Турэмныя правілы
Абедзьве пружанскія турмы выкарыстоўваліся рознымі ўладамі, у т. л. у перыяд уваходжання Заходняй Беларусі ў склад Польшчы. Паводле даведнікаў, “белая” турма размяшчалася на вул. Пацэвіча, д. 3, а яе начальнік меў кабінет у “чырвонай” турме на вул. 3 мая (з 1937 г. вул. Пілсудскага), д. 41 (у інш. крыніцах — д. 21).
Як сведчаць афіцыйныя польскія дакументы, “белая” турма адносілася да ніжэйшага ІІІ-га класа. Пры ўстанове, як і раней, дзейнічалі бальніца і аптэка. Вядома, што хворых утрымлівалі асобна ад астатніх зняволеных. Санітарныя нормы, якія былі адзінымі для ўсіх турмаў, патрабавалі падтрымліваць у камерах тэмпературу не ніжэйшую за +14, а вільготнасць — не болей за 75%. Усе памяшканні па меры неабходнасці загадвалася фарбаваць і бяліць, рэгулярна праветрываць і дэзынфіцыраваць, а падлогу — штодзённа падмятаць і мыць 2 разы на тыдзень. Турэмны двор павінен быў пастаянна трымацца ў парадку, а прыбіральні — вычышчацца. Зняволеныя абавязаны былі штодзённа сачыць за чысцінёй цела, перад прыёмамі ежы мыць рукі, наведваць лазню раз на два тыдні, а пры выкананні бруднай працы — часцей. Але, як сведчаць успаміны арыштантаў, многія патрабаванні не выконваліся, асабліва гэта тычылася захавання парадку і выгляду турэмных камер і калідораў.
Прафілактычная работа
На адміністрацыю турмы ўскладаўся абавязак сачыць не толькі за фізічным, але і за маральным станам вязняў. Для накіравання злачынцаў на шлях выпраўлення і супрацьстаяння камуністычнай прапагандзе заахвочвалася наведванне астрога святарамі розных канфесій. Нават ставілася пытанне аб адкрыцці ў “белай” турме праваслаўнай капліцы ці малельні, таму што большасць пружанскіх зняволеных (у 1938 г. 89 чал.) лічыла сябе праваслаўнымі. Да 1937 г. за выкананне сваіх абавязкаў мясцовыя святары атрымлівалі плату, якую потым адмянілі. Тым не менш, у турме 2–3 разы на месяц у нядзелю і на ўсе вялікія рэлігійныя святы адбываліся богаслужэнні. Падчас Вялікага посту праваслаўныя вязні павінны былі спавядацца і прычашчацца. У пружанскіх храмах праводзіліся зборы сродкаў сярод прыхаджан для набыцця падарункаў і харчавання для заключаных. Гэтыя ахвяраванні былі нязначнай, але прыемнай дапамогай для арыштантаў.
Вязні
У гэты час сярод зняволеных былі як злачынцы (забойцы, злодзеі, парушальнікі парадку, бадзягі), так і тыя, каго называлі “палітычнымі” вязнямі, — удзельнікі антыпольскіх выступленняў, члены палітычных партый і арганізацый.Вядома, што ў Пружанах пэўны час утрымліваліся паэты — Піліп Пястрак (у 1927 і 1929 гг.) і Мікола Засім (у 1925 г.), дзеячы Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі — Сцяпан Пацяруха (у 1925 г.), які пры “першых Саветах” быў начальнікам народнай міліцыі ў Пружанах, а потым намеснікам старшыні Пружанскага і старшынёй Поразаўскага райвыканкамаў, Аляксандр Ільяшук (у 1932 г.), адзін з арганізатараў міліцыі, старшыня Шарашоўскага райвыканкама (пасля вайны), а таксама Аляксандр Свяргун (у 1935 г.), які ў 1951–1955 гг. узначальваў Пружанскі райвыканкам, і інш.
Масавыя арышты
Адна з самых вялікіх першых хваляў арыштаў, якая значна павялічыла колькасць зняволеных, прайшла ў Заходняй Беларусі ў 1924–1925 гг. Гэта было звязана з дзейнасцю КПЗБ і эсэраў па падрыхтоўцы антыпольскага паўстання. Да таго ж уздым выступленняў заўсёды назіраўся падчас знакавых для працаўнікоў дат, напрыклад, 1 мая. Вядома, што на гэты дзень у 1925 г. камуністы прызначылі ў Пружанах дэманстрацыю, да якой заклікалі нелегальныя пракламацыі, раскіданыя па вёсках. Безумоўна, паліцыя не сядзела склаўшы рукі, а вышуквала тых, хто займаўся падрыхтоўкай мерапрыемства, і яго магчымых удзельнікаў. Тым не менш, паводле ўспамінаў Вольгі Габец з в. Ківачына, ў ноч на 1 мая у Пружанах патаемна сабраліся актывісты з розных частак павета. Нягледзячы на сутычкі з паліцыяй, дэманстрацыя ўсё ж адбылася, а пасля яе прайшла хваля арыштаў. Некаторы час В. Габец, як і іншыя ўдзельнікі акцыі, утрымлівалася ў пружанскай турме. Сярод зняволеных у маі 1925 г. былі таксама С. Пацяруха і актывіст з в. Калядзічы Павел Буцько, які ўспамінаў, што быў пасаджаны ў пружанскую турму, дзе два гады ўтрымліваўся ў невялікай камеры разам з 20 зняволенымі. Паводле звестак з кнігі “Памяць: Пружанскі раён”, летам 1925 г. у павеце арыштавалі больш за 250 чал., частка з іх знаходзілася за кратамі менавіта ў Пружанах.
Турэмныя хваляванні 1929 г.
Як сведчаць дакументы, у маі 1925 г. начальнікам мясцовай турмы быў прызначаны Ян Блонскі, пераведзены з г. Енджэеў. Захавалася яго паведамленне ад 1 верасня 1929 г. віцэ-пракурору 5-га раёна гродзенскага акруговага суда аб хваляваннях зняволеных у пружанскай турме: “…Спевы, крыкі і мітусню зняволеных у камерах № 4 і № 6 16 жніўня 1929 г. арганізавалі ў камеры № 4 Пястрак Піліп, Трында Мікалай, Пятух Мікалай, Талочка Канстанцін, Лахей Аляксандр, Рак Марк, № 6 — Храпавіцкі Павел. Пястрак і Храпавіцкі прызналіся ў напісанні патрабаванняў, якія былі прад’яўлены пракурору. Усе пункты ідэнтычныя, што сведчыць аб змове зняволеных. 16 жніўня 1929 г. пасля праверкі, калі пракурор наведаў камеру № 4, заключаныя з крыкамі размахвалі рукамі і заяўлялі, што ўсе патрабаванні павінны быць задаволены, у іншым выпадку яны не спыняць шум і галадоўку. Калі ў наступныя дні галадоўкі я з доктарам наведаў камеру, то арыштанты ўслед мне і наглядчыкам крычалі: “Каты, крывасмокі, паразіты, вон з камеры!”. 23 жніўня заключаныя камеры № 4 (16 чал.) зрабілі барыкаду, прыбраць якую добраахвотна адмовіліся. Калі ж наглядчыкі падышлі да вокнаў, заключаныя загарадзілі вокны сеннікамі і таму адміністрацыя прымяніла сілу. Праз акно пры дапамозе пажарнага насоса быў накіраваны струмень вады. Большасць заключаных адскочыла ад дзвярэй і схавалася ў куце, прыкрыўшыся коўдрамі і сеннікамі, а Талочка, Трында, Пястрак і Рак працягвалі хадзіць па камеры, заклікаючы да супраціўлення. Яны праз рашоткі вокнаў кідалі ў наглядчыкаў розныя прадметы. Выкінута 10 плітак, люстэрка, 3 эмаліраваныя міскі, 5 чарнільніц. У камеры заключаныя былі ўзброены рэшткамі інвентару, які потым пакідалі. 24 жніўня ў час змены бялізны Поўх Лукаш пхнуў нагой старшага наглядчыка Бялевіча і наглядчыка Пятроўскага, абражаў іх, пры пераводзе ў камеру № 6 плюнуў у твар наглядчыку Пятроўскаму і брыдкасловіў…”.
Пружанскі астрог у літаратуры
Замалёўку аб зняволенні ў пружанскай турме, адной з крыніц для напісання якой, магчыма, стаў дакумент Блонскага, даносіць да нас пісьменнік У. Гніламёдаў, які ў рамане “Вяртанне” апавядае: “…Пасля допытаў яго (Кляновіка — заўв. аўт.) перавезлі ў Пружаны, дзе судзілі ў мясцовым гарадскім судзе. Далі чатыры гады турэмнага рэжыму. Кляновік запатрабаваў перагляду справы, тут жа падаў на апеляцыю, якую яму давялося чакаць у пружанскай турме. Гэта быў двухпавярховы цагляны будынак, які стаяў у старой частцы горада недалёка ад касцёла. Пасля санпрапускніка вязень атрымаў камплект арыштанцкага адзення: бялізну, шкарпэткі і апоркі, шэрыя грубыя штаны і куртку, шэрую бесказырку, хустку ў клетку — на шыю. Яго пасадзілі ў адзіночную камеру, але ў пружанскай турме не хапала памяшканняў, і неўзабаве вязень апынуўся сярод іншых сваіх калег ў агульнай камеры. Калі трэба было ўзначаліць турэмную камуну, абралі яго, Кляновіка. Тут, у пружанскай турме, з ім сядзеў Пётр Уласавец — сакратар Косаўскага райкама КПЗБ. У агульнай камеры, дзе яны знаходзіліся, валялася шмат бруду, вуглы зараслі павуціннем, бо па-сапраўднаму яна ніколі не прыбіралася. Кляновік арганізаваў “суботнік”, і вязні пазбіралі ўсё павуцінне, вышкраблі ўсе куткі. Адміністрацыя імкнулася ўзмацніць рэжым, пазбавілі іх кніг і паперы, скарацілі час прагулкі, наведванні з волі. Вырашана было аб’явіць галадоўку. Некаторым гэта здалося па меншай меры дзіўным: у турме і без таго ўвесь час хацелася есці, а тут прапануюць адмовіцца і ад той нішчымнай ежы, якую даюць. Перастукваліся азбукай Морзэ з іншымі камерамі, дзе сядзелі палітзняволеныя, — тыя таксама падтрымалі. І вось у пружанскай турме ўспыхнула так званая “чорная галадоўка” — гэта значыць адмовіліся не толькі ад ежы, але і ад вады. З камеры выкінулі лыжкі і міскі, а таксама кубкі, бо і піць забаранялася, выставілі цэбар з абедам і хлеб. Галадоўка працягвалася дзевяць дзён, вязні перамаглі. Адміністрацыя дазволіла карыстацца кнігамі, пісьмовымі прыладамі, павялічыўся час прагулкі, часцей мянялі пасцельную бялізну, нават газета часам трапляла”.
Дзейнасць камуністаў
Да нашых дзён захаваліся звесткі аб знаходжанні ў гарадской турме. Сярод іх найбольш успамінаў былых дзеячаў КПЗБ. Напрыклад, Іван Данілавіч Казловіч (адзін з першых народных міліцыянераў у Пружанах, ганаровы чыгуначнік СССР, ганаровы грамадзянін г. Бяроза) з в. Загор’е ў аўтабіяграфіі пісаў: “…У 1933 г. арыштаваны і пасля жорсткіх допытаў пасаджаны ў пружанскую турму, дзе знаходзіўся паўгода. Арышты і катаванні шматразова паўтараліся на працягу 1933–1934 гг. 19 мая 1934 г. быў асуджаны за рэвалюцыйную дзейнасць на 4 гады зняволення і восенню па справе Астапчука — Самайловіча асуджаны яшчэ раз. Знаходзячыся ў турме, у 1934 г. прыняты ў КПЗБ”.
Аляксандр Рыгоравіч Свяргун, якога ў жніўні 1935 г. прыгаварылі да 6 гадоў астрога, успамінаў: “…Мяне пасадзілі ў пружанскую турму. Тут сядзелі пераважна маладыя падпольшчыкі, якія яшчэ не мелі вопыту барацьбы. Не было ў турме партыйнай арганізацыі, не паступалі газеты і кнігі, не дазвалялася больш аднаго разу на месяц пісаць і атрымліваць лісты. Зняволеныя былі пазбаўлены сувязі з жыццём на волі. Я пачаў звязвацца з арыштаванымі, расказваць, як у другіх турмах змагаюцца за паляпшэнне сваіх бытавых умоў. Акрамя вусных гутарак, патаемна ад наглядчыкаў на тонкай курыльнай паперы пісаў даклады на палітычныя тэмы, у якіх даваў парады зняволеным, як трэба змагацца. Неўзабаве ўсе запатрабавалі ад турэмнай адміністрацыі допуску ў астрог газет, кніг, паляпшэння харчавання і бытавых умоў. Нашы патрабаванні былі задаволены. Многія падпольшчыкі павета трапілі ў турму па даносе вядомага ў Пружанах агента паліцыі па прозвішчы Нотка. Гэты шпік невядома з якой мэтай апынуўся разам з намі. Палітзняволеныя вырашылі адпомсціць. Гэтую справу ўзяла на сябе наша камера № 4. Падчас прагулкі Нотку збілі да паўсмерці. За гэта нас пазбавілі на месяц газет і пасылак. Мяне пасадзілі на 7 сутак у карцар. Была ўзбуджана крымінальная справа, і ўсе мы былі асуджаны яшчэ на 6 месяцаў турмы”.
Цікава, што ў большасці ўспамінаў згадваюцца катаванні вязняў і ў той жа час расказваецца аб існаванні ў турме ячэек КПЗБ, прыняцці ў партыю, дзейнасці турэмнага камітэта, арганізаваных выступленнях зняволеных, падрыхтоўцы палітычных дакладаў, расправах над правакатарамі і абразах служачых турмы.
Заканчэнне будзе
Наталія Пракаповіч, галоўны захавальнік фондаў ДУК «Музей-сядзіба Пружанскі палацык»
На здымках: жэтон паліцэйскага 1930-я гг.
Будынак былой польскай паліцыі ў Пружанах. Фота 1941–1944 гг.
Турэмнае фота дзеяча КПЗБ Сцяпана Крысевіча. Пружаны, 30 жніўня 1933 г.
А.Р. Свяргун