Суббота, 15 февраля 2025

Сярод пушчы Хвойнік

997

Вёска Хвойнік  знаходзіцца ў самым сэрцы славутага, самага вялікага і старажытнага на еўрапейскім кантыненце ляснога масіву Белавежская пушча. Тут растуць адзіныя ў Еўропе нізінныя рэліктавыя лясы і пакуль яшчэ шумяць чатырохсотгадовыя хвоі. Чалавек жа заўсёды жыў у пушчы ў пастаянным датыкненні да прыроды, нават цяпер тут адчуваеш сябе часцінкай жывога свету.

Жители д.Хвойник_измен.размер

Велічнасць і старажытнасць суправаджаюць кожнага, каму даводзіцца тут пабываць, літаральна з першых крокаў, калі ступаеш на ахоўную тэрыторыю леса-легенды: дубы-веліканы, балоты, ясеневыя гаі, лясныя рэчкі, бясконцыя хвойнікі. А наш  Хвойнік ніяк не абмінуць, куды б ні ехаў – ці ў Свіслацкі раён, ці да пагранзаставы, якая знаходзіцца зусім побач.

Шматлюднай гэтая вёсачка, напэўна, ніколі не была: па выніках перапісу ў 1897 годзе гэта хутар з дзевяццю жыхарамі. У другой палове 20-га стагоддзя жыхароў налічвалася прыкладна з паўсотні, цяпер іх засталося каля двух дзясяткаў. І хаця сустракаюцца яны адзін з адным ледзь не штодзённа, шчымлівым і радасным  атрымалася нядаўняе свята, наладжанае ў Хвойніку.

Усе яго жыхары дастойны добрых слоў у свой адрас. Тутэйшых  ляснічых Валянціну і Аляксандра Літвіновічаў ведаюць па ўсёй акрузе і не толькі.   Дарэчы, яны і  сталі ініцыятарамі свята. Што ні  кажыце, а людзі гэтай прафесіі  асаблівыя. У іншых месцах пра такіх кажуць: у лесе, як дома, — але ў Хвойніку  кожны ці па прафесіі, ці па прызванні — работнік лесу.

Да тутэйшых «патрыярхаў» можна аднесці   былога  лесніка Георгія Несцеравіча і  Аляксандру Фёдараўну Вакулаў.  Валерый Чаркас з жонкай Любоўю, якая цяпер працуе майстрам  лесу, пераехалі з забруджанай радыяцыяй вёскі Лунінецкага раёна. Сям’я Булатоўскіх таксама пры справе:  Мікалай Міхайлавіч тэхнік-паляўніцтвазнаўца, а Наталля Аляксандраўна – пчаляр. Шмат гадоў працуе лесніком  Петр Антонавіч Рабаш. Ён родам з далёкага Крыма, некалі служыў на пагранічнай заставе непадалёку. Пазнаёміўся з жыхаркай Хвойніка  Нінай  Іванаўнай — і асеў тут назаўсёды.

Амаль 45 гадоў загадвала крамай Марыя Пятроўна Байко, а яе муж Леанід Іосіфавіч пайшоў на пенсію з пасады лесніка.

Жывуць тут руплівыя  людзі, напрыклад, такія майстрыхі, як Вера Паўлаўна Болбат і Лідзія Рыгораўна Пілюцік.

Лидия Григорьевна Пилютик_измен.размер

Майстрам кухарскіх спраў можна назваць санінструктара пагранзаставы Наталлю Краўчук. Яна ж – клапатлівая жонка, маці двух сыноў і ўвішная гаспадыня не толькі каля печы і пліты, але і на падворку разам з мужам Аляксандрам, які працуе вадзіцелем у Нацыянальным парку «Белавежская пушча».

Самая старэйшая жыхарка вёскі — 80-гадовая Лідзія Іванаўна Лісіцкая — таксама пайшла на пенсію з мясцовага лясніцтва. А самы юны — Дзмітрый Літвіновіч, яму хутка «стукне» толькі 17.

На свяце хацелася сказаць добрыя словы аб ycix жыхарах вёскі, якія свае жыцце прысвяцілі працы, павіншавалі юбіляраў. Гучалі песні, жарты, якія пад рыхтавалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці  Роўбіцкага сельскага Дома культуры  Людміла Курыловіч, Зоя Самусь, Людміла Параняк, Ірына Граматовіч, Ірына Параняк, Таццяна Папко.

Хай мір і радасць не пакінуць вашы хаты, хвайнічане!

Таццяна Папко,

 дырэктар Роўбіцкага сельскага Дома культуры.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *