Суббота, 26 апреля 2025

«Тандем» учительский и семейный

803

Ведаю шмат прыкладаў адданага служэння лю-дзей любімай справе. Адзін з іх – сямейны “тандэм” узорных настаўнікаў Мураўскай сярэдняй школы Уладзіміра і Валянціны Саўчукоў. Агульны працоўны стаж у іх – 80 гадоў! Жывуць Саўчукі ў вёсцы Папялёва і амаль кожны дзень спяшаюцца на сустрэчу са сваімі любімымі вучнямі і калегамі.


— Вядома, ад Папялёва да Муравы – не рукой падаць, — усміхаецца настаўніца пачатковых класаў і па сумяшчэнні бібліятэкар школы Валянціна Мікалаеўна. – Але заўсёды “ляцім” сюды з добрым настроем: калектыў наш, якім кіруе сапраўдны знаўца сваёй справы Алена Мікалаеўна Хоміч, вельмі дружны, а вучні радуюць стараннем і поспехамі.

Што цікава, жанчына ніколі не марыла стаць настаўніцай. Але лёс распарадзіўся па-свойму. Пасля заканчэння Папялёўскай СШ ураджэнка вёскі Боркі ўладкавалася на працу на адну з брэсцкіх фабрык. Здавалася, што з сельскім жыццём скончана раз і назаўжды. Але дзе там?! Прыехала на першы вечар сустрэчы з выпускнікамі і іншымі вачыма паглядзела на свайго школьнага настаўніка фізічнай культуры… Што тычыцца Уладзіміра Васільевіча Саўчука, то да той лёсавызначальнай сустрэчы ўраджэнец в.Жагалы паспеў скончыць Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры і нават адслужыць у войску…
Маладыя ўзялі шлюб, і ў тым жа 1982 годзе Уладзімір паступіў на завочнае аддзяленне Брэсцкага педінстытута, праз шэсць год гэтак жа зрабіла і Валянціна. Так нараджаўся новы сямейны дуэт настаўнікаў…

У папялёўскай школе Валянціна Мікалаеўна спачатку працавала бібліятэкарам, потым выхавальніцай групы падоўжанага дня, старшай піянерважатай і нарэшце — настаўніцай пачатковых класаў.
— Увесь час праводзіла з дзецьмі: і чужымі, і сваімі, — расказвае жанчына. — Дачка з сынам не паўтарылі наш прафесійны выбар: Людміла пасля заканчэння медыцынскага каледжа жыве і працуе ў Мінску, а Дзмітрый атрымаў юрыдычную спецыяльнасць у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі і захапіўся прадпрымальніцтвам…
Дванаццаць гадоў таму, калі Папялёўская школа закрылася, пачалася мураўская “эпапея” Саўчукоў.
— Кожны дзень, калі праязджаем міма будынка былой школы, у мяне сэрца шчыміць: калісьці школа “гудзела”, як рой, ад вялікай колькасці вучняў, а цяпер толькі вецер у калідорах свішча, — сумуе Валянціна Мікалаеўна.
— Да нядаўняга часу падчас канікулаў у Папялёве яшчэ дзейнічаў аздараўленчы лагер. А зараз, на жаль, у вёсцы “пасяліліся” цішыня, пустэча і сум, — згаджаецца з жонкай Уладзімір Васільевіч.
Сёння мужчына паспявае працаваць на некалькі «франтоў»: у Мураўскай школе вядзе ўрокі фізічнай культуры і па асновах бяспекі жыццядзейнасці, а таксама кіруе аб’яднаннем па інтарэсах “Юны інспектар”. Акрамя таго, займаецца яшчэ працоўным навучаннем з вучнямі Сухопальскага ВПК.
Адметна, што, дзе б Уладзімір Васільевіч ні працаваў, яго выхаванцы займалі і працягваюць займаць прызавыя месцы на раённых і нават абласных спаборніцтвах: то ў штурханні ядра сярод першых, то ў бегу. А нядаўна мураўцы ў складзе раённай каманды вылучыліся на абласных турнірах па валейболе і шахматах.

— Калі такая аддача, ці станеш шкадаваць, што штосьці часам адбываецца не так, як хочацца? – сцвярджаюць Уладзімір і Валянціна Саўчукі. – Так, сёння ў настаўніка, на жаль, значна больш «папяровай» работы, чым раней, дзеці іншыя, бацькі іншыя, увогуле грамадства змянілася ў чымсьці не ў лепшы бок. Але мы за ўсё ўдзячны лёсу: за сустрэчу, за дзяцей, за чатырох унукаў! Хутка пойдзем на пенсію – і ў нашым жыцці пачнецца новы, упэўнены, не менш цікавы віток…

Алена Зялевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).