Траўка зелянее, сонейка блішчыць… Але разам з вясною да некаторых людзей чамусьці прыходзяць апатыя, абыякавасць да ўсяго, змрочныя думкі. Зямля абуджаецца, а чалавек губляе пачуццё радасці. І такі цяжкі маральны стан спецыялісты называюць адным словам – дэпрэсія, Міжнародны дзень барацьбы з якой, дарэчы, адзначаецца якраз 24 сакавіка. Як змагацца з вясновай хандрой? Як пачаць радавацца разам з прыродай? Пра гэта журналісты “раёнкі” спыталі ў жыхароў і гасцей горада.
Наталля:

— Лепшыя лекі ад дрэннага настрою — гэта дзеці! Глядзіце часцей на іх усмешкі — і атрымаеце неверагодны зарад пазітыву. Ва ўсякім разе, мне гэта дапамагае. Я — маладая мама, падстаў для перажыванняў у мяне дастаткова: то зубкі турбуюць, то вушкі, то носікі-курносікі. Але я не адчайваюся, паколькі праз гэта праходзяць усе. Галоўнае — трэба радавацца жыццю тут і сёння. А заўтра… будзе заўтра.
Таццяна:

— Мая парада тым, хто лёгка паддаецца хандры: пачынайце думаць пазітыўна. Не засяроджвайцеся на перападах тэмператур, на ранішніх замаразках. Лепш глядзіце на першыя пралескі, слухайце птушыны перазвон, настройвайце сябе на тое, што хутка будзе лета і сонейка. Разам з вясною ўпусціце ў сябе радасць і жаданне жыць!
Міхаіл:

— Я, дзякуй Богу, у дэпрэсію ніколі не ўпадаў, але, вядома, сумны настрой бывае. Што раблю? Іду да сяброў! З сапраўднымі сябрамі можна перажыць любую роспач. Мы выходзім гуляць, расказваем смешныя гісторыі з жыцця ці анекдоты — і смяёмся. Слухаем музыку і спяваем самі.
Уладзімір з дачкой Палінай:

— Калі шчыра, за работай і жыццёвымі клопатамі я не паспяваю сумаваць. Бывае, канечне, дзесьці і занудзіш. Тады хочацца ўключыць тэлевізар і паглядзець кіно. Я схіляюся да баевікоў, але жонка — да старых камедый. І, сапраўды, аказваецца, што шэдэўры ад Гайдая і Разанава – лепшая тэрапія ад роспачы.
— А я не ведаю, што такое дэпрэсія. Часам бывае проста сумна, у такіх выпадках я ем нешта салодкае, чытаю кнігі ці пачынаю рабіць нешта новае для ўпрыгожвання свайго пакоя. Трэба, каб у чалавека было хобі: яно дапаможа адолець кепскі настрой.
Ігар:

— Раю ўсім выкрэсліць са свайго лексікону слова “дэпрэсія”. Калі вас “накрые” песімістычны настрой, скажыце сабе: “Гэта проста дрэнны дзень”. Адвучвайцеся бачыць усё ў чорным колеры. Не лічыце, што на вашу долю выпалі асаблівыя, нечалавечыя выпрабаванні. Душэўны боль – гэта проста частка жыцця, якую ў вашых сілах перанесці з мінімальнымі стратамі.
Сяброўкі Вікторыі:

— Калі мне кепска, я пачынаю слухаць музыку, прычым менавіта сумную. Яна, што цікава, дапамагае мне расслабіцца.
— А я пры кепскім настроі адразу выходжу на свежае паветра, тэлефаную сябрам, якія даюць мне магчымасць выгаварыцца. Трэба свой боль прамаўляць, а не затойваць у сабе, і тады ён сыходзіць.
Рэцэпты ад хандры збіралі Алена Зялевіч і Кацярына Масік (фота).