12 мая сямейная пара Цыпурка з Гарадзечна адзначыла залатое вяселле. 50 гадоў Мікалай Аляксандравіч і Таццяна Іванаўна клапатліва, з павагай і пяшчотай нясуць сваё каханне праз жыццёвыя буры і выпрабаванні лёсу, пад-трымліваюць і шануюць адзін аднаго. Мы сустрэліся з сям’ёй Цыпурка, каб даведацца пра сакрэт такіх трывалых адносін.

Мікалай Аляксандравіч быў трэцім дзіцём у сям’і, што жыла ў вёсцы Брантоўцы. Скончыўшы Зельзінскую сямігадовую школу, падлетак паступіў у Ваўкавыскі сельскагаспадарчы тэхнікум, але забраў дакументы… дзеля прыгод.
— Мне захацелася спазнаць сябе, кінуць выклік невядомасці, сутыкнуцца з дарослымі выпрабаваннямі. І ўвачавідкі пабачыць мора. Я вырашыў паехаць на вучобу ў горад Гусеў Калінінградскай вобласці, — пагружаецца ва ўспаміны Мікалай Цыпурка. — Мне зусім не было страшна, а як ужо бедныя бацькі плакалі: у 14 год адпраўляць сына за край свету… Ды што вы думаеце, я сабе кампанію сабраў! Падбіў на пераезд сябра і яшчэ дзвюх дзяўчат.
У Гусеве юнак адвучыўся на ветфельчара. Потым трапіў у армію, а пасля службы вярнуўся на радзіму.
— Я пачаў працаваць у вялікім на той час саўгасе «Светлы шлях», цяпер гэта ААТ «Ружаны-Агра». Увогуле, мне пашанцавала, калі я адразу пасля арміі ўладкаваўся туды на працу. Мяне прымала вельмі разумная жанчына — дырэктар Надзея Васільеўна Падліпская. Яна не перашка-джала маладым спецыялістам раскрывацца, вельмі дапамагала і была сапраўды спагадлівым кіраўніком. У тым ліку з-за добрых адносін з боку адміністрацыі мне вельмі падабалася мая праца, і я вырашыў працягваць развівацца ў гэтым накірунку: паступіў у Віцебскі ветэрынарны інстытут і завочна атрымаў адпаведную адукацыю, — расказвае былы
ветурач.
Праз пэўны час Мікалай Аляксандравіч перавёўся ў калгас імя Чапаева, які знахо-дзіўся ў вёсцы Бакуны-1. Акурат у гэтым таварыстве працавала бухгалтарам яго будучая жонка Таццяна Іванаўна. Але не чакайце казачнай гісторыі пра каханне з першага погляду.

Таццяна была завадной, вясёлай дзяўчынай, якая вельмі прыгожа спявала, прымала ўдзел у мастацкай самадзейнасці, выступала як і ў складзе калектываў, так і сольна. (Да слова, жанчына і цяпер спявае ў хоры Свята-Пакроўскага храма, які ў свой час быў адноўлены за пяць месяцаў з дапамогай Мікалая Аляксандравіча.)
— Спачатку Коля не вельмі звяртаў на мяне ўвагу, ды і я не вельмі сур’ёзна яго ўспрыняла. У Колі быў вялікі матацыкл, пасадзіць туды дзяўчат пяць, а то і болей: катаюцца, смяюцца. Зразумела, мне ўжо месца не хапала, але і я ў сваю чаргу не была абдзелена ўвагай хлопцаў, — расказвае Таццяна Цыпурка. — Думала пра яго: нейкі вырвус! Тую ўшчыпне, тую скубане, тую заказыча. Словам, паводзіны ў яго былі нездавальняючыя!
З цягам часу маладыя людзі ўсё ж пачалі сябраваць, а потым закахаліся адзін у аднаго.
Пытаемся ў Мікалая Аляксандравіча, чаму ж з мноства розных дзяўчат ён абраў менавіта Таццяну Іванаўну.
— Вялікім плюсам было тое, што Таня за мной не бегала. Яна была даволі сціплая і вельмі прыгожая. А якая файная ў яе была каса, як кажуць, да пояса. Так, я, дарослы мужчына, цягаў яе за коскі: так спадабалася, запала ў душу, — усміхаецца галава сям’і. — Яшчэ прывабліваў талент. Спявала яна неверагодна, ды і цяпер не горш. А мая маці, дарэчы, заўсёды хацела, каб хаця б адна з яе нявестак спявала. Я і гэта ўлічыў.
— Пры ўсіх сваіх недахопах Коля быў вельмі прыгожы. Ой, дзяўчаты зайздросцілі, нац-коўвалі, што ён, маўляў, такі, што на ім скура гарыць, нічога ладнага з ім не будзе. Але, здаецца мне, самі хацелі апынуцца на маім месцы, — зазначае Таццяна Іванаўна.

