімуса (дарэчы, падобны надпіс — «HERE. IS. MY» — ёсць на фрагменце каміна ў экспазіцыі Мірскага замка). Яшчэ на дзвюх — незразумелыя лацінскія словы.
І нарэшце, надпіс кірыліцай, падобнай на скорапіс XV стагоддзя, на чацвёртай цагліне, адзіны добра бачны і цяпер: перавернутае дагары нагамі слова «Васааф». Як лічаць краязнаўцы, яно можа быць варыянтам імя Васіян, так звалі епіскапа Уладзіміра-Валынскага і Берасцейскага, які памёр у 1497 годзе.
Тое, што ў сцяне знаходзіцца цэгла розных гадоў, паказвае, што храм будаваўся ў тым ліку з прывезеных сюды рэштак нейкіх будынкаў, напрыклад, струхлелага кобрынскага замка, які пачалі разбіраць у канцы XVIII стагоддзя пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай.
Ірына Сядова