Пятница, 23 мая 2025

Танцавальная казка: у Пружанах у 12-ы раз адбылося рэгіянальнае свята-конкурс «Магія танца» (+многа фота)

357

У мінулую нядзелю сцэнічная пляцоўка Палаца культуры пераўтварылася ў сапраўдную казку. 12-ты раз на пружанскай зямлі прайшло адкрытае рэгіянальнае свята-конкурс харэаграфічнага мастацтва «Магія танца».

У гэты дзень гарадскі Палац культуры акунуўся ў атмасферу захапляльнага танцавальнага дзейства. Пралогам мерапрыемства стаў маляўнічы флэшмоб, які аб’яднаў усіх удзельнікаў конкурсу на вулічнай пляцоўцы. А на сцэну выйшлі толькі лепшыя з лепшых, тыя, хто прайшоў сур’ёзны адбор на месцах. Юныя таленты спаборнічалі ў пяці ўзроставых катэгорыях, дэманстравалі свае таленты ў васьмі намінацыях: народны, эстрадны, сольныя танцы, сучасная харэаграфія, танцавальныя дуэты і інш. Геаграфія ўдзельнікаў сёлета значна пашырылася. Пазмагацца за прызавыя месцы прыехалі прадстаўнікі не толькі з Брэсцкай, але і Гродзенскай абласцей. Для многіх калектываў пружанская сцэна стала даўно звыклай, а некаторыя ўдзельнікі прыехалі на конкурс упершыню.

— Прыемна, што з кожным годам жадаючых прыняць удзел у свяце-конкурсе ўсё больш. У гэтым годзе ў нас 10 калектываў-дэбютантаў: з Ружан, Маларыты, Ваўкавыска, Радваніцкага і Калядзіцкага СДК, з абласнога цэнтра. Упершыню прыехаў калектыў Брэсцкага кадэцкага вучылішча. Таксама ёсць і пастаянныя ўдзельнікі, якія заўсёды дэманструюць масавыя і відовішчныя нумары. Напрыклад, народная студыя сучаснага танца «Тандэм» Камянецкага ДК, Кобрынская ўзорная цыркавая студыя «SUN RAY». Іх выступленні мы заўсёды чакаем з нецярпеннем. Здаецца, што мы ўсё ўжо бачылі і ўсё ведаем, але кожны раз не перастаём здзіўляцца майстэрству харэографаў-пастаноўшчыкаў і таленту артыстаў, — дзеліцца ўражаннямі член журы, харэограф Палаца культуры Марына Чапялевіч.

Гэтае свята таксама з нецярпеннем чакаюць гараджане і госці горада. У глядзельнай зале сапраўдны аншлаг, што называецца, няма дзе яблыку ўпасці. Падтрымаць канкурсантаў прыехалі не толькі іх сябры і бацькі, але і аматары харэаграфічнай творчасці з усёй акругі. Сапраўдныя цуды, неверагодныя акрабатычныя эцюды дэманстравалі ўдзельнікі ўзорнай цыркавой студыі «SUN RAY» з г. Кобрына. Яркія незабыўныя нумары паказалі ўзорны ансамбль народнага танца «Каруначкі» Жабінкаўскага ДК і ўзорная студыя «Гарачы лёд» з г. Ваўкавыска. Маленькія зорачкі падрыхтоўчай групы ўзорнага ансамбля народнага танца «Круцёлачкі» Пружанскага ГПК пакарылі сэрцы гледачоў харэаграфічнай кампазіцыяй «Маскоўская кадрыля», а ўдзельнікі ўзорнага ансамбля эстраднага танца «Рубікон» з кампазіцыяй «Вяртайся» прымусілі трапятаць сэрцы гледачоў.

— Я ўвесь час прыходжу на гэта цудоўнае свята танца, і ўражанні самыя ўзнёслыя. Хочацца адзначыць наш калектыў «Рубікон». Танцоры заўсёды на вышыні, узровень майстэрства, як бачна, расце, яны сапраўдныя прафесіяналы. Выступаць на роднай сцэне заўсёды хвалююча і адказна, але і з гэтым яны справіліся на выдатна. Часцей бы праводзіць такія мерапрыемствы, калі і душа цешыцца, і сэрца спявае, — кажа глядачка Тамара Ганчарук.

З кожнай гадзінай запал разрастаўся. Яркія, цікавыя нумары, сцэнічныя касцюмы, незвычайныя музычныя кампазіцыі не пакінулі абыякавымі ніводнага гледача. А вось членам журы трэба было аб’ектыўна выбраць з такой колькасці талентаў самых-самых. Конкурсная праграма працягвалася некалькі гадзін, і для падвядзення вынікаў спатрэбіўся працяглы час.

— Сапраўды, сёння перад намі стаяла няпростая задача. З 45 калектываў выбраць найлепшых у кожнай намінацыі было вельмі складана, — падкрэсліў старшыня журы, начальнік аддзела культуры райвыканкама Канстанцін Панімаш. — Усе нумары відовішчныя, касцюмы адпавядаюць музычным пастаноўкам, сцэнічныя вобразы падабраны з густам, прадуманы ўсе дробязі і дэталі. Адчуваецца прафесійная падрыхтоўка, велізарная выкладка і самааддача. Мы проста ў захапленні ад убачанага. Такое пачуццё, што ў наш горад прыехалі артысты сапраўднага мюзікла. Усім вялікі дзякуй за выдатны настрой і пазітыў.

Свята танца прайшло літаральна на адным дыханні. Па выніках конкурсу пружанскія «зорачкі» таксама ў ліку прызёраў. У намінацыі «Сольны танец» (9-13 гадоў) на вяршыню п’едэстала падняліся ўдзельнікі ўзорнага ансамбля эстраднага танца «Рубікон». У намінацыі «Эстрадны танец» (змешаная група) у «Рубікона» таксама першае месца. Адным з лідараў у выкананні народнага танца стаў калектыў «Забава» (14-17 гадоў) Кляпацкай дзіцячай школы мастацтваў, ва ўзроставай катэгорыі (9-13 гадоў) яны таксама былі першыя. У гэтай жа намінацыі змешаная група ўзорнага ансамбля народнага танца «Круцёлачкі» таксама ў лідарах. Удзельнікі тэатра моды «Таямніца» Калядзіцкага СДК на конкурсе выступалі ўпершыню і адразу заваявалі 1-ае месца ў намінацыі «Дэфіле» (14-17 гадоў). Танцавальны калектыў «Нічога лішняга» (18 і старэйшыя) Ліноўскага СДК пакінуў за сабой сапернікаў у намінацыі «Сучасная харэаграфія». У гэтай жа намінацыі 1-ае месца ў выхаванцаў рознаўзроставай інтэграванай групы ДУА «Шаняўскі дзіцячы садок». Віншуем юных талентаў з заслужанай перамогай!

У гэты дзень ніхто не застаўся без увагі. Кіраўнікам танцавальных калектываў уручаны лісты падзякі, усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі памятныя падарункі.

Ірына Велясевіч.

Фота Кацярына Масік

Фотаальбомы тут: https://vk.com/album-23306785_304340078 і https://ok.ru/budni/album/983793688968