Воскресенье, 6 октября 2024

Сяброўства і дапамога ў «Teens-фармаце». Далучайцеся да маладзёжнага клуба!

374

Клуб для падлеткаў існуе пры Палацы культуры з 1999 года. За гэты час у яго змяняліся кіраўнікі, назвы, а каб адпавядаць запытам кожнага новага пакалення ўдзельнікаў, хоць нязначна, але змяняўся і фармат работы. Дарэчы, цяпер клуб вядомы ў горадзе менавіта пад такой назвай – з мая мінулага года афіцыйна – «Teens-фармат». Змене назвы папярэднічалі іншыя падзеі. А цяпер аб усім па парадку.
У кастрычніку 2019 года аб’яднанне ўзначаліла Наталля Іванцова.

Аб’ядноўваць людзей вакол разнастайных ідэй для Наталлі Пятроўны было справай звыклай: шмат гадоў яна з’яўляецца старшынёй Пружанскага раённага грамадскага аб’яднання дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам.

— Прызнацца, перад першым працоўным днём я вельмі хвалявалася. Падтрымала мяне дачка Валя, але найперш яна загадала мне змяніць гардэроб, маўляў, падлеткі інакш не ўспрымуць (смяецца). Сёння ўжо магу канстатаваць, што з маімі дзяўчынкамі ў мяне ўсталяваліся сапраўды сяброўскія адносіны. Калі мая работа ў грамадскім аб’яднанні патрабуе ад мяне шмат сіл, то ў клубе я, наадварот, атрымліваю энергію.

— Наталля Пятроўна, што ў рабоце клуба прынцыпова змянілася з Вашым прыходам?
— Мы нічога не ламалі, я стараюся прыслухоўвацца да дзяўчынак, усе мерапрыемствы мы абавязкова абмяркоўваем разам. Адзінае — гэта стала больш інтэграваных імпрэз. Я, як маці сына-інваліда, выдатна ведаю, што людзям з інваліднасцю, асабліва дзецям і падлеткам, вельмі не хапае стасункаў з аднагодкамі. Мы паспелі ажыццявіць некалькі цікавых задумак, у тым ліку наша Лізавета Туціна разам з мясцовым тэлебачаннем правяла тэматычнае апытанне. Але планы значна змяніў каранавірус. Дзеткі з інваліднасцю знаходзяцца ў зоне рызыкі, таму нават з навагоднімі святамі мы здолелі павіншаваць толькі некалькі чалавек, бацькі якіх пагадзіліся на сустрэчу.

— Мяркую, эпідсітуацыя перашкаджае і на іншых накірунках Вашай работы?
— Гэта вельмі сумна, але так. Мы паспелі падрыхтаваць маштабнае мерапрыемства, каб абараніць званне ўзорнага калектыву (паспяхова абаранілі). Але тут прыйшла “першая хваля”. Перачакалі яе і толькі пачалі працаваць на поўную моц, як падаспела і “другая”. У маіх дзяўчынак мноства ідэй, але пакуль мы толькі ўдасканальваем сцэнарыі без магчымасці правядзення, напрыклад, квіза паміж школамі.

— Але ж удзельнікі клуба не ся-дзяць, склаўшы рукі?
— Зразумела, не. Пасяджэнні клуба абавязкова адбываюцца двойчы на тыдзень. Дзяўчынкі, для чаго мы сёння сабраліся? – пераадрасоўвае пытанне Наталля Пятроўна.


— Галоўная задача на сёння – вырашыць усе нюансы па дыскатэцы, якую мы рыхтуем да Дня закаханых і якая адбудзецца ў дысказале 13 лютага. Дарэчы, запрашаем усіх! Будзе весела! Мы распрацавалі мноства конкурсаў і склалі самы сучасны плэй-ліст!—адказваюць тыя. — Акрамя гэтага, проста абмяркуем надзённыя праблемы, параімся адна з адной і з Наталляй Пятроўнай.

— А для чаго падлеткі наогул займаюцца ў клубе?
— Каб з карысцю правесці вольны час, — падключаецца Валянціна Іванцова. – Вы проста не ўяўляеце, як у нас цікава! Мы ніколі не разыходзімся ў дрэнным настроі.
— А мне вельмі падабаецца, што тут ёсць усе магчымасці для самарэалізацыі, — дадае Ліза Туціна. – Мы «самі сабе рэжысёры». Ніхто нас не абмяжоўвае ў нашай творчасці, а наадварот – ва ўсім падтрымліваюць і дапамагаюць. Сумна сядзець дома? Далучайцеся да нас, будзем сябраваць!
Гутарыла Кацярына Пашкевіч.
Фота аўтара.