Па старонках старых газет
Давайце на момант адыдзем ад таямніц і пагаворым аб тым, што мы пэўна ведаем пра засімавіцкую царкву. Як мы казалі ўжо, існуючы будынак узведзены ў 1811 годзе, а значыць, гэта самая старая мураваная царква Пружанскага благачыння пасля Петрапаўлаўскай у г.п. Ружаны.
Царква ў стылі класіцызму зарыентавана алтаром на ўсход (гэта пацвярджае, што храм не будаваўся як каталіцкі). Пабудова прамавугольная, кампактная, памерам 8,4 х 17 м.
Самы звыклы для сённяшняга дня спосаб атрымання інфармацыі — перыядычны друк. Але згадванняў пра царкву ў перыёдыцы ХIX стагоддзя знайшлося няшмат, сярод іх — паведамленне ў «Літоўскіх епархіяльных ведамасцях» за 15.03.1892 пра тое, што ў памяць цудоўнага збавення пры замаху ў Японіі 29 красавіка 1891 года на наследніка прастола — будучага расійскага імператара Мікалая ІI — «вернікі Зосімавіцкай царквы Пружанскага павета ахвяравалі ў сваю прыхадскую царкву абраз свяціцеля і цудатворца Мікалая ў ківоце і пазалочанай рызе».
Падобны дар быў зроблены і крыху раней, у знак падзеі 17 кастрычніка 1888 года (цудоўнае выратаванне імператара Аляксандра III пры крушэнні цягніка). Як паведамлялі «Царкоўныя ведамасці» ў № 28 за 1891 год, «клір і вернікі Засімавіцкай царквы набылі абраз у вытанчанай залатой раме з абліччамі святога благавернага князя Аляксандра Неўскага і святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны, напісаны на цынку на залатым фоне, разам з лампадай, коштам усяго 51 руб. 25 кап.».
Цікавым момантам стала апісанне ў «Літоўскіх епархіяльных ведамасцях» дзіцячага свята, якое адбылося ў мясцовай царкоўнапрыходскай школе 28 снежня 1899 года. Яго арганізавалі папячыцелька школы жонка стацкага саветніка Наталля Васільеўна Кажэўнікава і святар Мікалай Нядзельскі. Гэта было адно з першых падобных мерапрыемстваў для сялянскіх дзяцей на Пружаншчыне — з упрыгожанай ёлкай, чытаннем вершаў і падарункамі.
Яшчэ адна газетная публікацыя, ужо ў «Гродзенскіх епархіяльных ведамасцях» за 1911 год, апісвае мерапрыемствы, арганізаваныя з нагоды 50-годдзя вызвалення сялян ад прыгоннай залежнасці. 18 лютага 1911 года ў будынку Мураўёўскага валаснога праўлення ў в. Шані адслужылі паніхіду пры ўдзеле вучняў са Стараволі, Перадзельска і Засімавіч, а на наступны дзень у Засімавіцкай царкве адбыліся літургія і набажэнства. Імпрэза працягнулася ўвечар у мясцовай царкоўнапрыходскай школе. Яе арганізатарамі разам са святаром Аляксандрам Шумовічам сталі настаўнікі засімавіцкай і кацёлкаўскай ЦПШ Павел Смоляр і Уладзімір Крушэўскі. Школа была ўпрыгожана, ілюмінавана, а ў канцы вечара запалілі бенгальскія агні. Значнай падзеяй для сельскай школкі тых часоў стаў грамафон, прывезены з Пружан.
Этапы аднаўлення
Перажыўшы шматлікія падзеі першай паловы ХХ стагоддзя, у тым ліку і Вялікую Айчынную вайну (як страшная памяць пра яе перад храмам усталяваны камень з памятнай дошкай на месцы пахавання чатырох безыменных салдатаў), засімавіцкая царква рашэннем Брэсцкага аблвыканкама была закрыта ў маі 1962 года. Уласна, як і многія іншыя храмы Пружаншчыны ў перыяд антырэлігійнай кампаніі тых гадоў. Але пашанцавала ёй менш, чым некаторым іншым, дзе адкрываліся, напрыклад, клубы: мясцовая гаспадарка ўладкавала тут склад аміячных угнаенняў, што не самым лепшым чынам паўплывала на стан будынка.
Толькі ў 1992 годзе вернікі змаглі вярнуць свой храм. Як расказвае ў сваёй «Гісторыі цэркваў і прыходаў Пружанскага благачыння» настаяцель Спаса-Праабражэнскага храма ў Пружанах протаіерэй Ігар Мрыхін, ініцыятарам аднаўлення стаў тагачасны дырэктар Пружанскага раённага Дома культуры, мясцовы ўраджэнец Васіль Іванавіч Курачынскі. Ён арганізаваў ініцыятыўную групу, людзі заручыліся падтрымкай старшыняў калгасаў, на землях якіх размяшчаўся царкоўны прыход, і ў жніўні прыступілі да работ. Спачатку давялося ачысціць памяшканне ад рэшткаў аміячнай салетры, высечы хмызняк, які ўшчыльную падступіў да сцен, і толькі пасля гэтага заняцца будаўніцтвам. Старавольскі калгас «Перамога» (старшыня Уладзімір Гардзейчык) закупіў цэглу і дахавую бляху, а шаняўскі «Ленінскі шлях» (старшыня Васіль Сарока) прыступіў да нарыхтоўкі лесу. Будаўніча-рэстаўрацыйныя работы выконвала брыгада ПМК-22 (начальнік Мікалай Бартноўскі), частку абсталявання і матэрыялаў будаўнікі выдзелілі бясплатна.
Работы ішлі хутка, і ўжо ў 1993-м, у дзень свята архістратыга Божага Міхаіла, купалы царквы былі ўвянчаны крыжамі, якія зрабілі на Пружанскім масласырзаводе (дырэктар Мікалай Ханцэвіч). Яшчэ год занялі аддзелачныя работы і ўнутранае ўпрыгожванне храма. Амаль усё начынне было набыта на ахвяраванні вернікаў, а частка перададзена з пружанскага сабора.
Роўна 30 гадоў таму, у лістападзе 1994-га, Свята-Мікалаеўскі храм у Засімавічах асвяціў епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Канстанцін (Хоміч). Упершыню за 32 гады тут адбылася Боская літургія.
Першапачаткова царква была атынкавана знадворку і ўсярэдзіне. Але доўгае захованне тут аміячнай салетры мела сумныя наступствы: тынкоўка адслойвалася. Храм ізноў рамантавалі, у 2002 годзе абшылі вонкавыя сцены пластыкавай вагонкай, а ўнутраныя — драўлянымі панэлямі. Пад шалёўкай цэгла пачала разбурацца яшчэ хутчэй, давялося яе здымаць і пачынаць рамонт нанова. Некаторы час храм выглядаў дастаткова запушчана, але ў апошняе дзесяцігоддзе, дзякуючы намаганням настаяцеля іерэя Сергія Сямёнава і вернікаў, ён нібы памаладзеў, стаў дагледжаным і прывабным.
Вернікі клапоцяцца не толькі пра свой храм, але і даглядаюць магілу невядомых салдатаў, нядаўна тут з’явілася адпаведная шыльдачка. Дарэчы, побач з царквой, за алтарнай сцяной, ёсць і старадаўняе пахаванне. Хоць надпісы на каменным надмагіллі не захаваліся, мясцовыя жыхары распавядаюць, што менавіта тут пахаваны генерал Вяроўкін-Шалюта.
Сапраўды, генерал-лейтэнант імператарскай расійскай арміі Фларыян Фаміч Вяроўкін-Шалюта (1800—11.11.1867) быў уладальнікам маёнтка Засімавічы з другой паловы 1850-х гадоў да сваёй смерці. Яго падрабязны паслужны спіс ёсць у Вікіпедыі, а ў фондах РДГА захоўваецца справа пра выкуп зямельных надзелаў часоваабавязанымі сялянамі Ф.Ф. Вяроўкіна-Шалюты маёнтка Засімавічы (Гродзенская губерня) 24 кастрычніка 1864 г. — 20 жніўня 1865 года.
Магчыма, на гэтым і варта скончыць аповед пра засімавіцкі храм. Але ёсць яшчэ адна забытая старонка царкоўнай гісторыі, якую таксама хочацца адзначыць.
Таямніца чацвёртая, ці
«Крыжовая» капліца і след Божай Маці
Як адзначае ўсё той жа гродзенскі праваслаўны царкоўны каляндар за 1899 год, «у дзвюх вярстах на паўднёвы захад ад храма знаходзілася асабліва ўшанаваная мясцовым насельніцтвам драўляная капліца, якую называлі «Крыжовай».
Згодна з паданнем, яе ўзвялі над каменем на месцы з’яўлення Багародзіцы. На ім бачныя былі тры паглыбленні, што прызнаваліся за сляды ступняў Божай Маці. Побач пабудавалі калодзеж і багамольцы напаўнялі паглыбленні вадой, каб потым гэту ваду забраць дахаты. Лічылася, што вада становіцца гаючай і лечыць галаўныя болі і хваробы вачэй. У дні, прызначаныя для асвячэння вады, сюды ішлі ад царквы хрэсным ходам.
Некалькі гадоў таму пры падрыхтоўцы матэрыялаў пра следавікі на тэрыторыі Пружаншчыны мы шукалі рэшткі гэтай капліцы і, зразумела, камень, над якім яна была пабудавана. І з дапамогай краязнаўцы Георгія Яраслававіча Шведа знайшлі верагоднае месца былой святыні: камяні-валуны, падобныя на абрысы старога падмурка, у невялікім гаі паблізу вёскі Шубічы. Але толькі не было там ужо ні калодзежа, ні следавіка. Па словах старажылаў, вялізны камень прыкладна ў 1970-х гадах, задоўга да пачатку аднаўлення царквы, быў узарваны і выкарыстаны для будаўнічых работ.
Вось на сёння і ўсё.
Ірына Сядова
Фота аўтара