Пружанскія энергетыкі заявілі пра сябе на рэспубліканскім узроўні. Што цікава, не ў прафесійным конкурсе, а ў творчым.

Рэспубліканскі галіновы агляд-конкурс аматарскай мастацкай творчасці сярод работнікаў энергетыкі, газавай і паліўнай прамысловасці, прысвечаны Году міру і стварэння, праходзіў у Полацку. Нашы электрасеткі на ім прадстаўляў творчы самадзейны калектыў — ансамбль з цікавай назвай «Пружанская карусель».
Тонкасці танцавальнай навукі работнікі філіяла «Пружанскія электрасеткі» Данііл Магілёў, Мікалай Ніпарка, Ганна Братчук і Ірына Літвінчук спасцігаюць пад кіраўніцтвам Аксаны Ільюшонак. Так, менавіта мастацкі кіраўнік дзіцячага ўзорнага ансамбля танца «Круцёлачкі» на гэты раз працавала з дарослымі людзьмі. Аксана Васільеўна распавяла:
— Танцавальнаму квартэту «Пружанская карусель» ужо два гады, і вельмі прыемна, што за плячыма ёсць перамогі. Як усё пачыналася? У 2021-м, напярэдадні прафесійнага свята энергетыкаў, было вырашана падрыхтаваць танец для віншавання калег. Так і сфарміравалася каманда. Прадстаўнікам нашага квартэта было цікава паказаць нумар дзесьці яшчэ — адправіліся на абласны агляд-конкурс у Брэст. Ізноў, як і на канцэрце з нагоды прафесійнага свята, гледачы і журы былі ў захапленні. Таксама сталі пераможцамі і атрымалі пуцёўку на рэспубліканскі этап. З Даніілам, Ганнай, Мікалаем і Ірынай заўсёды лёгка. Вельмі прыемна працаваць з творчымі людзьмі, якія літаральна гараць ідэяй, працуюць на дасягненне максімальнага выніку, — расказала Аксана Васільеўна.

Па выніках рэспубліканскага этапу «Пружанская карусель» атрымала масу станоўчых водгукаў і вярнулася з дыпломам другой ступені ў намінацыі «Ансамблі. Эстрадны і сучасны бальны танец».
Віншуем аматарскі калектыў, дасягненні якога даказваюць, што мастацтва танца падуладна ўсім!
Уладзіслаў Шпарла. Фота прадастаўлена Аксанай Ільюшонак