Раней існавала добрая традыцыя, калі розныя прадпрыемствы і арганізацыі стваралі ўласныя музейныя пакоі, каб захаваць памяць пра сваю дзейнасць для нашчадкаў. У многіх школах дзейнічалі такія гістарычныя экспазіцыі, асобныя памяшканні выдзяляліся на заводах і ў канторах. На жаль, нямнога такіх музеяў захавалася да нашага часу. Яшчэ больш каштоўным здаецца існаванне падобных тэматычных аб’ектаў у свеце цяперашніх спроб змянення гістарычнай праўды…
А можна было б на рэальных прыкладах паказваць падрастаючаму пакаленню, як працавалі дзяды, якія праблемы і жыццёвыя пытанні яны вырашалі, што мелі для гэтага і як будавалі рэчаіснасць. Напрыклад, як гэта робяць у Пружанскім лясгасе, музей якога сёлета адзначае 20-гадовы юбілей.
– У 2003 годзе па ініцыятыве тагачаснага дырэктара лясгаса Уладзіміра Панасевіча пачалася работа па стварэнні гістарычнай экспазіцыі нашай арганізацыі, – расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Пружанскага лясгаса Ірына Раманюк. – І прычына заключалася не ў тым, што назбіралася шмат экспанатаў. Галоўнае – захаваць памяць пра работнікаў нашай галіны, якія дзесяцігоддзямі займаліся прымнажэннем прыродных багаццяў пружанскага краю.
У той год Бярозаўскае лясніцтва пераехала ў новы будынак, а стары было вырашана не руйнаваць і рэканструяваць у музейныя залы. Справа ў тым, што раней практыкавалася сумяшчэнне канторных офісаў з кватэрамі для работнікаў, каб можна было тэрмінова выклікаць персанал на працоўныя месцы. У наш час глабальнай сувязі такое здаецца неразумным, аднак паўстагоддзя таму не ў кожным доме быў нават стацыянарны тэлефон. У выніку зносу некаторых перагародак удалося аб’яднаць кабінеты і жылыя пакоі ў шэсць дэманстрацыйных зал, кожная з якіх прысвечана асобнай тэматыцы.
Безумоўна, цэнтральнымі экспанатамі музея лясгаса з’яўляюцца дакументы, перададзеныя былымі работнікамі. У адной з зал можна азнаёміцца з прыладамі, з дапамогай якіх леснікі раней высаджвалі і вырошчвалі лес, нарыхтоўвалі будаўнічую драўніну для ўзвядзення дамоў або назіралі за жывёльным светам. Кожны экспанат можна ўзяць у рукі і ўявіць сябе работнікам лясной гаспадаркі.
Адна экспазіцыя была аформлена з паляўнічых трафеяў Уладзіміра Панасевіча. Тут выстаўлены сапраўдныя насельнікі пружанскіх лясоў і вадаёмаў. У прыватнасці, у зале воднай фаўны можна пабачыць чучала 25-кілаграмовага шчупака, які быў злоўлены на возеры Гута.
– Наш музей не з’яўляецца «замарожаным» аб’ектам: яго экспазіцыі пастаянна папаўняюцца новымі архіўнымі здабыткамі і артэфактамі, – зазначае Ірына Васільеўна. – І дзверы музея лясгаса заўсёды адкрыты для ўсіх наведвальнікаў.
Дарэчы, экскурсіі сюды прыязджаюць рэгулярна, асабліва са школ раёна. У прыватнасці, нядаўна тут пабывалі вучні Ружанскай, Мокраўскай, Шаняўской, Хараўской школ.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік