Сёння мы адзначаем 100-годдзе з дня нараджэння былога рэдактара Пружанскай раённай газеты Мікалая Майсеевіча Кавалевіча (2.02.2024 – 10.03.1994).
Ён нарадзіўся ў в. Кавалі Акцябрскага раёна на Гомельшчыне, у вялікай і дружнай сялянскай сям‘і. Сярэднюю школу заканчваў у райцэнтры, марыў стаць ваенным медыкам. Але ўсе юнацкія мары перакрэсліла вайна: праз некалькі гадзін пасля выпускнога вечара ўчарашнім школьнікам давялося ўмомант стаць дарослымі…
Амаль адразу Мікалай стаў удзельнікам партызанскага руху, ваяваў у партызанскім атрадзе “За Радзіму” Палескага злучэння, быў камандзірам камсамольска-маладзёжнай дыверсійнай групы і памочнікам камісара па камсамоле. Ён праявіў сябе як адважны баец. Пра гэта сведчаць і баявы ордэн Айчыннай вайны І ступені, медалі “За баявыя заслугі”, “Партызану Айчыннай вайны ІІ ступені”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Мікалай Кавалевіч вучыўся на курсах рэзерву пры ЦК КПБ, працаваў на камсамольскай рабоце ў Косаўскім, Кобрынскім і Шарашоўскім раёнах. А пасля заканчэння Рэспубліканскай партыйнай школы пры ЦК КПБ поўнасцю прысвяціў сябе журналістыцы.
З 1957 па 1984 гады Мікалай Майсеевіч быў рэдактарам пружанскай “раёнкі”, якая спачатку мела назву “Чырвоны сцяг”, а з 1962 года – “Зара камунізму”. У мірны час за адданую працу, актыўнасць у грамадскім жыцці быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР. У раёне добра ведалі і паважалі гэтага сціплага і светлага чалавека. Ён любіў людзей і яму адказвалі тым жа.
Матэрыял пра Мікалая Майсеевіча Кавалевіча чытайце ў “раёнцы” на наступным тыдні.