Вторник, 3 декабря 2024

Сёння прафесійнае свята адзначаюць работнікі культуры. Яскрава, творча, апантана працуюць яны і ў Ружанах

2 048

—Як пазнаёміцца з навінкамі літаратуры?
—Дзе навучыцца спяваць або граць на музычных інструментах?
—Як рэалізаваць свае творчыя парывы?
Адказы на ўсе гэтыя пытанні могуць даць установы культуры, якія ахопліваюць як буйныя, так і малыя населеныя пункты Пружанскага раёна. Стацыянарныя і мабільныя ўстановы збіраюць сотні людзей, каго ў якасці гледачоў, а каго як удзельнікаў і нават арганізатараў канцэртаў. У дадатак, нашы работнікі культуры выконваюць не менш важную задачу па папулярызацыі нацыянальных традыцый і гісторыі малой радзімы. У чым можна пераканацца ў любой клубнай установе, бібліятэцы, музеі, дзіцячай школе мастацтваў або кінатэатры.
Напярэдадні Дня работнікаў культуры журналісты «раёнкі» выехалі ў Ружаны, каб яшчэ раз упэўніцца: тут працуюць творчыя і апантаныя сваёй справай людзі.

Ружанскі музей працягвае здзіўляць

Як расказвае дырэктар Ружанскага палацавага комплексу роду Сапегаў К.Г.Глушко, за час свайго існавання гэта ўстанова рэгулярна здзіўляла сваіх наведвальнікаў. Паступова абнаўляўся знешні выгляд палаца, напаўняліся экспазіцыі, адкрываліся дагэтуль невядомыя старонкі гісторыі як самога комплексу, так і гарадскога пасёлка Ружаны.

Добраўпарадкаванне тэрыторыі комплексу абмяркоўваюць дырэктар установы Крысціна Генадзьеўна Глушко і загадчык гаспадаркі Генадзь Аляксандравіч Плеска

Пра гэтую славутасць ведаюць не толькі жыхары нашай рэспублікі, але і далёка за яе межамі. Вялікую справу па папулярызацыі дзейнасці ўстановы вядзе аддзел культуры Пружанскага райвыканкама — ініцыятар ужо стаўшага традыцыйным свята “Ружанская брама”, удзельнік шэрага цікавых праектаў.

А ў будучым, па словах Крысціны Генадзьеўны, музей мяркуе здзівіць сваіх наведвальнікаў яшчэ не раз. Напрыклад, хутка тут адкрыецца чарговая выстава сучаснага мастацтва. Вядзецца даследчая работа з апісаннем новых гістарычных знаходак. У больш далёкай перспектыве чакаецца пашырэнне плошчаў музея пасля заканчэння рэстаўрацыі тэатральнага крыла палаца.

У чым сіла? У музыцы!

Ружанская школа мастацтваў дала «пуцёўку ў жыццё» многім юным жыхарам пасёлка. Як расказвае дырэктар установы Л.І.Давідзенка, некаторыя вырашаюць стаць музыкантамі, выбіраюць прафесію выкладчыка музыкі. І ўсе без выключэння далучаюцца да чароўнага свету мелодый.

Вучэбныя планы складаюць дырэктар школы Любоў Іванаўна Давідзенка і выкладчык тэарэтычных дысцыплін Таццяна Іванаўна Журомская.

У школе прапануюцца розныя накірункі навучання — баян, акардэон, скрыпка, домра, цымбалы, фартэпіяна. Больш за паўсотню вучняў развучвае гамы, асвойвае класіку або сучасныя творы. Створана некалькі ўласных музычных і харавых калектываў, выступленні якіх добра вядомы ружанцам і жыхарам навакольных вёсак. Магчыма, у недалёкім будучым прозвішчы каго-небудзь з юных ружанцаў можна будзе пачуць і на рэспубліканскіх сцэнах.

Самыя сумныя будні пераўтвораць у свята

Так можна сказаць пра работнікаў Ружанскага цэнтра культуры і вольнага часу, якім ужо некалькі дзесяцігоддзяў кіруе А.Л.Барысевіч.
У 12 клубных фарміраваннях — васьмі гуртках і чатырох аматарскіх аб’яднаннях — людзі любога ўзросту могуць знайсці сабе занятак па душы, аб’яднацца з такімі ж апантанымі аматарамі творчасці, а таксама паказаць свае здольнасці іншым.

Пад кіраўніцтвам Таісіі Антонаўны Ахрамовіч ідзе рэпетыцыя ўдзельнікаў хору ветэранаў працы «Крынічанька»

Як расказвае загадчык установы, рэгулярна ладзяцца канцэрты, адзін з апошніх «Разам мы — сіла», прысвечаны Дню народнага адзінства, а таксама іншыя мерапрыемствы. Нярэдка вакальныя і танцавальныя калектывы наведваюць навакольныя вёскі. І хаця эпідэміялагічная сітуацыя накладае нямала абмежаванняў, творчыя людзі ўсё роўна знаходзяць магчымасць займацца любімай справай і ствараць навакольным святочны настрой.

Кніжнае багацце — для дзяцей

Больш за 900 чытачоў карыстаецца фондамі дзіцячай бібліятэкі ў г.п.Ружаны. Установа размешчана ў цэнтры пасёлка, таму прыходзяць сюды не толькі мясцовыя школьнікі, але і дарослыя чытачы. І кожны знаходзіць тут цікавае для сябе.

Бібліятэкар Алена Іванаўна Анонічава, тэхнічны работнік Кацярына Генадзьеўна Сацкевіч і загадчыца дзіцячай бібліятэкі Ірына Мікалаеўна Дулько.

У дадатак — бібліятэкары рэгулярна ладзяць пазнавальныя мерапрыемствы, выставы навінак і карыснай літаратуры. Бліжэйшыя з іх прысвячаюцца Дню работнікаў культуры і Дню маці.

Цудоўны адпачынак з кнігай

Яго гарантуе кожнаму свайму наведвальніку Ружанская дарослая бібліятэка. І яе фондам, які налічвае амаль 15 тысяч кніг, з задавальненнем карыстаецца больш за тысячу жыхароў пасёлка.

У чытальнай зале працуе бібліятэкар Галіна Мікалаеўна Заяц.

Штомесяц тут задавальняюць больш за чатыры тысячы заявак, кожнаму падбіраюць літаратуру па гусце. А яшчэ арганізавалі буккросінг «Ружанскі кнігазварот», дзе чытачы могуць абменьвацца ўласнымі кніжкамі.

Алег СІДАРЭНКА, Кацярына МАСІК (фота)