Среда, 26 марта 2025

Свыше 17 тысяч жителей района вышли на республиканский субботник. Заработано 32 тысячи рублей

942

Традыцыйна ў красавіку на добраахвотнай аснове работнікі арганізацый рознай формы ўласнасці, прадстаўнікі грамадскіх суполак і проста жадаючыя прыбрацца вакол свайго месца жыхарства выходзяць на суботнік. Гэта практыка вядзецца, бадай, больш за 100 гадоў і, мяркуючы па далучэнні да чарговай акцыі моладзі, будзе працягвацца і ў будучым. І гэта прыемна, бо, папрацаваўшы некалькі гадзін на ўборцы роднага горада, пасёлка, аграгарадка ці вёскі, мы разам на працягу года будзем захапляцца чысцінёй нашых вуліц, паркаў і вадаёмаў.


У бягучым годзе навесці такі парадак на Пружаншчыне 20 красавіка — у дзень правядзення рэспубліканскага суботніка — выказала жаданне 17 з паловай тысяч жыхароў раёна. Дзякуючы такой масавасці быў зроблены велізарны фронт работ. Трэба адзначыць, што традыцыя апошніх гадоў, калі ўвага падчас суботніка надаецца не толькі райцэнтру і прылеглым тэрыторыям, але і аддаленым вёскам, працягвалася і сёлета: брыгады па навядзенні парадку, сфарміраваныя з работнікаў гарадскіх арганізацый, шчыравалі ў вёсках Байкі, Каплі, Бортнавічы.

Там работнікі Пружанскіх электрасетак, раёна газазабеспячэння, лясгаса, ПМК-21, ПМК-29 і каледжа займаліся зносам старых дамоў, высякалі зараснікі і добраўпарадкоўвалі тэрыторыю. Але не толькі гэтыя населеныя пункты былі прыбраны: добраахвотнікі суботніка працавалі і ў Клепачах, Лінове, Сухопалі, Шарашэве. Працоўныя калектывы, настаўнікі і іх вучні, медыцынскія работнікі, паштальёны і простыя вяскоўцы прыбіралі прылеглыя да сваіх арганізацый тэрыторыі, рыхтавалі да чарговага сезона дзіцячыя аздараўленчыя лагеры, разбівалі клумбы і высаджвалі кветкі, наводзілі парадак на месцах воінскай славы і брацкіх пахаванняў.
Безумоўна, і самі Пружаны не засталіся па-за ўвагай. Тут асноўныя работы падчас рэспубліканскага суботніка праводзіліся на вуліцах Лазо, Макаранкі, Шырмы, Кобрынскай, Гогаля, Міцкевіча, Савецкай, на берагах Бабы і Мухаўца, а таксама ў гарадскім парку. Высякаліся дзікія зараснікі, фарбаваліся агароджы, слупы, дрэвы і наносілася дарожная разметка, прыбіралася смецце.


Сур’ёзны працоўны дэсант у гэту суботу папрацаваў і ў г.п.Ружаны, дзе сёлета пройдзе абласное свята — фестываль-кірмаш працаўнікоў аграпрамысловага комплексу «Дажынкі 2019». На вуліцах пасёлка шчыравалі калектывы райвыканкама, ДЭУ-25, ПМК-21, ПМК-22 і ПМК-29, «Рамбуд», ДРБУ-140, аўтапарка №11, «ПЗР», ільнозавода, малочнага камбіната, «ПМС», райаддзела па надзвычайных сітуацыях, мясцовых арганізацый і ўстаноў, члены БРСМ. Брыгады наводзілі парадак на вуліцах Шпітальнай, Пушкіна, Урбановіча, Леніна, Камсамольскай, Горкага, Я.Коласа, Інтэрнацыянальнай, па завулку К.Марача і каля аўтазапраўкі. Былі разабраны старыя пабудовы, а прылеглая тэрыторыя — добраўпарадкавана. Таксама ачышчаны зарослыя ўчасткі, пафарбаваны бардзюры і агароджы.


Пры гэтым не толькі пружанскія арганізацыі, але і госці з іншых рэгіёнаў праявілі інтарэс да суботніка на тэрыторыі Ружан. Напрыклад, са сталіцы краіны прыехала брыгада ў складзе амаль двух дзясяткаў чалавек. Яе сфарміравалі работнікі агенцтва «Ідэя Кансалт» і мінскія валанцёры, якія пры фінансавай падтрымцы «БелГАЗаўтасэрвісу» закупілі 40 туй і разам з прадстаўнікамі Ружанскага палацавага комплексу роду Сапегаў пад кіраўніцтвам спецыяльна запрошанага ландшафтнага дызайнера высадзілі дрэўцы на пляцоўцы каля ўвахода на тэрыторыю музея.


Да слова, на рэспубліканскім суботніку жыхарамі Пружаншчыны было зароблена 32 тысячы рублёў, пры гэтым палова сабранай сумы застаецца ў распараджэнні Брэсцкага аблвыканкама для падрыхтоўкі дзіцячых загарадных аздараўленчых лагераў да летняга сезона, у тым ліку і для развіцця і замацавання іх матэрыяльна-тэхнічнай базы. Таксама будзе працягвацца далейшае добра-ўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан населеных пунктаў, будзе праводзіцца рамонт, рэканструкцыя, рэстаўрацыя або аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны.


Другая палова заробленых грошай будзе выдаткавана на капітальны рамонт з мадэрнізацыяй помніка партызанам і воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, з Вечным агнём і рытуальнай пляцоўкай (манумент Перамогі ў г.Мінску) і рамонт падземнага пешаходнага перахода каля гэтага комплексу.
Алег Сідарэнка. Сяргей Талашкевіч.
На здымках: падчас суботніка