У прадстаўнікоў каталіцкай канфесіі ўвесь тыдзень, які папярэднічае Вялікадню, называецца Вялікім. Гэта асаблівы час падрыхтоўкі да найбольшага рэлігійнага свята, якое каталікі будуць адзначаць заўтра, 9 красавіка.
Ужо сёння ўвечары паства прыйдзе ў касцёл на ўрачыстую службу, якая пачнецца на вуліцы з малітвы каля вогнішча. Ад полымя касцёльнага пасхала – вялікай высокай свечкі, на якой ксёндз пазначыць лічбы новага года – 2023 – парафіяне будуць запальваць свае свечкі і з імі ўвойдуць у касцёл. У канцы святочнай службы пастыр асвеціць стравы на велікодны стол, беражліва выкладзеныя ва ўпрыгожаныя кошычкі.
Шчырую радасць ад падзеі Уваскрэсення Хрыста раздзяляе і сям’я Чаюкоў: Сяргей і Надзея разам з чатырма сынамі – Янам, Маркам, Ігнатам і Давідам – напярэдадні Вялікадня абавязкова ўсе разам наведваюць касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пружанах. Вера ў Бога – неад’емная частка жыцця гэтай сям’і, якая была створана амаль 20 гадоў таму.
– Сэнс падрыхтоўкі да Вялікадня для нас заключаецца не ў тым, каб бездакорна прыбраць да свята дом, а ў тым, каб навесці парадак у сваёй душы: абавязкова паспавядацца, пасля прыйсці да Святой Камуніі, – расказвае захавальніца сямейнага ачага Чаюкоў Надзея. – Мы заўсёды імкнёмся прыступіць да споведзі да Чыстага (Вялікага) чацвярга: у гэты і наступныя два дні перад Уваскрасеннем трэба канцэнтравацца на падзеях жыцця Хрыста, а не думаць пра грахоўны багаж, які застаўся за плячыма.
Прыхільнікі каталіцкай канфесіі, да слова, падтрымліваюць ідэю ўсвядомленага ўдзелу парафіяніна ў Эўхарыстыі (уся служба і прычасце), і, што вельмі важна, гэтая ідэя мае дачыненне і да дзяцей. Што гэта значыць? Дзіця прыступае да сваёй першай Камуніі толькі тады, калі пачынае разумець усю сутнасць гэтага таінства (Сакрамэнту) і неразлучнай з ім споведзі.
– Да споведзі і Святой Камуніі дзеці ідуць не раней, чым у сем гадоў. Гэта сапраўдная падзея ў жыцці юнага каталіка, да якой трэба вельмі адказна і даволі доўга рыхтавацца, – зазначае Надзея.
Пры пружанскім касцёле ёсць нядзельная школа, у якой дзеці займаюцца ў розных групах: дашкольнікі, тыя, хто рыхтуецца да першай Камуніі, тыя, хто ўжо прыняў першую Святую Камунію, і моладзь. Манашкі (Сёстры законныя) з Брэста займаюцца з дзеткамі, якія толькі намерваюцца прычашчацца: вывучаюць з імі Біблію, разбіраюць малітвы, тлумачаць сутнасць таінстваў (Сакрамэнтаў), расказваюць, што такое грэх, як правільна спавядацца. Падрыхтоўка доўжыцца цэлы год, а калі дзіцяці складана, то і да двух гадоў.
– Асабіста для мяне вельмі важна, каб маё дзіця, ідучы да першай Святой Камуніі, усведамляла, для чаго яно гэта робіць, што галоўнае тут – не проста з’есці аплатак – круглы, маленькі, вельмі тонкі, падобны на вафлю хлеб, – тлумачыць суразмоўніца. – Наш Ігнат, напрыклад, яшчэ не быў на першым Прычасці. Сёлета яму споўніцца восем, але я бачу, што яму яшчэ не зусім зразумелы сэнс споведзі, Прычасця. І мы пакуль не гатовы аддаць сына ў групу нядзельнай школы, дзе будуць рыхтаваць да гэтых падзей.
