Водны палац зноў паклікаў спартсменаў на свае дарожкі! На гэты раз — плыўцоў з розных куткоў Брэстчыны. Тут прайшоў сёмы этап абласных спаборніцтваў па плаванні «Старты надзей».

У турніры на прызы Беларускай федэрацыі плавання змагаліся спартсмены-пачаткоўцы і тыя, у каго за плячыма не адзін дзясятак узнагарод, — хлопчыкі 15 гадоў і маладзейшыя і дзяўчынкі 13 гадоў і маладзейшыя. Усе яны прадстаўлялі ажно 11 каманд. Дзве з іх — з Брэста: клуб «Аквастарс» і каманда цэнтра алімпійскага рэзерву. Таксама на турнір прыехалі плыўцы з Баранавіч, Пінска, Кобрына, Івацэвічаў, Жабінкі, Бярозы, Лунінца і Століна.
Вядома, не абышлося на абласных спаборніцтвах і без пружанскіх спартсменаў. На дарожках басейна можна было ўбачыць больш за 30 падапечных Сяргея Каляды, Вольгі Клімук, Юліі Казёл, Крысціны Гарчынскай і Крысціны Міраноўскай. Хлопцы і дзяўчаты спаборнічалі ў трох відах дыстанцыі: 50 метраў батэрфляем, 50 м брасам і 100 м вольным стылем.

Канкурэнцыя на спаборніцтвах была вельмі высокай, але без узнагарод пружанская каманда не засталася. Сярэбраны медаль на дыстанцыі 50 м батэрфляем заваявала Вікторыя Шут. Зусім крыху не хапіла дзяўчыне да п’едэстала на стаметроўцы вольным стылем — чацвёртае месца.
Трэніруюць Вікторыю Сяргей Каляда і Вольга Клімук. Плаваннем вучаніца СШ № 5 займаецца ўжо тры гады. Гэта далёка не першы і, упэўнены, не апошні поспех дзяўчыны. У яе скарбонцы ёсць узнагароды абласнога і рэспубліканскага маштабаў.
Так што чакаем наступных стартаў і добрых навін ад пружанскага спартыўнага цэха!
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік
Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_287663229