Вторник, 18 февраля 2025

Сыры ОАО «Пружанский молочный комбинат» — «Лучший товар Республики Беларусь — 2016 года»

2 752

Пра вынікі дзейнасці любога прадпрыемства ў першую чаргу мяркуюць, зыходзячы з эканамічных паказчыкаў. А яшчэ лепш, калі не толькі лічбы радуюць, але і вырабляемая прадукцыя высока ацэньваецца спажыўцамі. І калектыву ААТ «Пружанскі малочны камбінат» вось ужо каторы год удаецца не проста працаваць з плюсам, але і дабівацца прызнання высокай якасці сыроў пад брэндам «Шчодрая масленіца».

Скарбонка дасягненняў ААТ «Пружанскі малочны камбінат» на працягу мінулага года папаўнялася рэгулярна. Лагічным завяршэннем чарговага перыяду сталі яшчэ дзве ўзнагароды па выніках рэспубліканскага конкурсу «Лепшы  тавар Рэспублікі Беларусь- 2016».

—Конкурс «Лепшы тавар Рэспублікі Беларусь» — адзін з самых прэстыжных у краіне.  ААТ «Пружанскі малочны камбінат» прымае ўдзел у ім ужо некалькі гадоў запар, — расказвае начальнік сыраробнага цэха Алена Карсюк. — І можам пахваліцца, што некалькі разоў займалі прызавыя месцы і станавіліся лаўрэатамі. Па выніках 2016 года мы ў чарговы раз апынуліся ў ліку лепшых. Ці гэта не пацверджанне стабільнай якасці прадукцыі?

Акрамя таго, пружанскіх сыраробаў вылучылі сярод іншых удзельнікаў і на грамадскім конкурсе «Лепшая прадукцыя года 2016». Дыпломамі ў намінацыі «Сыры сычужныя» адзначаны адразу шэсць відаў гэтай прадукцыі: «Пармезан OLD», «Мааздам  дэ  Люкс», «Грувер асаблівы», «Фрыбуржуа», «Ланбергольд», а таксама навінка — сыр, які вырабляецца па швейцарскай тэхналогіі, «Альпенвейс». У выніку журы вырашыла аддаць пружанцам і Гран-пры конкурсу «Лепшая прадукцыя года-2016» — за стабільна высокую якасць.

Да ведама, сёння ААТ «Пружанскі малочны камбінат» можа прапанаваць спажыўцам больш за 40 відаў прадукцыі, большая частка якой стваралася з улікам патрабаванняў гурманаў. І самае галоўнае для вытворцы — адзнака спажыўца. Алена Мікалаеўна зазначае:

— Мы робім усё для таго, каб пры выбары кавалачка сыру ў магазіне пакупнік аддаваў перавагу нашай прадукцыі. Адпаведна стараемся здзівіць не толькі якасцю, але і арыгінальнасцю. Таму не здзіўляйцеся, калі пачуеце, што пружанскія сыраробы выпусцілі сыр з марожаным ці журавінамі. Тым больш што ва ўмовах існуючай канкурэнцыі нельга стаяць на месцы: прыгожая этыкетка, гучная назва — так, гэта прываблівае, але галоўнае — начынне.

У ліку арыгінальнай прадукцыі, напрыклад, сыр «Лейдзіс» з мятай. Ён ужо прыйшоўся даспадобы масквічам: на сённяшні дзень у сталіцу суседняй Расіі штомесяц адпраўляецца каля дзевяці тон гэтай навінкі.

Маркетолагі прадпрыемства сочаць за тым, каб не была беднай сырная талерка і пружанцаў. Для гэтага ў фірменных магазінах таварыства пакінулі кнігі заказаў, у якіх пакупнікі могуць выказаць свае перавагі ў адрас таго ці іншага віду сыру, а таксама зрабіць індывідуальны заказ.

На здымку: работнікі сыраробнага цэха — аператары лініі Таццяна Дубінчук, Ігар Плеска, сырароб-майстар Таццяна Богдан, аператар лініі Таццяна Пашкевіч, сырароб-майстар Алена Вялікаселец, інжынер-тэхнолаг Таццяна Кудрашова з чарговымі ўзнагародамі.   

Марына Вакульская. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *