З надыходам марознага надвор’я на шэрагу вадаёмаў раёна пачало з’яўляцца лядовае покрыва. Яно актывізавала аматараў падлёднай рыбалкі, прыцягвае і дзятву.
Але менавіта першы лёд тоіць сур’ёзную небяспеку. Як паказвае практыка, каб покрыва набыло трываласць і магло вытрымаць чалавека, моцным маразам неабходна працягвацца не менш за тыдзень. Зараз жа сітуацыя іншая, дзень-другі — і «мінус» змяняецца «плюсам». Больш таго, першы лёд адразу накрыў снег, з-за чаго ён ператвараецца ў сапраўднае «міннае поле»…

У гэты час грэбаванне мерамі перасцярогі і правіламі паводзін на лёдзе вельмі небяспечна. Таму, па-першае, на гульні сваіх дзяцей павінны звярнуць увагу бацькі, каб у іх дом не прыйшла трагедыя. Па-другое, пакуль варта адкласці выезд на падлёдную рыбалку яе аматарам.
Раённае таварыства выратавання на водах нагадвае: згодна з распараджэннем райвыканкама, з мэтай забеспячэння бяспекі і папярэджання няшчасных выпадкаў на вадаёмах Пружаншчыны ў зімовы перыяд выхад на лёд у час ледаставу забараняецца да таго часу, пакуль таўшчыня покрыва не дасягне сямі сантыметраў.
Выконвайце элементарныя правілы бяспекі, не пераходзьце па возеры з мэтай скараціць дарогу. Не адыходзьце далёка ад берага, а на рыбалку абавязкова бярыце з сабой выратавальныя сродкі.
Юрый Амельянчук, старшыня раённага ТВВАД. Фота Алега Сідарэнкі