Трэба адзначыць, што клопат пра духоўную сферу жыцця сваіх дзяцей Сяргей і Надзея ўскладаюць не толькі на нядзельную школу: бацькі ўсведамляюць важнасць свайго асабістага ўдзелу. Менавіта таму дома ў Чаюкоў ёсць і дзіцячая Біблія, і Евангелле, якія чытаюцца сынам перад сном. Рэлігійныя сюжэты бачаць дзеці і ў некаторых мультфільмах, разумна падабраных бацькамі для прагляду. З самага дзяцінства ўсе хлопчыкі прывучаюцца да таго, што ў сям’і па вечарах заўсёды ладзіцца сумесная малітва.
– А раніцай нашы дзеці моляцца самі, мы іх не кантралюем у гэтым, – кажа Надзея і зазначае таксама, што малітва да Бога – гэта самы лепшы памочнік у вырашэнні любых праблем. – Калі ў мяне ёсць нейкае пытанне, а іх у сям’і заўсёды многа, я раніцай, молячыся, кажу: «Божа, на ўсё воля Твая, пакіруй мной, каб гэта было так, як павінна быць». І больш ні за што не турбуюся: калі чалавек не спрабуе пераскочыць праз волю Божую, не імкнецца ўсё трымаць у сваіх руках, то пытанні самі сабой вырашаюцца.
Кіруючыся гэтым правілам, Чаюкі не планавалі, калі і якое дзіця павінна ў іх нарадзіцца. Усё адбывалася так, як лічыў патрэбным Бог.
– А вось пасля нараджэння трэцяга сына, як раз калі пераехалі ў новы дом, адчулі з мужам, што нарэшце можна расслабіцца: дзеці падраслі, і мы сталі загадваць, калі і куды паедзем разам, як цікава будзем бавіць час… І хутка даведаліся, што чакаем чацвёртае дзіцятка! «Набудавалі планаў, а ў Бога і не спыталі», – сказаў тады мой муж.
Зараз старэйшаму сыну Чаюкоў, Яну, 18 гадоў, Марку – 12, Ігнату – 7, самаму малодшаму, Давіду, 2 гадкі, і ўсе хлопчыкі абсалютна розныя.
– Ян вельмі адказны. Калі яму скажаш: «Трэба», ён адкажа: «Добра». І абавязкова гэта зробіць, таму што разумее: даў слова, – расказвае мама пра сваіх любімых дзетак. – Марк – зусім іншая асоба. Творчая. Ён не паддаецца ніякаму ўплыву ў плане падтрымання парадку. Калі ў Яна ўсё складзена акуратна, то ў Марка – сварыся-не сварыся – усё роўна рэчы будуць «творча ляжаць». А колькі разоў яны былі на вуліцы! Што ні спрабавалі – нічога не спрацоўвае.
Першакласнік Ігнат, па словах Надзеі, вельмі самастойны, заўсёды памятае, што і калі яму трэба зрабіць, прычым удзел мамы ў яго справах – нават калі гэта падрыхтоўка ўрокаў – не патрэбны: сам пачытае, папіша, палічыць. Рашэнні, зразумела, ён таксама прымае сам.
Малодшы Давід вельмі настырны. Яму мала проста сказаць «не»: абавязкова трэба патлумачыць, «чаму» не. Калі ж ён не будзе разумець прычыну, з-за якой нешта яму забараняецца, то ўсё роўна возьмецца рабіць гэта на зло або плакаць, што не патлумачылі нічога.
– Так, нашы дзеці сапраўды вельмі розныя, хаця, заўважце, сістэма выхавання ў доме адна… Не інакш як гэта сведчыць пра тое, што характар, натура даюцца чалавеку звыш, – лічыць Надзея.
Але ж пры гэтым многае ў фарміраванні асобы, яе каштоўнасцей залежыць ад сям’і.
– Адно з важнейшых правілаў, якое мы з мужам транслюем нашым дзецям, – не хлусіць. Лепш ты скажы праўду. Так, за яе атрымаеш пакаранне, але яно не будзе такім жорсткім, як за хлусню, – дзеліцца прынцыпамі ўзаемаадносінаў з дзецьмі вопытная мама. – Сёння арганізаваць пакаранне дзіцяці вельмі проста: дастаткова пазбавіць камп’ютара, тэлефона, прагулак з сябрамі, цукерак… Дзеці павінны разумець, што ў жыцці нельга і немагчыма рабіць усё, што хочацца і калі хочацца. Так, малым шкодна дазваляць усё, але ў той жа час не трэба і ўшчамляць іх.
Яшчэ адзін няхітры сакрэт выхавання дзяцей, на думку Чаюкоў, – захаванне даверлівых адносін. Калі іх няма, то што б ты ні рабіў, усё будзе марна. Нічога добрага Сяргей і Надзея не бачаць у тым, калі дзеці баяцца бацькоў, апасаюцца штосьці сказаць ім, маўляў, усё роўна будуць сварыцца… Так не павінна быць.
Падчас гутаркі назіраю за малым Давідам, які круціцца вакол мамы: хлопчык узяў каробачку з пазламі, пачаў раскладваць іх на століку, а калі гульня надакучыла, вырашыў прынесці іншую каробачку. Але… пакуль не прыбраў дэталькі ад першага пазла, другі не раскладваў.
– Я вучу дзяцей: калі хочаш гуляць з новымі цацкамі, прыбяры спачатку старыя, – тлумачыць Надзея. – Трэба ж умець прыбіраць за сабой і паважаць маміну працу! Я і старэйшым сынам кажу: чаму я павінна гатаваць, прыбіраць, даглядаць вас, калі вы для мяне наўзамен не робіце нічога? А аднойчы, калі яны ігнаравалі дамашнія абавязкі, я сказала, што таксама нічога не буду рабіць па доме. Хлопцы падумалі, што жартую. А не: я слова сваё стрымала…
Такой прынцыповасці ў свой час навучылі Надзею бацькі, якія сваім выхаваннем – у строгасці, але ў любові – імкнуліся данесці, што ў жыцці нічога проста так не бывае: каб нечага дабіцца, трэба папрацаваць.
– Каб пайсці пагуляць, мне трэба было паўагарода прапалоць, інакш мама не пусціць. А я тады думала: здзекуецца! І толькі потым пачала разумець, што бацькам сапраўды патрэбна дапамога: яны ж цэлы дзень былі на цяжкай працы…
Цяпер падобным чынам Сяргей з Надзеяй загартоўваюць характары сваіх дзяцей.
– Ведаеце, ад бацькоў залежыць вельмі многае, у тым ліку тое, будзе дзіця разбалаванае ці не, нават калі яно адно ў сям’і, – лічыць Надзея. – Увогуле, у мяне пазіцыя такая: калі ты нарадзіў дзіця, значыць, ты павінен ім займацца. Ні адзін з нашых сыноў, напрыклад, ніколі не сядзеў у тэлефоне, камп’ютары проста таму, што мне было лянота ім займацца. А каб лягчэй было спраўляцца з усімі цяжкасцямі, я проста давяраюся Богу. У нас у сям’і ўсё з верай звязана. Жыццё ў касцёле і жыццё дома – гэта не дзве розныя рэальнасці. Гэта ўсё адно цэлае, – рэзюмуе гутарку Надзея Чаюк.
***
Заўтра, у нядзелю, у шэсць гадзін раніцы ў пружанскім касцёле адбудзецца ўрачыстая служба. Вакол касцёла тры разы будзе ісці працэсія, абвяшчаючы: «Хрыстос Уваскрос!»
Пасля службы сям’я Чаюкоў збярэцца дома за велікодным сталом. Дамашняя малітва, каштаванне асвечанай ежы, святочных страў… А яшчэ – падарункі дзецям: традыцыйна мама з татам робяць іх сваім сынам на гэтае свята, як і на Нараджэнне Хрыстова. Ідэю для сюрпрызаў знайсці было няцяжка, галоўнае – проста слухаць і чуць дзяцей.
Галоўнае – слухаць адзін аднаго.
Галоўнае – слухаць Бога…
Вольга Басак. Фота Кацярыны Масік