Суббота, 14 декабря 2024

Сямейны экіпаж Аляксандра і Мікалая Густыроў з ААТ «Ружаны-Агра» намалаціў тысячу тон новага ўраджаю

1 090

Самыя вялікія ўборачныя плошчы – амаль 6300 га – проста абавязваюць работнікаў ААТ «Ружаны-Агра» не расслабляцца. І, калі меркаваць па намалотах і танажы да-працаванага збожжа, ім яшчэ ўдаецца і паказваць прыклад. На гэтым тыдні з сельгаставарыства прыйшла чарговая радасная навіна. Адзін з пяці сямейных экіпажаў, якія сёлета шчыруюць тут на жніве, намалаціў 1000 тон новага ўраджаю.

Такога поспеху дасягнулі два родныя браты – Аляксандр і Мікалай Густыры. Віншаванні сямейны экіпаж прымаў ад раённага прафсаюзнага камітэта работнікаў АПК.

Аляксандр і Мікалай Густыры.

На сваім «баявым кані», камбайне «GS-12», разам браты шчыруюць з 2014 года. Гэтая тысяча тон – першая ў сезоне, але далёка не першая ў жыцці. Былі і куды большыя намалоты.

— У гэтым сезоне стаць «двухтысячнікамі», хутчэй за ўсё, не атрымаецца, — прызнаецца Мікалай Васільевіч. – За дзень з бункера камбайна на сёлетнім жніве выдаём прыкладна 75 тон збожжа, хаця ў мінулыя гады бывала і па 150. Аднак адсутнасць рэкордаў — не падстава сумаваць, бо галоўнае — якасна ўбраць палеткі.
Такой думкі прытрымліваецца і Аляксандр Васільевіч. Хоць на камбайне ён і галоўны, але ў экіпажы пануе поў-нае ўзаемаразуменне. І калі за тэхнічны стан «GS-12» адказвае Мікалай Васільевіч, які на асноўным сваім рабочым месцы працуе майстрам-наладчыкам, то адказнасць за якасць намалотаў кладзецца на плечы брата-механізатара.

Усяго на жніве-2021 у ААТ «Ружаны-Агра» задзейнічана 20 камбайнаў. На ранак 6 жніўня дзякуючы іх плённай рабоце, было ўбрана 79,3% збожжавых плошчаў. І, хоць жніво яшчэ не завершана, у гаспадарцы ўжо рыхтуюцца да асенніх работ. У верасні Мікалай Густыр зноў сядзе на камбайн, на гэты раз бульбаўборачны. А вось Аляксандр вернецца да працы на трактары «МТЗ-1221». Вядома, што і гэтыя работы браты будуць выконваць адказна і максімальна якасна.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік.