Воскресенье, 8 декабря 2024

Тайны библиосумерек, или Вокруг света за одну ночь

802

— Зноў хачу ў Парыж!
— А Вы там ужо былі?
— Не, але ўчора таксама марыла пра гэта…
Так, для многіх падарожжа — гэта толькі мара і нязведаныя эмоцыі. Гэта нібы крылы за спінай, здольныя пераўтварыць стомленых дарослых у вясёлых і бестурботных дзяцей. Але купіць гэтыя крылы можа дазволіць сабе далёка не кожны чалавек… І толькі некаторыя людзі ведаюць, што існуе асаблівы сакрэт: можна падарожнічаць па ўсім свеце, не затрачваючы велізарных сродкаў і нават не зазіраючы ў кашалёк. І гэтыя людзі — бібліятэкары. Менавіта яны ў мінулую пятніцу запрасілі ўсіх летуценнікаў горада да сябе, у раённую цэнтральную бібліятэку, на начны бібліякруіз па краінах і кантынентах, у якім, дарэчы, прыняць удзел пашчасціла і журналісту “раёнкі”. Шчыра кажучы, гэта было незабыўна.
“На развітанне” з радзімай усім гледачам прапанавалі паглядзець інсцэніроўку п’есы Янкі Купалы “Прымакі” ў выкананні таленавітых самадзейных артыстаў з бібліятэкі і сельскага ДК аг. Лінова. Потым нас запрасілі на ўмоўны мытны і памежны кантроль, прайсці які, на здзіўленне, аказалася вельмі проста. Дастаткова было рассмяшыць службоўцаў, прачытаўшы ім вядомыя гумарыстычныя вершы і беларускія прымаўкі. І нарэшце, ступіўшы на борт “самалёта” і заняўшы свае месцы па атрыманых квітках, мы адправіліся ў кругасветнае падарожжа…
Куды спачатку ляцім? Ну, вядома, — у Бразілію, на карнавал! Фантастычны парад касцюмаў ад прыгожых і тэмпераментных удзельніц узорнага падлеткавага клуба “Юніёр-Эрудыт-клуб” сапраўды дадаў яркіх колераў у наш палёт. Асабліва запомніўся ўбор «Дзіва мас-медыя», створаны са старых газет, старонак часопісаў і грашовых банкнот.

Натанцаваліся, развіталіся з гарачай краінай і адправіліся далей, у адну з самых цікавых, унікальных і прыгожых краін у свеце — Італію. Наўрад ці знойдзецца той, хто адважыцца аспрэчыць гэтае сцвяр-джэнне — Viva Italia! Bella! Bellissimo! У Італію мы закахаліся раз і назаўжды. Дзякуючы вядучым круіз-віктарыны, мы даведаліся пра яе багатую шматвекавую гісторыю. А што вы думалі! Больш за 16% сусветнай культурнай спадчыны знаходзіцца ў адным толькі Рыме. Храм Пантэон, Калізей, Рымскі і Імператарскі форум, лазні Каракалы, трыумфальныя аркі, базіліка Св. Паўла, Капіталійскі музей, Нацыянальны музей… Адным словам, спіс культурных і архітэктурных помнікаў Рыма, якія мы паглядзелі, набліжаўся да бясконцасці. А пасля Рыма нас чакала радзіма Леанарда да Вінчы і Мікеланджэла, Дантэ і Галілея – прыгажуня Фларэнцыя, дыялект якой лічыцца класічным італьянскім.

