Вторник, 18 февраля 2025

Таццяна Аляхновіч: чакала сям’я і работа

917

На пытанне: «Ці свядома вырашыла жыць і працаваць у вёсцы?» — Таццяна Аляхновіч адказвае адмоўна. Да такога рашэння яе падштурхнулі жыццёвыя абставіны. У дзяўчыны пасля заканчэння Баранавіцкага каледжа лёгкай прамысловасці па спецыяльнасці «эканаміст» былі спадзяванні застацца ў вялікім горадзе, знайсці добра аплачваемую работу. Але гэта аказалася не так проста. Ды і замуж выйшла за аднавяскоўца,  працяглы час знаходзілася ў адпачынку па догляду дзіцяці.

20161123_1728

Аб тым, што так склалася жыццё, начальнік лабараторыі Аранчыцкага збожжапрыёмнага прадпрыемства ўвогуле не шкадуе.

— Разумею, што выбрала такую спецыяльнасць, для якой сёння знайсці вакансію вельмі складана, асабліва, калі патрабуецца вопыт работы,— расказвае Таццяна Мікалаеўна.

Давялося перакваліфікавацца спачатку ў тэхніка-лабаранта. Як успамінае, ёй вельмі пашанцавала трапіць у  калектыў, дзе маладых спецыялістаў гасцінна сустракаюць і аказваюць усю магчымую дапамогу. На працягу паўгода дзяўчына асвойвала азы новай спецыяльнасці пры падтрымцы калегі Ірыны Пухоўскай і начальніка лабараторыі З.С.Васілюк. Работа лабараторыі прадпрыемства звязана са збожжам, мукой, хлебам, а значыць, ставіцца да выканання сваіх абавязкаў трэба вельмі адказна, не дапускаючы памылак. Гэтаму і многаму іншаму ў сваёй практыцы вучылася Таццяна Мікалаеўна, асвоіла спецыяльнасць на высокім узроўні, зарабіла  аўтарытэт у калектыве і павагу ад кіраўніцтва, што дазволіла праз шэсць гадоў узначаліць гэты ўчастак.

За кароткі перыяд Т.М. Аляхновіч набыла многае з таго, што зараз шкада губляць. Гэта, па-першае, жыллё, пытанне з якім у сельскай мясцовасці вырашыць усё ж значна прасцей і дзешавей. Па-другое, работа знаходзіцца блізка ад дома, а значыць, на дарогу  не трэба губляць столькі часу, колькі на гэта марнуюць гараджане. Ёсць і іншыя перавагі, такія, як попыт на кваліфікаваных спецыялістаў, што зніжае канкурэнцыю, стабільны заробак, сярэдні ўзровень якога вышэйшы, чым у райцэнтры. Гэта моцна трымае на месцы і падтрымлівае пачуццё задавальнення ад таго, што так склаліся абставіны.

Хаця, як і большасці вясковых работнікаў, пакуль ёсць пра што пагараваць. Напрыклад, пра недаступнасць летняга адпачынку. Зразумела, што ў час жніва начальніку лабараторыі, як і ўсім работнікам Аранчыцкага збожжапрыёмнага прадпрыемства, даводзіцца працаваць літаральна «ад цямна да цямна». Такі ж напружаны ў сезон графік і ў мужа, які працуе механізатарам у ААТ «Ліноўскае». Таму адправіцца ў сумесную паездку падчас водпуску пакуль не атрымліваецца. Вольны час  бавяць  у сумеснай рабоце па гаспадарцы або перад экранам тэлевізара. Але Таццяна Мікалаеўна спадзяецца, што, калі дзеці падрастуць, абавязкова з’явяцца і іншыя сямейныя захапленні.

На думку нашай субяседніцы, вёска можа даць сёння больш перспектыў моладзі ў плане кар’ернага росту, вырашэння пытання з жыллём для стварэння сваёй сям’і. І гэта пацвярджаецца жыццёвымі прыкладамі.

Алег СІДАРЭНКА

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *