Понедельник, 13 января 2025

Таленавітых дзяцей раёна на адной сцэне сабрала «Лесвіца поспеху» (+ фота)

373

Традыцыйнае раённае свята дзіцячай творчасці «Лесвіца поспеху» сёлета змяніла пляцоўку — месцам правядзення стаў амфітэатр у гарадскім парку — але не здрадзіла сваёй мэце. А яна простая, але такая важная: з нагоды Дня абароны дзяцей праз творчасць нагадаць, што ўсе дзеці сапраўды розныя, але ў кожным хаваецца свой талент, які неабходна выявіць і якому трэба дапамагчы рэалізавацца.

Творчых, апантаных хлопчыкаў і дзяўчынак у гэты дзень і ў адным месцы было сапраўды многа. Значнай падзеяй падчас свята стала ўзнагароджанне пераможцаў пятага раённага мастацкага конкурсу імя Алены Лось «Зямля бацькоў — мая зямля», які праводзіла раённая дзіцячая бібліятэка. Пра яго вынікі мы абавязкова раскажам у бліжэйшых нумарах.

Дзіяна Крэтава і юная спявачка Валерыя Пахар, якая займаецца вакалам у Старавольскім СКБ.

Але гэта далёка не адзіныя ўзнагароды, якія ў мінулую нядзелю ўручаліся на сцэне амфітэатра. Грамату атрымаў кожны з удзельнікаў святочнага канцэрта, а гэта як сольныя выканаўцы з розных населеных пунктаў Пружаншчыны, так і танцавальныя калектывы. Сабраў усіх на адной пляцоўцы Пружанскі гарадскі Палац культуры, а вядучыя Ганна Жук і Дзіяна Крэтава настроілі на атмасферу пазітыву і дружалюбнасці. Былі тут гульні, паказ калекцыі студыі моды, працавалі шматлікія выставы, побач з імі — атракцыёны, марожанае і салодкая вата.

Цудоўным і яркім завяршэннем штогадовага дзіцячага свята стаў фестываль фарбаў. Няхай ваша лета, вашы канікулы і ўсё ваша жыццё, дарагія хлопчыкі і дзяўчынкі, будзе такім жа яркім!

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы даступны па спасылках: https://vk.com/album-23306785_293523652 і https://ok.ru/budni/album/962300842120