Понедельник, 2 октября 2023

Сяду на пянёк, з’ем піражок. Ці з’явяцца лаўкі на Кастрычніцкай?

408

Наўрад ці давядзецца прысесці на працягу ўсёй вуліцы Кастрычніцкай у Пружанах.

Аб праблеме паведаміла па тэлефоне нам наша чытачка з райцэнтра. Яна – жанчына сталага ўзросту, баляць ногі. Але, як кажа, трэба ўсё роўна рухацца, бо без гэтага хваробы зусім даканаюць. Куды для такіх, як яна, пенсіянераў больш шлях пралягае? Правільна, маршрут амаль адзіны: паліклініка, аптэка, магазін, аддзяленне банку.

Як расказвае жанчына, на даволі працяглай вуліцы Кастрычніцкай няма дзе нават прысесці. Чаму б  не усталяваць хаця б пару-другую лавак? Ну, напрыклад, каля аптэкі, оптыкі і аддзялення банку?

Нярэдка тут стаяць у чэргах да банкамата мамы з малымі, старыя. Пакуль пасоўвалася чарга, можна было б крыху і пасядзець, не ва ўсіх жа ногі моцныя. Тут як раз самае месца: прыгожыя івы, якія даюць цень. У самую спякоту, якая вельмі дакучала гэтым летам, можна было б па дарозе і адпачыць. Прапанова даволі слушная.

Дык ці будуць лаўкі на вуліцы Кастрычніцкай?

Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара