Дзеці — самая неабароненая частка грамадства, якая не павінна заставацца без нагляду і апекі з боку дарослых. Малыя маюць патрэбу не толькі ў ведах і якасным выхаванні, але, перш за ўсё, у любові і пяшчоце. Такой жа думкі прытрымліваецца Ірына Ярамчук з аг. Калядзічы — маці чацвярых уласных дзяцей, якая стала анёлам-ахоўнікам яшчэ для двух хлопчыкаў.
— Я сама таксама са шматдзетнай сям’і, — пачынае свой аповед жанчына. — Калі стала дарослай, то заўсёды падкрэслівала, што ў мяне будзе толькі два дзіцяці. Лёс у гэты момант, напэўна, ціхенька смяяўся — я выгадавала дачку, трох сыноў і ўжо двойчы бабуля.
У 2007 годзе Ірына Аляксандраўна ўпершыню пабачыла хлопчыка Мікіту. Жанчына са сваім дзевяцігадовым сынам Васілём прыехала ў адну, скажам так, нядобранадзейную сям’ю, каб дапамагчы рэчамі і прадуктамі. Тут і адбылася іх першая сустрэча: на падушцы ціхенька ляжала бруднае немаўля. Мікіце тады было чатыры з паловай месяцы, і быў ён відавочна маленькі для свайго ўзросту. Такое жаласлівае становішча не схавалася ад пільнага дзіцячага позірку. Вася тут жа пасыпаў пытаннямі, але Ірыну Аляксандраўну асабліва ўразіла наступнае: «Мама, давай мы яго забярэм». Гэта пачулі бацькі Мікіты і… вельмі абрадаваліся прапанове малога госця. Тым больш, што «зараз у іх шмат працы, якой дзіця замінае»…
Дамовіліся, што аддадуць дзіця на тыдзень, але вызначаны тэрмін скончыўся — і аказалася, што гора-бацькі… зніклі.
Для Ірыны Аляксандраўны пачаўся доўгі працэс «хаджэння па муках». Каб аформіць афіцыйнае ўсынаўленне, давялося пераадолець нямала цяжкасцей. Але аказалася, што гэта — яшчэ паўбяды. Жанчыну ўражвала тое, што дзіця ніколі не крычала. «Напэўна, слёзы скончыліся за першыя чатыры месяцы жыцця», — кажа яна. Спачатку ніякіх асаблівасцей у развіцці хлопчыка ўрачы не выяўлялі, але з цягам часу аказалася, што ў яго сур’ёзныя праблемы са здароўем. Мікіта атрымаў інваліднасць, у яго бываюць прыступы эпілепсіі, якіх вельмі баіцца прыёмная маці.
— Цяжка з лекамі. Мы ўвесь час на прэпаратах, а яны не заўсёды ёсць. Вымушаны шукаць па ўсёй краіне і нават за яе межамі, а гэта пэўныя выдаткі. Але вядзём барацьбу, спадзяюся, што пераадолеем і гэтае выпрабаванне, — кажа яна.
Толькі ў 2013 годзе Ірына Аляксандраўна атрымала новы статус — прыёмная маці. А і без таго вялікая сям’я Ярамчукоў стала яшчэ большай: прынялі і роднага брата Мікіты — Дзіму пасля смерці яго бабулі, якая яго выхоўвала.
— Васьмігадовы Дзіма быў даволі «калючы». Справа ў тым, што ў бабулі хлопчык не ведаў слова «не», а калі ён прыйшоў да мяне, то сутыкнуўся з шэрагам забарон. Канешне, такія правілы не спадабаюцца дзіцяці, калі яно прывыкла да усёдазволенасці. Ён мяне не адразу ўспрыняў, але паступова, дзякуючы цярплівасці і вытрымцы, якія спатрэбіліся і яму, і мне, нашы стасункі былі наладжаны, і ўсталявалася каштоўная дзіцяча-бацькоўская сувязь. Дзіма ўвогуле добры хлопец. Ён ставіць перад сабой мэты і, што мне вельмі падабаецца, робіць усё для іх дасягнення. Так, напрыклад, у гэтым годзе Дзіма паступіў у Брэсцкі тэхнічны ўніверсітэт.
— Хлопчыкі ў мяне цудоўныя! — працягвае Ірына Аляксандраўна. — Праца на агародзе, у хаце — заўсёды дапамагаюць. Дзіма ў большай ступені, вядома, але і Мікіта стараецца. Мы заўсёды разам плануем сваю дзейнасць.
Ці было страшна браць на сябе адказнасць па выхаванні чужых дзяцей? Па меркаванні Ірыны Аляксандраўны, прыёмныя бацькі, у першую чаргу, павінны бескарысліва любіць узятае дзіця, не чакаць ад яго падзякі, а проста ўспрымаць як роднае. «Такія дзеці вельмі востра адчуваюць няшчырасць, таму галоўная задача дарослых — усім сэрцам іх палюбіць», — кажа яна.
Падчас нашага візіту ў Мікіты ішоў урок. Настаўніца Людміла Мікалаеўна наведвае яго дома. Яна працуе з хлопчыкам не першы год і адзначае, што ў яго навучанні бачны пэўны прагрэс.
— Мікіта дастаткова развіты. Зразумела, ёсць шэраг праблем, але хлопчык стараецца, — распавяла настаўніца.
А сам Мікіта дадаў, што любіць камп’ютарныя гульні. Вось сапраўдны сучасны падлетак!
У доме Ірыны Аляксандраўны пануе атмасфера добразычлівасці і спакою. Гаспадыня ўпэўнена, што толькі з дапамогай дыялогу могуць быць вырашаны любыя праблемы. Крык — гэта бессэнсоўны сродак зносін, таму яго трэба выключыць з ужывання. З разумення такіх простых ісцін і пачынаецца будаўніцтва грунтоўнага і надзейнага дому.
Паважаныя чытачы, у вас таксама ёсць магчымасць уладкавацца на працу прыёмных бацькоў, прыняць у сваю сям’ю дзіця з цяжкім лёсам, стаць анёлам-ахоўнікам для аднаго маленькага жыцця. За больш падрабязнай інфармацыяй звяртайцеся ў аддзел па адукацыі па тэлефоне 3-06-29.
І памятайце: кожны чалавек мае права на шчаслівае дзяцінства!
Юлія Янушка. Фота аўтара.