Суббота, 13 декабря 2025

Сямейнае свята ў Пружанах!

629

17 мая Пружаны сталі цэнтрам сямейнага адпачынку, расчыніўшы свае дзверы для яркага і насычанага свята «Адпачываем усёй
сям’ёй». Мерапрыемства, прысвечанае Дню сям’і, прапанавала жыхарам горада і раёна разнастайныя забавы і актыўнасці, пакінуўшы незабыўныя ўражанні ва ўсіх удзельнікаў.

Сэрцам мерапрыемства стаў Палац культуры, дзе з самай раніцы праходзілі займальныя мерапрыемствы. Такія, як квэст-гульня «Наша дружная сям’я», арганізаваная дзякуючы ініцыятыве ДУ «Пружанскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» ў гульнявым пакоі ГПК. Пяць шматдзетных сем’яў з энтузіязмам узяліся за рашэнне галаваломак і выкананне заданняў. Квэст быў арганізаваны ў форме пошуку чароўных літар, з якіх трэба было скласці дэвіз гульні. Каб атрымаць кожную літару, камандам даводзілася выконваць розныя заданні. Напрыклад, на станцыі «Залаты ключык» удзельнікам трэба было падабраць ключы да замкоў, якія віселі на сцяне, а затым адшукаць схаваны ліст. Гэта патрабавала не толькі ўважлівасці, але і ўмення працаваць разам.

Усе каманды выдатна справіліся з заданнямі. А іх энтузіязм і добры настрой сталі найлепшым пацвярджэннем таго, што «Мы — сям’я!», здольныя пераадолець любыя цяжкасці (менавіта гэты дэвіз склалі сем’і з сабраных літар). Усе ўдзельнікі квэста былі ўзнагароджаны ад арганізатараў салодкімі падарункамі, якія сталі прыемным сюрпрызам і дадалі святочны настрой.

У гэты ж час у кулуарах Палаца культуры панавала атмасфера прыгажосці і натхнення. На выставе дзіцячых кніг юныя чытачы пазнаёміліся з новымі творамі, а ў майстэрнях прыгажосці для
сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, прафесійныя стылісты дзяліліся сакрэтамі макіяжу і стварэння стыльнага вобраза. Тут жа можна было палюбавацца выставай дзіцячых малюнкаў і зрабіць яркі аквагрым пад любімага казачнага персанажа.

Кульмінацыяй свята стала канцэртная праграма «Сям’я — наша сіла» ў малой зале Палаца культуры. Яна пачалася з кранальнага моманту — уручэння пасведчанняў шматдзетным сем’ям Аляксею і Ганне Слабада, а таксама Аляксею і Кацярыне Чмыхун. Гэта зрабіў намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Руслан Супрыновіч. Ад усёй душы Руслан Васільевіч пажадаў шчасця, кахання і здзяйснення запаветных жаданняў, бо, як ён адзначыў, «у шчаслівай сям’і шчаслівыя абсалютна ўсе!»

Эстафету віншаванняў прадоўжыла начальнік
аддзела ЗАГСа Пружанскага раённага выканаўчага камітэта Наталія Цібароўская, падкрэсліўшы непераходную значнасць сямейных каштоўнасцей і традыцый. Яе словы сталі прыгожым пачаткам да ўшаноўвання тых, хто сваім шматгадовым саюзам даказаў, што любоў можа пераадолець усе цяжкасці — сямейных юбіляраў. Пад бурныя апладысменты на сцэну падняліся пары, якія сталі гонарам Пружан: Сяргей і Аксана Мароз (25 гадоў разам), Андрэй і Ірына Шэйка (30 гадоў разам), Пётр і Пелагея Федасюк (45 гадоў), Леанід і Аліна Грыцко (50 гадоў). Кожная пара пакінула свой аўтограф у Кнізе ганаровых юбіляраў горада, захаваўшы свой шматгадовы шлюб у гісторыі Пружан.

Творчыя калектывы Палаца культуры падарылі гледачам музычныя нумары, якія напоўнілі залу атмасферай дабра і любові. Са сцэны гучалі песні пра сям’ю, вернасць, любоў да дзяцей і роднай зямлі, краналі сэрцы і стваралі настрой.

Не менш яскравыя падзеі разгортваліся і ў СШ № 5, дзе праходзіла сямейная спартландыя «Папа, мама, я — фізкультурнікаў сям’я!» ад РФСК «Мухавец» і СДЮШАР № 2. Ужо з самай раніцы на спартыўнай пляцоўцы панавала атмасфера азарту і весялосці, бо чатыры актыўныя сям’і выйшлі на старт, каб пазмагацца за званне самых спартыўных і дружных! Арганізатары падрыхтавалі захапляльную праграму, якая ўключала ў сябе цэлую серыю займальных эстафет і конкурсаў: сем’і спаборнічалі ў спрыце, хуткасці і камандным духу ў эстафетах «Таксіст», «Пузыр», «Хакеісты» і іншых. Удзельнікі таксама праверылі свае веды ў інтэлектуальным конкурсе і прадэманстравалі танцавальныя навыкі. І як у любой сапраўднай сям’і, перамагло сяброўства! Усе ўдзельнікі атрымалі зарад бадзёрасці, добрага настрою і пераканаліся, што разам яны — сіла!

Сямейнае свята «Адпачываем усёй сям’ёй» у Пружанах стала яркім пацвярджэннем таго, што сям’я — гэта галоўная каштоўнасць у жыцці кожнага чалавека, а каханне, вернасць і ўзаемаразуменне — гэта фундамент шчаслівай будучыні.


Крысціна Асіпчук.

Фота Кацярыны Масік