— Ваша стаўленне да ваеннай службы?
— Станоўчае.
— У якіх войсках хацелі б служыць?
— У пагранічных…
Сёння ў начальніка групы прызыву раённага ваеннага камісарыята старшага лейтэнанта Андрэя Ігаравіча Якімовіча “гарачыя” дзянькі: пачалася новая прызыўная кампанія. Згодна з распрацаваным графікам, маладому афіцэру трэба зрабіць усё неабходнае, каб забяспечыць стапрацэнтную яўку прызыўнікоў на медыцынскі агляд, правесці пасяджэнні прызыўных камісій, вызначыць тых, хто прыгодны да службы, і падрыхтаваць навабранцаў да адпраўкі ў воінскія часці…
Чатыры гады таму хлопец з Лінова гэтак жа, як сённяшнія прызыўнікі, сядзеў перад камісіяй ваенкамата з другога боку стала і распавядаў пра сябе. Пра тое, што вырас у сям’і настаўнікаў, скончыў школу, затым — Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж, а калі выпаў шанец паступіць у ВНУ, з задавальненнем ім скарыстаўся.
Як успамінае вядучы спецыяліст групы прызыву Вольга Уладзіміраўна Барысюк, Андрэй Якімовіч адразу кінуўся ў вочы членам камісіі: падцягнуты, выхаваны, ураўнаважаны, мэтанакіраваны, малады чалавек падаваў вялікія надзеі на добрую службу. І яны спраўдзіліся, пра што сёння сведчаць граматы на сценах уласнага кабінета, атрыманыя ім падчас праходжання тэрміновай службы ў в/ч 5448 унутраных войскаў МУС РБ (г. Мінск).
Пасля дэмабілізацыі яфрэйтар Якімовіч меў намер уладкавацца на працу ў органы ўнутраных спраў. Але атрымаў запрашэнне ад тагачаснага ваеннага камісара паступіць на службу ў ваенкамат і прыняў яго, не раздумваючы. Андрэй Ігаравіч быў атэставаны на званне лейтэнанта і праз паўгода выпрабавальнага тэрміну назначаны на пасаду начальніка групы прызыву. Адразу ўліўся ў калектыў і задаў высокую планку ў агульнай рабоце. Не дзіўна, што праз некалькі месяцаў загадам міністра абароны быў павышаны ў званні.
За дасягнутыя поспехі ў службовай дзейнасці, шчырую і разумную ініцыятыву, праяўленыя пры падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў па прызыве на тэрміновую службу, службу ў рэзерве i камплектаванні войскаў новым папаўненнем, афіцэр Якімовіч неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі ад вышэйшага камандавання. Яго паважаюць старэйшыя калегі, яму цалкам давяраюць свае лёсы прызыўнікі.
— Пасля службы ў войску, якая стала для мяне школай выхавання адказнасці і ўзаемадапамогі, я зразумеў, што магу быць карысным будучым салдатам у тым, каб свядома вызначыцца з выбарам месца службы і ў пэўнай меры пераадолець страх перад службай. Чатыры гады таму я быў на іх месцы і таксама хваляваўся, — прызнаецца старшы лейтэнант.
Сёння ён цікавіцца інтарэсамі прызыўнікоў, дапамагае прайсці прафесійна-псіхалагічны адбор.
— Можна сказаць, выступаю ў ролі псіхолага для юнакоў, які павінен знайсці з імі агульную мову. Калі жаданні хлопца супадаюць з яго ўласным фізіялагічным і псіхалагічным патэнцыялам, адпраўляем яго служыць у тую часць, у якую ён жадае. Кожнаму ўручаем спецыяльную памятку, якая дапаможа зарыентавацца ў любой сітуацыі. Калі, напрыклад, у часці з‘явяцца нестатутныя моманты, навабранцы будуць ведаць, куды патэлефанаваць. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб салдат па вяртанні дадому шчыра сказаў нам “дзякуй”. Калі ён будзе задаволены, то задаволенымі будуць і яго бацькі, і ўсё грамадства, — заяўляе афіцэр.
Сёння “падапечныя” маладога афіцэра служаць у Слоніме, Гродне, Ружанах, Бярозе, у Печах і іншых кутках краіны. Танкісты і артылерысты, мотастралкі і пагранічнікі, механікі і повары, санінструктары і дэсантнікі – усе яны, як шчыра верыць старшы лейтэнант Якімовіч Андрэй Ігаравіч, не зганьбяць гонар мундзіра.
Алена Зялевіч,Кацярына Масік (фота).