Работа Пружанскага супрацьтуберкулёзнага кабінета ў 2022 годзе была накіравана на рэалізацыю выканання падпраграмы 4 «Супрацьдзеянне распащсюджвання туберкулёзу» Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь». Яе індыкатары эфектыўнасці — захворванне на туберкулёз і смяротнасць з гэтай нагоды, у тым ліку ў працаздольным узросце, эфектыўнасць лячэння хворых.

Паказчык захворвання на туберкулёз у нашым раёне ў 2022 годзе склаў 16,3 на 100 тыс. насельніцтва (сярэднеабласны паказчык — 14,8). Усяго было выяўлена сем выпадкаў захворвання, амаль усе — пры рэнтгенафлюараграфічных аглядах (РФА). Заўважым, што ўсяго ў 2022 г. было абследавана 31686 чалавек, або 98 працэнтаў дарослага насельніцтва, якое павінна прайсці РФА (сярэднеабласны паказчык – 97 %). 3315 абследаванняў выканана перасоўнымі рэнтгенафлюараграфічнымі ўстаноўкамі.
Варта заўважыць, што ўсе шасцёра выяўленых хворых на туберкулёз органаў дыхання адносіліся да групы рызыкі: трое пакутуюць на алкагалізм, двое стаяць на дыспансерным уліку ў эндакрынолага з нагоды цукровага дыябету, адзін – ва ўзросце старэй за 60 гадоў. На жаль, туберкулёз стаў і прычынай смерці аднаго жыхара Пружаншчыны ў мінулым годзе (у папярэднія два гады падобных выпадкаў наогул не было зарэгістравана). У 2021 і 2022 гадах было выяўлена па адным выпадку рэцыдыву туберкулёзу ў людзей, якія захварэлі на яго раней і прайшлі адпаведны курс лячэння.
Выпадкаў захворвання дзяцей і падлеткаў у папярэднія гады не было, а вось у красавіку 2022 г. у аднаго дзіцяці выяўлены пазалёгачны туберкулёз.
Туберкулінадыягностыка за год была праведзена 618 дзецям, у чатырох з іх выяўлены дадатныя і гіперэргічныя рэакцыі на туберкулін. Усе яны ўзяты на дыспансэрны ўлік фтызіятрам, прайшлі абследаванне і курсы прафілактычнага лячэння.
Варта адзначыць, што з дапамогай РФА ў насельніцтва выяўляецца не толькі туберкулёз. Напрыклад, за 2022 год у 155 дарослых пацыентаў былі выяўлены іншыя захворванні, у тым ліку ў 84 — вострыя пнеўманіі, у 11 – пухліны, у 15 — паталогіі сардэчна-сасудзістай сістэмы, у двух — саркаідоз. Усе пацыенты былі запрошаны на даабследаванне і накіраваны да ўрачоў-спецыялістаў.
На бягучы момант на амбулаторным лячэнні ў Пружанскім СТК знаходзяцца два чалавекі (адной пацыентцы прэпараты дастаўляюцца на дом у сувязі з наяўнасцю спадарожнай паталогіі, яшчэ адна знаходзіцца на відэакантраляваным лячэнні). На дыспансэрным назіранні ў фтызіятра знаходзіцца 305 пацыентаў.
Пад назіраннем знаходзяцца і асобы, што кантактавалі з хворымі на туберкулёз (усе яны абследаваны, хворых сярод гэтай катэгорыі няма). Усе, хто жыве ў цесным бытавым кантакце з хворымі, прайшлі курсы прафілактычнага лячэння, навучаны правілам асабістай гігіены, дэзынфекцыі.
Таццяна Краўчук, фтызіятр Пружанскага СТК