Далей паляцелі ў Венецыю, якая здалёк нам падалася казачным міражом, дзе кожны палац – вялікая архітэктурная каштоўнасць, дзе ўжо больш за 100 гадоў праводзіцца адзін з самых прэстыжных фестываляў свету мастацтва – Венецыянскае біенале, а таксама кінафестываль, падчас якога горад пераўтвараецца ў адну суцэльную чырвоную дывановую дарожку – ад наплыву зорак кіно і тых, хто жадае іх убачыць. Ну як тут не ўспомніць імёны акцёраў, якія нарадзіліся ў Італіі?! Што мы і зрабілі. Сафі Ларэн, Марчэла Мастраяні, Моніка Белучы, Рабэрта Беніньі і многія іншыя застануцца назаўсёды ў сэрцах прыхільнікаў іх неверагодных талентаў.
А як было не “сустрэцца” падчас круізу і са знакамітымі італьянскімі спевакамі і музыкантамі: Тота Кутуньё, Рыкарда Фольі, Эрас Рамазоці, Аль Бана, Раміна Паўэр і, вядома, Адрыяна Чэлентана? Згадзіцеся, няма такога чалавека, які б не ведаў ці не чуў хаця б адну італьянскую песню. Усе яны адрозніваюцца непаўторнасцю мелодыі, яскравасцю свайго гучання і запамінальнымі словамі. Таму ўсе “пасажыры бібліялайнера” з задавальненнем танцавалі і спявалі. А некаторыя з нас – нават па-італьянску: зачароўвалі спевамі сяброўкі клуба «Dolce vita», створанага пры Пружанскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пад кіраўніцтвам Марыны Кавальчук.
І нарэшце, пакаштаваўшы піцу, якую для ўсіх з любоўю прыгатавалі “сцюардэсы”-бібліятэкары, мы паляцелі далей. Бывай, непрыступны Ватыкан! Бывай, ганарысты Мілан! Бывай, рамантычная Верона! Lasciatemi cantare…

Далей мы праляталі над тэрыторыяй Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Бачылі, як унізе, сярод пясчаных барханаў, танцаваў узорны ансамбль эстраднага танца «Рубікон» (кіраўнік С.У. Салавей), разам з султанам слухалі казкі Шахеразады, пад якія не заўважылі, як заснулі і апынуліся… у загадкавай Японіі, дзе высокія тэхналогіі цесна перапляліся са светам таямнічага і неспазнанага, дзе домікі, пабудаваныя для духаў, суседнічаюць з хуткаснымі дарогамі, аўтобусныя прыпынкі ахоўваюцца каменнымі старажытнымі ідаламі, дзе ў любы момант, неасцярожна ступіўшы ўбок, можна патрапіць з шумнага мегаполіса ў царства духаў. А нам, і асабліва моладзі, увогуле пашанцавала: мы апыну-ліся на самай сапраўднай анімэ-вечарыне “Банзай!” з вельмі добрымі міфічнымі “духамі”, ваяўнічымі самураямі і цудоўнымі мультфільмамі Хаяо Міядзакі. Мы складвалі арыгамі, прымалі ўдзел у пастаноўцы японскага спектакля і… размаўлялі па-японску. Шчыра кажучы, атрымлівалася някепска. Вось паспрабуйце самі: “Токасё не ікебана!” Гэта азначае «толькі не рабіце з мяне ікебану».

Лёгкім атрымаўся і наш палёт аж у Вялікабрытанію, дзе для нас спявала Аляксандра Зубанава. Потым нас па-каралеўску сустракалі ў самай элегантнай сталіцы свету — у Парыжы. Пра бліскучы горад рамантыкаў і модніц, горад гістарычных раманаў і мюзіклаў праз свае вершы нам распавяла наша зямлячка Ніна Васільеўна Дыдышка.
Аднак на Францыі наша падарожжа не скончылася. Далей мы апынуліся ў Ізраілі. Пазналі гэтую краіну здалёк па характэрных інтанацыях эмацыянальнай яўрэйскай народнай музыкі ў цудоўным выкананні выхаванцаў Пружанскай ДШМ Аліны Чураковай і Івана Цімановіча. Пасля музычнай хвілінкі адразу накіраваліся ў сонечную Украіну, якая ўразіла нас не толькі прыгажосцю пшанічных палёў, нябеснай сінню неба і велічнымі Карпатамі, але і самабытнымі традыцыямі, народнай творчасцю.
Пакуль “ляцелі” над Польшчай, з задавальненнем праслухалі ўрывак з твора знакамітага ўраджэнца Пружаншчыны Юзафа Крашэўскага ў выкананні бібліятэкара Таццяны Радкевіч і нарэшце… вярнуліся дамоў.

І ведаеце што? Няхай нашай Беларусі і не ўласцівыя яркія фарбы Міжземнамор’я, экзотыка Афрыкі, тонкая хітрасць Усходу і еўрапейскі шык, яе ціхая чароўнасць бясспрэчна. Дзе яшчэ можна ўбачыць такія мяккія пералівы ранішняга неба над размытай лініяй гарызонту, такую зеляніну прывольна раскінутых палёў? Дзе яшчэ можна пачуць такі сумны крык журавоў і ажывіць сябе падбадзёрлівым водарам сасновага бору і роднай бульбачкі, запечанай у печы…
Алена Зялевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *