Среда, 15 января 2025

Сям’я з Лыскава перарабіла будынак старога бальнічнага інтэрната. Цяпер гэта адзін з самых прыгожых двароў аграгарадка

2 142

Калі верыць прымаўцы, што па адзенні сустракаюць, значыць, першае ўражанне пра тое, якія гаспадары жывуць у хаце, павінна складацца па двары. І, напэўна, яно так і ёсць.

Ад непажаданых позіркаў падворак Шастаковых абараняе высокі плот. Але ўсе, хто бываў у іх у гасцях, як адзін гавораць: Іна і Сяргей — руплівыя гаспадары, якія не стамляюцца ствараць вакол сябе рукатворную прыгажосць. Самі гаспадары толькі сціпла зазначаюць, што інакш і не ўяўляюць: для іх важна не зрабіць уражанне на кагосьці, а стварыць утульнасць і камфорт для сябе.


Сядзібу Шастаковых у Лыскаве называюць адной з самых добраўпарадкаваных і прыгожых. Але такой, як сёння, вядома, яна стала не за адзін дзень і нават не за адзін год.


— Пачнём з таго, што гэты дом некалі з’яўляўся бальнічным інтэрнатам, — расказвае Сяргей Сяргеевіч. — Тут пасяліліся мае бацькі, калі прыехалі на работу ў Лыскава. У 1995 годзе (на той момант іх ужо не стала) я выкупіў будынак і пераабсталяваў яго пад сядзібны дом.

Гаспадар вяртаецца думкамі ў сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя, калі яго бацька Сяргей Цімафеевіч, толькі-толькі даўшы клятву Гіпакрата, быў накіраваны на работу ў Лыскаўскую амбулаторыю. Так і застаўся тут. Пра доктара Шастакова старажылы ўспамінаюць выключна як пра прафесіянала сваёй справы, паважанага чалавека. У Лыскаве маладая сям’я павялічылася ўдвая: у 1976 годзе нарадзіўся Сяргей, праз дзевяць гадоў — Арцём.


Вялікая бяда напаткала, калі старэйшаму сыну не было яшчэ і васямнаццаці.
— Раптоўна пайшла з жыцця мама Зінаіда Сяргееўна. Бацькі жылі паміж сабой душа ў душу, настолькі былі прывязаны адзін да аднаго, што тата не вытрымаў гора, і неўзабаве — усяго праз дзесяць дзён — не стала і яго, — успамінае Сяргей.

На яго плечы лёг клопат аб выхаванні малодшага брата. Таму мары бацькоў, каб дзеці таксама сталі медыкамі, спраўдзіліся толькі ў дачыненні да Арцёма: ён закончыў Слонімскі медкаледж, сёння працуе ў Мікашэвічах. А вось Сяргей, які паступіў у Брэсцкае медвучылішча яшчэ пры жыцці бацькоў, неўзабаве забраў дакументы і пачаў зарабляць на кавалак хлеба.

Дарэчы, яго жонка прызнаецца, што некалі таксама марыла стаць медыкам. Двойчы паступала, але пакарыць гэты «алімп» так і не ўдалося. Тым не менш, імкненне дапамагаць людзям прывяло да таго, што ўжо шмат гадоў Сяргей і Іна працуюць у Магілявецкай абласной псіхіятрычнай бальніцы: не медыкі, але тэхработнікі.


— Мы ўзялі шлюб у 2005 годзе, – расказвае Іна Уладзіміраўна. — Натуральна, хацелася, каб было не горш, чым у іншых: каб у доме былі і зручнасці, і сучасная абстаноўка, на двары — парадак. На ўсё і адразу грошай, вядома, не хапала. Бралі крэдыты. Так з часам абнавілі і хату, і ўчастак: замест старых вокнаў уставілі сучасныя шклопакеты, перакрылі дах, разбурылі печкі, склалі камін, зрабілі перапланіроўку, абсталявалі санвузел…


Змяніўся і двор. Стары гаспадарчы будынак перабудавалі ў лазню. Сяргей прыклаў свае майстравітыя рукі і паставіў вялікую альтанку, зрабіў арэлі. Упрыгожваюць двор разнастайныя дэкаратыўныя дрэвы і кусты: розныя віды туй, ядловец, самшыт, драконавае дрэва…

Дапамагае бацькам падтрымліваць парадак і сын Цімафей.
— Гэта вы прыехалі, калі практычна ўсё ўжо адцвіло, — зазначае гаспадыня. — А так вока радуюць яшчэ і шматгадовыя кветкі: ружы, лілеі. Кожны год вешаем кашпо з петуніямі. Усё патрабуе догляду, а значыць, сіл і часу. Але яно таго каштуе! Прыемна пасля насычанага працоўнага дня пасядзець у альтанцы ўсёй сям’ёй з кубачкам духмянай кавы.

— Няўжо ніколі не хацелася махнуць на сельскае жыццё рукой і падацца ў горад? — цікавімся мы.
— Вось не паверыце, ніколі, — у адзін голас гавораць Шастаковы. — Тут мы выраслі, тут працуем, тут уладкавалі свой быт… Ды і хіба можа параўнацца ўласны дом на ўлонні прыроды з душнай кватэрай?! Што ёсць у горадзе такое, чаго няма ў вёсцы? Кінатэатр, басейн, «Еўраопт»? Па буйныя пакупкі мы можам і самі з’ездзіць. Астатняе таксама выглядае вельмі сумніўным «плюсам»: спытайцеся калі-небудзь, колькі разоў сярэднестатыстычны пружанец ходзіць у басейн ці кіно? Дык зрэдку і мы можам пры жаданні іх наведаць. Адным словам, у горадзе мы можам быць толькі гасцямі: наша жыццё тут, на малой радзіме!

Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).