Суббота, 8 февраля 2025

Сюрпрыз ад «Беларускага саюза жанчын»: Дзед Мароз і Снягурка павіншавалі з надыходзячым святам пацыентаў дзіцячага аддзялення Пружанскай ЦРБ

493

Часам мы забываемся парадавацца простым рэчам, якія ўспрымаюцца як нешта зразумелае і відавочнае. Але, на жаль, жыццё падносіць нам «сюрпрызы» нават пад Новы год. У хваробы няма раскладу, але асабліва крыўдна за дзетак, якія захварэлі напярэдадні галоўнага зімовага свята і апынуліся ў бальніцы.

Зараз у педыятрычным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы знаходзяцца 18 дзетак, якія, нягледзячы на ўважлівасць, клопат і дапамогу медыцынскага персаналу, вельмі хочуць вярнуцца дадому.

Насупраць медыцынскага паста ў калідоры стаіць ялінка, арыгінальна прыбраная самаробнымі цацкамі. Ёлку аздобілі шарыкі, лялькі, сняжынкі, зробленыя ў мінулым годзе раённай арганізацыяй «БРПА» спецыяльна для аддзялення. Таксама на зялёнай прыгажуні можна пабачыць сапраўднае печыва і засушаныя долькі апельсіна. Але наўрад ці гэтая ёлка лепш за тую, што стаіць дома ў кожнага дзіцяці.

Падтрымаць дзетак вырашыла раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын». Старшыня раённай арганізацыі Наталля Чарэшка, яе намеснік Таццяна Гуторкіна і псіхолаг Ганна Мышкевіч разам з Дзедам Марозам і Снягуркай завіталі ў госці да дзяцей і апроч салодкіх падарункаў падарылі ім пазітыўныя эмоцыі і добры настрой.

— На жаль, існуе вялікая доля верагоднасці, што некаторыя дзеткі застануцца на Новы год у бальніцы, таму падобныя акцыі, безумоўна, дапамагаюць прыўнесці ў жыццё малых яркіх фарбаў, — заўважыла загадчыца аддзялення Ала Мацявіна.

Са словамі падзякі да работнікаў педыятрычнага аддзялення звярнулася Наталля Чарэшка. Яна адзначыла тытанічную працу ўсяго медыцынскага персаналу, намаганні, якія прыкладваюцца кожны дзень дзеля таго, каб дзеці былі здаровымі, і пажадала дабра, спакою і дабрабыту ў надыходзячым годзе. Таксама да віншаванняў далучыліся работнікі Палаца культуры.

Сустрэча з «Беларускім саюзам жанчын» атрымалася кранальнай і цёплай.

Мы ж верым, што галоўнае, самае зразумелае і шчырае жаданне дзетак — быць здаровымі — абавязкова здейсніцца да Новага года!

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік