Традыцыйна ў першы дзень лета мы адзначылі Дзень абароны дзяцей. З нагоды гэтага свята журналісты “раёнкі” спыталі ў маленькіх жыхароў Пружан, ад каго ці ад чаго іх трэба абараняць. І даведаліся шмат цікавага.
Сонечка:
— Я вельмі баюся хуліганаў і непаслухмяных дзяцей. Вось мяне нядаўна пакрыўдзіў хлопчык Радзівон, ударыў шуфлікам. А так нельга!.. Яшчэ мама кажа, што дзяцей трэба абараняць ад вайны, бо яна вельмі страшная.
Андрэйка:
— Я нікога не баюся, таму што побач са мной тата і мама. Ды і сам я адважны, заўсёды абараняю сваю сястрычку. А тыя малыя, хто яшчэ не вырас, павінны асцерагацца дрэнных людзей, ім нельга адчыняць дзверы. І на вуліцы з незнаёмымі не варта размаўляць.
Ксюша:
— А мяне трэба абараняць ад павукоў-страшыдлаў і ад розных іншых непрыемнасцей, напрыклад, сумнага настрою, а яшчэ… агню. Каб не здарыўся пажар, дарослыя павінны хаваць ад нас запалкі. Ну, а калі ўжо нешта адбылося, трэба тэлефанаваць па нумары “101” – і прыедуць выратавальнікі.
Ева:
— А мы разам са сваім коцікам Найджэлам вельмі баімся ба-дзяжных сабак… Калі іх сустракаем, то коцік адразу дзесьці хаваецца, а я бягу да бацькоў, каб узяць іх за руку — тады мне нічога не страшна!
Павел:
— Я свайго папугайчыка і хамячка абараняю ад коціка. А мяне трэба абараняць ад Бабая і Бабы Ёжкі, якія жывуць у лесе і могуць прыйсці ў госці да непаслухмяных дзяцей. І нам нельга адным хадзіць у лес, толькі з бацькамі, якія нікога не баяцца. А яшчэ дзяцей трэба ратаваць ад дрэннага надвор’я і ўключаць нам мульцікі.
Арцёмка:
— Трэба падумаць… Ну… Нас трэба абараняць ад цемры, дажджу, навальніцы і… хвароб: дзеці павінны быць здаровыя… А ўвогуле ў нас з малодшым брацікам ёсць вельмі дужыя і смелыя тата і старэйшы брат. Яны нікому не дазволяць нас крыўдзіць.
Думкамі цікавіліся Алеся Смайлік і Кацярына Масік (фота)