Маладыя людзі ўступілі ў шлюб 12 мая 1973 года. Таццяне было 22 гады, Мікалаю — 29.
— Вяселле было сціплым. Ехалі святкаваць на радзіму Колі ў старой грузавой машыне, пад завязку набітую гасцямі так, што мы, галоўныя героі свята, вымушаны былі стаяць на працягу 82 км, — усміхаецца жанчына.
У Бакунах маладая сям’я атрымала ад калгаса цудоўную кватэру з усімі зручнасцямі. Мікалай Аляксандравіч восем год працаваў у калгасе галоўным ветурачом. Там яго ў 1975 годзе прынялі ў партыю.
Кіраўніцтва, улічваючы старанную працу Мікалая Цыпуркі, вырашыла даць яму магчымасць кар’ернага росту. Так малады мужчына стаў сакратаром партарганізацыі ў калгасе імя Дзяржынскага з цэнтрам у вёсцы Гарадзечна. Таксама ў склад калгаса ўваходзілі вёскі Сасноўка, Жабін, Харкі, Паддубна, Лібія, Прылутчына.
— Мне шчыра сказалі, што калгас у Гарадзечне ў не вельмі добрым стане. Маўляў там патрабуюцца людзі, якія маглі што-небудзь зрушыць з месца. Я і вырашыў праверыць свае лідарскія якасці. Тым больш што спачатку гутарка ішла толькі пра трохгадовую «камандзіроўку». Ды штосьці тры гады зацягнуліся, — усміхаецца Мікалай Аляксандра-віч.
5 верасня 1979 новаспечаны сакратар партарганізацыі прыбыў у Гарадзечна. Праз год прыехала жонка з дзецьмі.
— Шкада было з’язджаць з родных Бакуноў у невядомасць. Памятаю, едзем, дарогі ніякая. Дабраліся да месца, а там ніякіх зручнасцяў. Але я не скардзілася. Жылі, як усе, гаспадарку немаленькую трымалі, — узгадвае Таццяна Іванаўна.
— Наш цяперашні дом паклаў пачатак новай вуліцы. Раней тут было поле з трыма грушамі. І паміж тых дрэў былы старшыня паставіў фінскі до-мік. Мы ўжо дарабілі яго, нанова будавалі сваё сямейнае гняздзечка, — кажа мужчына.

У 1981 годзе Мікалай Аляксандравіч быў назначаны старшынёй калгаса імя Дзяржынскага. Калі заняў кіруючую пасаду, у Гарадзечне з’явіўся дзіцячы садок, медыцынскі пункт са стаматалагічным кабінетам, пошта. Таксама яго намаганнямі на тэрыторыі калгасных вёсак быў праведзены водаправод.
Мікалай Аляксандравіч стараўся дапамагаць людзям, «выбіваў» кватэры спецыялістам, маладым кадрам, быў насамрэч неабыякавым да сваіх падначаленых.
— Мы ніколі не выдзяляліся сярод нашых аднавяскоўцаў. Як усе, капалі бульбу, палолі буракі, пасвілі кароў. Памятаю, аднойчы да маёй сяброўкі прыехала маці са Столінскага раёна і пытае яе: «А дзе ж то жонка старшыні жыве, як выглядае?» Я якраз ехала міма на веласіпедзе — везла траву свінням. Сяброўка і кажа, маўляў, во, паехала. Яе маці была шчыра здзіўлена, казала: «Наша старшыніха на кожным пальцы пярсцёнкі носіць, а ў вашых нават машыны няма. Нейкае дзіўнае ў вас кіраўніц-тва», — усміхаецца гаспадыня.
На працягу 20 гадоў Мікалай Цыпурка кіраваў калгасам, а пасля яшчэ чатыры гады быў старшынёй сельскага Савета дэпутатаў. Там жа, да самага яго закрыцця, працавала сакратаром Таццяна Іванаўна.
— Апроч іншага, у мае абавязкі ўваходзіла рэгістрацыя шлюбаў. Памятаю, урачыста жадала маладым дажыць да залатога вяселля, а сама думала: якое ж гэта мастацтва і нялёгкая праца — пражыць у згодзе 50 гадоў! А вось і сама дасягнула гэтага, — усміхаецца Таццяна Цыпурка.

У сумленных, чэсных бацькоў нарадзіліся такія ж дзеці. Дачка Валянціна кіруе службай «адно акно» ў Жабінкаўскім райвыканкаме, сын Аляксандр працуе ў адным са сталічных філіялаў «Белпошты» вадзіцелем-паштальёнам. Таксама пара Цыпурка мае трох любімых унукаў.
— Дзяцей ніколі не каралі. З нагоды любой правіны я стараўся патлумачыць малым, дзе была дапушчана памылка і ў чым яе сутнасць. Таму і яны цяпер разумеюць, што трэба размаўляць з роднымі, выказваць свае думкі адзін аднаму, — дзеліцца жыццёвай мудрасцю Мікалай Аляксандравіч.
Майстэрствам разумець блізкага чалавека валодала і гаспадыня дома.
— Я па натуры больш дзёрзкі і імпульсіўны, да таго ж з-за нялёгкай працы быў увесь час на нервах. Усё ж такі займаў пасаду, адчуваў адказнасць. Бывала, прыходзіў дадому і сам у сабе замыкаўся, моўчкі астываў, — шчыра кажа суразмоўца. — Як Таня мудра паступала! Яна была цярплівай, бачыла, разумела, што мне няпроста, і не даймала пытаннямі ці прэтэнзіямі. Я ніколькі не памыліўся, што абраў менавіта яе. Цудоўная гаспадыня, клапатлівая і пяшчотная жонка, маці, бабуля. Апошняе дзеля сям’і аддаць гатова.
Мікалай Цыпурка ўпэўнены, што захоўваць гармонію ў сям’і не так і цяжка. Галоўнае, па яго меркаванні, паважаць адзін аднаго. Трэба памятаць, што твая палавінка — гэта паўнавартасная асоба са сваім светапоглядам, характарам, думкамі. І не забываць пра крыўду і боль, якую можна нанесці каханаму чалавеку сваёй агрэсіяй.

Парада ад мудрага сем’яніна была простая: стрымлівайце негатыўныя пачуцці і майце халодную галаву. Падтрымала яго і жонка.
— Калі абое — бурлівыя халерыкі, прымярэння не чакай. Каб каса не найшла на камень, камусьці трэба быць разумнейшым. І тады ў каханні, шчасці, узаемаразуменні будуць плыць гады цудоўнага жыцця, — з усмешкай паглядае на мужа Таццяна Цыпурка.
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік