Воскресенье, 8 декабря 2024

21 мая – Міжнародны дзень памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу

135

Міжнародны дзень памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу, традыцыйна праводзіцца ва ўсім свеце ў трэцюю нядзелю мая. Упершыню Дзень памяці быў арганізаваны ў 1983 годзе ў г. Сан-Францыска (ЗША) групай людзей, асабіста закранутых праблемай ВІЧ-інфекцыі. Праз некалькі гадоў з’явіўся сімвал руху супраць гэтай хваробы. Ім стала чырвоная стужачка, якую ў 1991 годзе прыдумаў мастак Франк Мур. Яшчэ адзін сімвал гэтага дня – квілты. Гэта рознакаляровыя палотны, пашытыя са шматкоў тканіны ў памяць аб мностве людзей, якія пайшлі з жыцця. Першы квілт у 1987 годзе пашыў амерыканец Кліў Джонс, прысвяціўшы яго свайму лепшаму сябру, які памёр ад СНІДу.

Сёлета Міжнародны дзень памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу, пройдзе 21 мая пад лозунгам: «Распаўсюджвайце любоў
і салідарнасць, а не ВІЧ», іншымі словамі «Дарыце любоў, а не ВІЧ».

Дзень памяці – гэта яшчэ адна магчымасць нагадаць людзям, што ВІЧ-інфекцыя можа закрануць кожнага, інфармаваць насельніцтва аб шляхах перадачы ВІЧ, прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем людзей, якія жывуць з ВІЧ. У гэты дзень мы аддаём даніну памяці тым, каго забрала хвароба, і заяўляем аб падтрымцы ВІЧ-станоўчых людзей, прыхільнасці да прафілактыкі і лячэння ВІЧ-інфекцыі.

Згодна з сусветнай статыстыкай, на планеце жыве каля 40 мільёнаў чалавек, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту. За ўвесь перыяд назірання ад звязаных са СНІДам хвароб памерла больш за 40 мільёнаў чалавек.

Сёння ў Рэспубліцы Беларусь больш за 24 тысячы чалавек, якія жывуць з ВІЧ, у Брэсцкай вобласці – 1907. У эпідэмічны працэс уцягнуты ўсе адміністрацыйныя тэрыторыі вобласці. Пераважае палавы шлях перадачы ВІЧ-інфекцыі – 64,4% усіх зарэгістраваных выпадкаў. Суадносіны мужчын і жанчын складаюць 60,9 і 39,1% адпаведна. У вобласці ВІЧ-інфекцыя забрала жыцці 734 чалавек.

За мінулыя чатыры месяцы 2023 года выяўлена 43 новыя выпадкі ВІЧ-інфекцыі. Назіраецца тэндэнцыя па павелічэнні колькасці ВІЧ-інфіцыраваных асоб ва ўзроставай групе ад 30 гадоў і старэйшых. У гэтай катэгорыі з пачатку года выяўлена 40 чалавек (93%). За чатыры месяцы 2023 года больш за 90% ад усіх новых выпадкаў, выяўленых у вобласці, прыпадае на долю палавога шляху перадачы ВІЧ. Актывізацыя палавога шляху перадачы ВІЧ-інфекцыі на працягу шэрага апошніх гадоў сведчыць аб тым, што людзі або не ведаюць аб мерах прафілактыкі інфекцыі, або грэбуюць імі, мяркуючы, што ВІЧ-інфекцыя мае дачыненне толькі да пэўных груп насельніцтва, з якімі чалавек сябе не суадносіць. Аднак да ВІЧ-інфекцыі схільныя людзі ўсіх узростаў, усіх нацыянальнасцей, і ніякі сацыяльны статус не дае гарантыі застацца незаражаным без захавання канкрэтных правіл паводзін.

Вызначыць па знешнім выглядзе, інфіцыраваны чалавек ці не, немагчыма. Даведацца, ці ёсць у чалавека ВІЧ, можна толькі адным спосабам – прайсці тэсціраванне на ВІЧ. Звычайна антыцелы ў крыві з’яўляюцца ў перыяд ад 1,5 да 3-х месяцаў (у рэдкіх выпадках – да шасці месяцаў) пасля заражэння. Важна памятаць, што вынік аналізу ў дадзены прамежак часу можа быць адмоўным, хаця чалавек ужо інфіцыраваны і здольны заразіць іншых людзей. Прайсці добраахвотнае тэсціраванне на ВІЧ-інфекцыю, у тым ліку ананімнае, можна ў любой арганізацыі аховы здароўя, якая мае працэдурны кабінет. Таксама прайсці праверку можна самастойна, зрабіўшы экспрэс-тэст на ВІЧ па сліне, набыты ў аптэцы. Саматэсціраванне па сліне з’яўляецца папярэднім этапам, само па сабе не можа забяспечыць пастаноўку дыягназу ВІЧ-інфекцыі: для гэтага патрабуецца прайсці пацвярджальнае тэсціраванне па крыві ва ўстановах аховы здароўя.

Дзякуючы дасягненням сучаснай медыцыны ВІЧ-інфекцыя больш не з’яўляецца смяротным прыгаворам. Своечасова пачаўшы лячэнне антырэтравіруснымі прэпаратамі і прытрымліваючыся ўсіх указанняў урача, людзі з ВІЧ могуць пражыць доўгае і паўнавартаснае жыццё, якасць якога дзякуючы гэтым лекавым прэпаратам нічым не адрозніваецца ад якасці жыцця людзей без ВІЧ.

Кожны павінен разумець, што менавіта сам чалавек з’яўляецца галоўным звяном у захаванні свайго здароўя і нясе адказнасць за абарону ад заражэння – як самога сябе, так і іншых людзей. Таму кожны з нас можа ўнесці свой уклад у справу барацьбы з эпідэміяй, зберагчы сябе і сваіх блізкіх, праходзячы своечасовае тэсціраванне, фарміруючы адказныя адносіны да ўласнага здароўя.

Дзяржаўная ўстанова «Брэсцкі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя»