У спадчыну ад продкаў дасталася нам нямала святаў. Прыпадаюць яны на розныя сезоны, дні месяцаў і нават святкуюцца па-свойму. А вось падобныя ўсе яны ў тым, што ў атмасферы добрага настрою і весялосці знікаюць розныя спрэчкі, дзяльба паміж людзьмі. Адно з такіх святаў — Масленіца, з якой заканчваецца зіма і народ сустракае вясну.
Штогод традыцыйна ў нядзелю, якая завяршае масленічны тыдзень, на гарадской плошчы ля Палаца культуры арганізуецца маштабнае мерапрыемства. Заслуга ў стварэнні святочнай атмасферы, якая штогод сустракае гараджан, належыць работнікам культуры, райспажыўтаварыства, камунальнай службы, індывідуальным прадпрымальнікам і прадстаўнікам розных іншых арганізацый. І трэба адзначыць, што сёлета ўсёй названай грамадзе ўдалося стварыць неардынарнае мерапрыемства, якое запомніцца многім.
Не стану пералічваць тое, што пабачылі многія гараджане. Многія — ды не пераважная большасць. Таму раскажу пра тое, што не змаглі пабачыць лянівыя, якія вырашылі правесці нядзелю дома.
Па-першае, яны не змаглі парадавацца добраму надвор’ю, якое ўпершыню за шмат папярэдніх гадоў павесяліла народ, які на плошчы сустракаў вясну. Ні дажджу, ні снегу, ні пахмурнага неба, ні моцнага ветру, і сонейка было па-веснавому цёплым.
Па-другое, яны не змаглі паслухаць новыя выступленні самадзейных артыстаў і творчых калектываў гарадскога Палаца культуры і іх калег з аўтаклуба, Ліноўскага і Мокраўскага СДК. Паміж песнямі і танцамі былі арганізаваны гульнявыя блокі, у якіх прымалі ўдзел як маленькія гледачы, так і дарослыя. Зразумела, што ўсе атрымлівалі смачныя падарункі.
Напрыклад, той, хто лічыў сябе самым дужым, мог бы паспрабаваць штурхнуць гіру ў 32 кілаграмы. І пабіць рэкорд жыхара аг. Харава Анатоля Чатырбока, якому ўдалося зрабіць гэта ажно 13 разоў.
І па-трэцяе, тыя, хто паленаваўся, не ўбачылі самую відовішчную дзею — пакарэнне масленічнага слупа. Упершыню сёлета ён застаўся амаль няскораным. Толькі гараджаніну Андрэю Ткачову ўдалося дабрацца да самай вярхушкі і зняць прыз. Астатнія пакункі так і засталіся наверсе. Дайшло нават да таго, што «скончыліся» хлопцы і на слуп спрабавалі залезці дзяўчаты, чаго ўвогуле не было падчас святкавання Масленіцы.
Парадавалі і прадпрымальнікі, якія гандлявалі сувенірамі. Прыехалі адразу два вялікія белыя мядзведзі — роставыя лялькі, з якімі мог сфатаграфавацца або патанчыць любы жадаючы. А побач разгарнулася цэлая алея з букетаў цюльпанаў, руж і іншых кветак, продаж якіх таксама быў актуальны ў гэту нядзелю, якраз напярэдадні Міжнароднага жаночага свята — 8 Сакавіка.
На гэтым скончым пералічваць падзеі, якія не змаглі пабачыць дамаседы. А вось сотні гараджан, якія правялі некалькі гадзін на свежым паветры ды пад сонечнымі промнямі, атрымалі сапраўдную асалоду. Ад смачных бліноў, шашлыкоў і іншых свежых, літаральна з печы, страў. Няспынна іх пяклі повары філіяла райспажыўтаварыства і настолькі ўдала, што запасу так і не нарабілі. Радуе толькі, што праз год мы зноў атрымаем такую ж магчымасць. Да сустрэчы, Масленіца!
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
Яшчэ больш фотаздымкаў: https://ok.ru/budni/album/936839235976