Лаўрэатамі конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь” 2021 года прызнана 260 тавараў, выпускаемых 148 арганізацыямі.
Пры падвядзенні канчатковых вынікаў конкурсу рэспубліканская конкурсная камісія ўлічвала водгукі спажыўцоў, якія паступілі ў адносінах арганізацый і якасці прадукцыі і паслуг, што паспяхова прайшлі першы (абласны) этап конкурсу і сталі фіналістамі.

У намінацыі «Харчовыя тавары» ў ліку лаўрэатаў – 161 тавар з 65 арганізацый. Сярод пераможцаў з Брэсцкай вобласці (а іх нямала) у малочнай галіне знаходзіцца і ААТ «Пружанскі малочны камбінат», якому прынеслі перамогу масла сметанковае шакаладнае з масавай доляй тлушчу 62%, сыры звышцвёрдыя «VAN GOLD SOLIDO» і «VAN GOLD SHEDEVR» з масавай доляй тлушчу ў сухім рэчыве 40%.
І гэта яшчэ не ўсе перамогі нашага малочнага камбіната. Прадпрыемству пакарылася і намінацыя «Прадукцыя вытворча-тэхнічнага прызначэння». Тут перамогу прынеслі малако сухое абястлушчанае, гатунку «Стандарт» і сыроватка малочная дэмінера-лізаваная сухая СД-40.

Дыплома «Стабільная якасць» удастоена 51 арганізацыя, тавары якой станавіліся лаўрэатамі конкурсу пяць і больш разоў запар. Самі арганізацыі пацвярджалі якасць сваёй прадукцыі ці паслугі на працягу не менш за адзін год перад конкурсам. У гэтай намінацыі ў малочнай галіне Брэсцкай вобласці перамогу таксама святкаваў Пружанскі малочны камбінат.
Арганізацыям, тавары якіх удастоены звання лаўрэата, уручаць дыпломы і дадуць права размяшчаць лагатып конкурсу на таварах і іх упакоўцы, а таксама ў дакументацыі і рэкламных матэрыялах.
Вадзім Раўнейка. Фота 1prof.by і з архіву сайта
