Шчаслівы той чалавек, які мае надзейнага сябра, сапраўднага брата. Другога красавіка адзначаецца Дзень яднання двух народаў – беларусаў і расіян. А ў чым вы бачыце праявы такога яднання? Карэспандэнты задалі такое пытанне пружанцам.
Вольга Сідараўна:

— Адзінства Беларусі і Расіі адчуваецца, перш за ўсё, у веры. Па-першае, большасць жыхароў абедзвюх краін – праваслаўныя. Па-другое, і беларусы, і расіяне заўсёды верылі ў лепшае. Жыхары Расіі – жаданыя госці ў нашай краіне. А як часта яны прыязджаюць адпачываць у беларускія санаторыі! Мне здаецца, самае галоўнае, каб і ў нас, і ў нашай усходняй суседкі, панавалі спакой, згода і ўзаемапавага.
Руслана:

— На жаль, сяброў і родзічаў у Расіі не маю. Магчыма, таму дагэтуль не давялося пабываць у гэтай краіне. Мара дзяцінства – прагуляцца па Чырвонай плошчы, а яшчэ вельмі хацела б наведаць Санкт-Пецярбург.
У нас з Расіяй вельмі многа агульнага, асабліва ў культуры. Ды і што казаць, часцей за ўсё, пры зносінах мы, беларусы, выкарыстоўваем менавіта рускую мову.
Сяргей:

— Я нарадзіўся ў Гродне, але ў мяне вельмі многа сяброў і родных у Расіі. На працягу шасці гадоў працаваў будаўніком у Смаленску. І, ведаеце, расіяне выдатна разумелі мяне, а я — іх. І гэта не мову я маю на ўвазе. Думаецца, у гэтым узаемаразуменні, падтрымцы, агульнай гісторыі і традыцыях якраз і заключаецца адзінства двух народаў.
Сцяпан Сцяпанавіч:

— Вельмі паважаю Расію, люблю яе. Служыў у Калінінградзе і Краснадары. Беларусы заўсёды ішлі побач з Расіяй, без яе, пэўна, проста не выжылі б. Мы павінны заўсёды імкнуцца да адзінства, але, у той жа час, берагчы нашу любімую краіну, чыстую і прыгожую Беларусь.
Святлана Аляксандраўна:

— Родам я з Беларусі, але ўсе мае блізкія – расіяне. Як так выйшла? Дзядуля нарадзіўся ў Ваўкавыску, трапіў на службу ў Екацерынбург, дзе сустрэў бабулю. Ураджэнец Расіі тата, наадварот, служыў у Беларусі, тут і сустрэў маму, якая родам з Саратава… Беларусь бацькам спадабалася, таму вырашылі тут застацца. У Расіі бываю вельмі часта. Калі прыязджаю, не адчуваю межаў. Беларусы, украінцы і расіяне – гэта выхадцы з адзінага славянскага роду, нам ні ў якім разе нельга згубіць гэтае адзінства.
Алег Мікалаевіч:

— У Расіі бываў не раз. Працаваў будаўніком у г. Мірным, таму на самалёце ляцеў амаль праз усю Расію. Да нашай краіны-суседкі стаўлюся вельмі добра, таксама як і да Украіны, у якой нарадзіўся. Не так даўно ўсе мы жылі ў адной вялікай дзяржаве. Таму я выступаю за сяброўства і адзінства. Дарэчы, сяброў і ў Расіі, і ва Украіне ў мяне вельмі шмат. Усе мае знаёмыя заўсёды добра адклікаюцца пра Беларусь, гатовыя дапамагчы ў цяжкай сітуацыі і, канечне ж, запрашаюць у госці. А хіба гэта – не сапраўднае адзінства?
Думкамі цікавіліся Фелікс Бартноўскі і Кацярына Масік (фота).