Адбыўся сход актыву Пружанскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. У яго рабоце прынялі ўдзел дырэктар Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Нэлі Педчанка, старшыні пярвічных ветэранскіх арганізацый, члены раённага савета ветэранаў і ганаровыя ветэраны аб’яднання ветэранаў.
Са справаздачай аб рабоце ветэранскай арганізацыі ў мінулым годзе выступіў старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Яцкевіч.
Уладзімір Аляксандравіч расказаў, што ў раёне па стане на 1 студзеня бягучага года пражывала 15 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, 38 вязняў фашызму. Сёння ветэранская раённая арганізацыя аб’ядноўвае больш за 10 тыс. ветэранаў працы і іншых катэгорый у 42 пярвічных ветэранскіх арганізацыях.
Работа раённага савета ветэранаў у 2023 годзе была накіравана на падрыхтоўку і правядзенне шэрага патрыятычных акцый, мерапрыемстваў, прысвечаных дзяржаўным святам, захаванне гістарычнай памяці. У рамках сваёй дзейнасці ўвесь час надавалася вялікая ўвага забеспячэнню актыўнага жыцця ветэранаў, стварэння ўмоў для іх культурнага адпачынку, аздараўлення, рэалізацыі сваіх магчымасцяў.
У тым, што грамадскае жыццё ў ветэранскіх пярвічках пастаўлена на высокі ўзровень, вялікая заслуга іх старшыняў. Стварыўшы добры актыў, пярвічныя арганізацыі БГАВ годна выконваюць свае задачы па абароне законных правоў і інтарэсаў пажылых людзей і павышэнні іх грамадскай актыўнасці.
Пра сваю работу расказалі старшыні пярвічных ветэранскіх арганізацый Пружанскага сельсавета Алена Ледзянёва, Пружанскага райспажыўтаварыства Людміла Нагорная, Пружанскага аддзела Дэпартамента аховы Іван Разанка, савета ветэранаў г. Пружаны Аляксей Радзівончык. Дарэчы, усе яны адзначаны граматамі і падзякамі раённага савета ветэранаў.
Як вядома, грамадская работа трымаецца на энтузіязме людзей, і ў нас ёсць такія энтузіясты. Уладзімір Яцкевіч адзначыў актыўную работу і ўручыў падзячныя лісты старшыні камітэта ветэранаў вайны і Узброеных Сіл Уладзіміру Чакашову (на здымку), старшыні раённага аддзялення асацыяцыі вязняў Валянціне Засядацель, старшыні прэс-групы Ніне Дыдышка, кіраўніку творчага клуба «Нам гады не бяда» Святлане Несцеравай.
Нэлі Педчанка расказала пра работу па падтрымцы ўзроўню жыцця ветэранаў, адзінокіх пажылых людзей, фінансаванні на гэтыя мэты.
Старшыня раённага савета ветэранаў падвёў вынікі сходу, падзякаваў ветэранам за актыўнасць, адзначыў, што пярвічным арганізацыям варта актыўней выкарыстоўваць карысны вопыт працы лепшых.
Таццяна Капіца
Фота прадастаўлена раённым саветам ветэранаў