Пятница, 17 января 2025

Сытна і смачна кормяць работнікаў у ААТ «Ліноўскае»

437

Магу з упэўненасцю сказаць, што на галодны страўнік не вельмі папрацуеш, бо думкі будуць скіраваны ў адным напрамку: вось каб зараз супчыку пасёрбаць! Які ўжо вынік ад такога работніка? Таму сельгаставарыствы імкнуцца забяспечыць сваіх працаўнікоў гарачым харчаваннем, у тым ліку і без адрыву ад работы, на палетках. Практыка даўно знаёмая, але ад таго не менш важная, бо тут вам і клопат пра здароўе людзей, і простая ўвага да працаўніка, якой нам часам не хапае. Трымаецца на пастаянным кантролі гэтае пытанне і на Пружаншчыне.

Падчас абеду на палетку каля вёскі Альшаны.

У ААТ «Ліноўскае» на сённяшні дзень поўным ходам ідзе нарыхтоўка кармоў. Дырэктар гаспадаркі Васілій Казмярчук на пытанне наконт забеспячэння работнікаў гарачым харчаваннем расказаў, што на дадзены момант у палявых умовах харчуецца 50 чалавек, яны забяспечаны абедамі і вячэрамі. Ёсць магчымасць перакусіць і ў самой сталоўцы, якая размешчана ў аг. Лінова. Дарэчы, яна аснашчана ўсім патрэбным сталовым абсталяваннем. Што да прадуктаў, то, як кажа Васілій Васільевіч, хлеб і булачкі, можна сказаць, «свае»: закупляюцца на Аранчыцкім хлебапрыёмным прадпрыемстве. Мяса таксама здалёк везці не трэба: гаспадарка сама займаецца гадоўляй бычкоў.

Падчас абеду на палетку каля вёскі Альшаны.

Штат сталовай — повар і дзве раздатчыцы, якія непасрэдна і задзейнічаны на развозе гарачай ежы. Усе тры жанчыны прайшлі медыцынскі агляд і атрымалі допуск на работу з прадуктамі харчавання.

Мы завіталі на палетак каля вёскі Альшаны, дзе ішла нарыхтоўка сенажу. Прыемна было бачыць, што мужчыны абедалі за раскладным сталом, седзячы на стульчыках. Як кажа Васілій Казмярчук, каштуе мэбля нядорага, а для людзей створаны ўмовы для нармальнага харчавання.

Раздатчыца Таццяна Балашук сочыць за тым, каб кожны работнік атрымаў сваю порцыю.

А што ж там даюць сёння смачнае і сытнае? Суп гарохавы, ячная каша са смажанінай і свежым памідорам, чай з булачкай. Прапаноўвалі і нам перакусіць, але неяк няёмка: нічога не зрабілі, а ўжо за стол. А вось ад булачак не адмовіліся, свежых, з разынкамі. Раздатчыца Таццяна Балашук расказала, што развоз абедаў пачынаецца ў 11.30 і заканчваецца прыблізна ў 13.30, за змену яна корміць 42 чалавекі.

За аператыўнасць дастаўкі абедаў адказвае вадзіцель Рыгор Балака. Ён як ніхто іншы ў гаспадарцы ведае ўсе шляхі пад’езду да палеткаў, на хаду зарыентуецца і падруліць так, што зручна будзе ўсім работнікам.

Повар Надзея Балака — незаменная работніца ў ААТ «Ліноўскае».

Павагай у кіраўніцтва сельгаставарыства карыстаецца і Надзея Балака — жонка вадзіцеля. Яна адпрацавала ў ААТ «Ліноўскае» 33 гады, з якіх 16 — поварам. Дырэктар гаспадаркі адзначае, што Надзея Васільеўна — вельмі адказная работніца. Яна заўсёды трымае рабочае месца ў ідэальнай чысціні, сама пры патрэбе зробіць касметычны рамонт. А што да страў, то сельгаставарыству вельмі пашанцавала. Жанчына гатуе вельмі смачна, стараецца меню рабіць разнастайным. Калі ў выхадныя дні пякарня Аранчыцкага ХПП не працуе, то і бліноў напячэ, і пончыкаў насмажыць.

Праца на зямлі патрабуе выкладання фізічных сіл, і немалых. Таму і клапоцяцца ў гаспадарках раёна, каб у работнікаў было пастаяннае папаўненне калорый. Сыты работнік — вялікая справа!

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік