Вторник, 14 января 2025

Азімы рапс пачалі сеяць у «Пружанскім райаграсэрвісе»

522

Чым адрозніваецца выкананне работ у сельгаставарыствах ад працы прамысловых аб’ектаў? Любы завод, фабрыка вырашаюць канкрэтныя задачы, не звязаныя з сезонам, займаюцца выпускам вызначанай прадукцыі з году ў год. Іншая справа назіраецца ў сельскай гаспадарцы. Тут у гарачую пару даводзіцца паралельна выконваць некалькі работ. Узяць, напрыклад, жніво. Важнасць яго ніхто не адмяняе, але руплівы гаспадар ведае, што нароўні з уборкай сёлетняга ўраджаю не трэба забываць і пра заклад на год наступны. Размова, канечне, пра азімую сяўбу.

У ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» прыступілі да сяўбы азімага рапсу. Сёлета пад гэтую культуру ў сельгаставарыстве адведзена 200 га: плошчы засталіся тыя ж, што і ў мінулым годзе. Падчас цяперашняй уборкі змаглі сабраць 431 тону зерня рапсу. Ураджайнасць склала 21,6 ц/га. Пастаўляецца зерне ТАА «Аграпрадукт», якое знаходзіцца ў Камянецкім раёне. Адна са спецыялізацый гэтага прадпрыемства — выраб рапсавага алею.

Палетак у 30 га каля в. Купічы, дзе сёлета будзе расці азімы рапс.

Палетак у 30 га каля в. Купічы, на якім да гэтага рос яравы ячмень, першым падрыхтавалі пад азімы рапс, гэта значыць, не проста ўзаралі, але і ўнеслі патрэбныя мінеральныя ўгнаенні — хлорысты калій, суперфасфат і карбамід. Без дадзенай работы разлічваць на добры ўраджай не даводзіцца, а калійныя ўгнаенні з’яўляюцца магутным фактарам росту каранёвай сістэмы, суперфасфат падтрымлівае здаровае развіццё і рост раслін, спрыяе павелічэнню ўраджаю, а карбамід выкарыстоўваецца для актывацыі росту, падтрымання раслін у «прэзентабельным» стане.

Брыгадзір Іван Субота і механізатар Аляксандр Гродскі абмяркоўваюць пасяўную.

Па словах брыгадзіра сельскагаспадарчага ўчастка Івана Суботы, сур’ёзна ў райаграсэрвісе падыходзяць і да выбару сартоў азімага рапсу, перавагу аддаюць суперэліце. Набылі сорт «Імперыял». А на вышэйназваным участку сортам «Онікс» сяўбу праводзіў механізатар гаспадаркі Аляксандр Гродскі на трактары «МТЗ 1221» з сеялкай «СПУ-6». Аляксандр працуе ў гаспадарцы не першы год, ведае, чаго вартая праца на зямлі і як да яе трэба адносіцца. За дзень яму ўдаецца засяваць плошчу ў 35-40 га. З улікам гэтага сельгаставарыства мяркуе правесці сяўбу азімага рапсу за тыдзень — у аптымальныя тэрміны.

Вось такое яно, насенне азімага рапсу.

Потым застанецца правесці падкормку, хімпраполку і прасіць у нябеснай канцылярыі спрыяльнага надвор’я.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік