Суббота, 12 октября 2024

Сёмы раз Палацык сабраў навукоўцаў і краязнаўцаў на «Пружанскі дыярыуш»

1 223

Днямі ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” адбылося пасяджэнне навукова-краязнаўчай канферэнцыі: ужо ў сёмы раз беларускія навукоўцы і краязнаўцы з розных куткоў краіны збіраюцца для таго, каб падзяліцца сваімі напрацоўкамі на “Пружанскім дыярыушы” (“дыярыуш” – з лацінскага “штодзённы, дзённік, хроніка”). Год малой радзімы акрэсліў выбар пэўных тэм, але, па сутнасці, на канферэнцыі заўсёды ў прыярытэце даследаванні, звязаныя з малой радзімай – Пружаншчынай. У гэтым годзе дабавілася яшчэ адна тэма, амаль незаўважная для шырокай публікі – 25-годдзе стварэння пружанскага музея. Такім чынам, ужо чвэрць стагоддзя музейная справа жыве ў нашым горадзе.
Трэба адзначыць, што ўдзельнікі добра падрыхтаваліся да канферэнцыі. Галоўны захавальнік фондаў Ружанскага музея І.А. Нячай выступіла з дакладам на тэму культавай праваслаўнай забудовы Ружаншчыны, а навуковы супрацоўнік А.М. Арцюх распавёў пра свае вынаходніцтвы ў сферы ружанскага крыніцазнаўства, якія тычацца першага згадвання Ружан у старажытных дакументах. Аб зборы чарнаглянцавай керамікі ў фондах палацыка расказаў прысутным дырэктар Пружанскага музея Ю.С. Зялевіч.
Вельмі пазнавальным для ўсіх гасцей было выступленне і загадчыцы цэнтральнай раённай аптэкі № 7 І.С. Крац, якая прапанавала ўвазе прысутных даклад аб мінулым аптэчнай справы на Пружаншчыне, падрыхтаваны разам са старшынёй рэспубліканскага клуба па гісторыі фармацыі В.Ф. Сасонкінай. Аказваецца, паводле дакументаў, першая аптэка ў Пружанах сапраўды была адкрыта ў 1828 годзе, аднак знаходзілася яна, як лічылася дагэтуль, зусім не ў будынку “Прэстыжу”, на якім сёння вісіць памятная дошка. Гэты будынак вытворчай аптэкі быў пабудаваны толькі ў 1891 годзе (магчыма, на месцы першай аптэкі), і кіраваў установай сын першага пружанскага правізара двараніна Вікенція Юркоўскага фармацэўт Антон Юркоўскі.
Варты ўвагі даклад падрыхтаваў і даўні сябар музея, старшыня арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана, архівіст Зміцер Юркевіч, які літаральна адкрыў мясцовай публіцы імя пружанскага шляхціча Паўла Станіслава Барэйшы, праўнука нацыянальнага героя Беларусі Тадэвуша Рэйтана па мацярынскай лініі. Барэйша гераічна загінуў у паўстанні 1863 года.
Прыцягнула ўвагу знаўцаў і даследаванне былога адказнага сакратара газеты “Раённыя будні” І.У. Сядовай, якая распавяла пра гісторыю з’яўлення і лёс “Пружанскага некропаля” — гарадскіх могілак. Ірына Уладзіміраўна паведаміла аб самых старых пахаваннях, надмагіллях вядомых асоб і святароў. У працяг тэмы пахаванняў выступіў Аляксандр Кенда, краязнаўца з мястэчка Малеч, якое раней знахо-дзілася ў складзе Пружанскага павета, з дакладам аб некропалі на цвінтары Малецкай царквы.
Паэт-пчаляр і краязнаўца Мікола Папека распавёў прысутным аб пружанскім удзельніку Бара-дзінскай бітвы Юліяну Андржэйковічу. Яго даследаванне — добры прыклад таго, пра што можа расказаць усяго толькі адзін маленькі, завераны пячаткай дакумент. Яшчэ больш уражлівым быў даклад гэтага краязнаўцы аб цэгле ў мурах Засімавіцкай царквы, якую, дзякуючы надпісам на ёй, можна смела датаваць XVI-XVII стагоддзем, і як след дабаўляць да ўзросту самой царквы 150-200 гадоў. Праўда, гэта ўжо справа навукоўцаў-архітэктараў. Шкада толькі, што на сённяшні дзень частка ўнікальнай цэглы ўжо разбурылася.
Л.М. Несцярчук, наш знакаміты зямляк і даследчык, старшыня Брэсцкага грамадскага гісторыка-культурнага  аб’яднання імя Т. Касцюшкі, кандыдат гістарычных навук, свой даклад прысвяціў уласным пошукам “беларускамоўнага следу” Адама Міцкевіча. Гісторык нарэшце развеяў устойлівы міф аб неіснаванні беларускіх вершаў генія. Яны насамрэч ёсць, і неапраўдана “надзейна” захоўваюцца ў польскіх архівах, так, каб вочы беларускіх даследчыкаў, барані Божа, іх не прачыталі. У дадатак да ўсяго Леанід Міхайлавіч прэзентаваў новае факсімільнае польскае выданне “Паданне аб Трышчане”, што выйшла паводле старажытнага рукапісу на старабеларускай мове, зробленага ў XVI ст., і які сёння захоўваецца ў архівах суседзяў. Леанід Міхайлавіч, параўнаўшы почырк на рукапісе з ужо вядомымі ідэнтыфікаванымі дакументамі, выказаў здагадку, што, магчыма, беларускае “Паданне” было напісана самім ігуменам Афанасіем Брэсцкім.
…За ўвесь час у палацыкавых канферэнцыях прыняло ўдзел больш за сотню прадстаўнікоў разнастайных навуковых устаноў з розных куткоў рэспублікі і блізкага замежжа – Украіны, Расіі і Польшчы. На сёння ўжо выдадзена шэсць навуковых зборнікаў дакладаў, якія маюць пэўную вагу ў свеце айчыннай навукі і краязнаўства, бо ахопліваюць амаль усе галіны даследаванняў па беларуска-польска-ўкраінскім памежжы. І ўжо ідзе падрыхтоўка да выдання сёмага навуковага зборніка. Такім чынам, “Пружанскі дыярыуш”, створаны намаганнямі супрацоўнікаў мясцовага музея, у чарговы раз пацвердзіў свой ганаровы статус навуковага брэнда рэгіёна.
Алена Зялевіч, Сяргей Талашкевіч (фота)