Сотні артыстаў, дзясяткі творчых калектываў, адразу некалькі канцэртных пляцовак і гіганцкі горад майстроў… Здаецца, з часоў “Дажынак” наш горад не бачыў такога наплыву гасцей, ды яшчэ ў такіх прыгожых аўтэнтычных народных строях!..
На працягу двух дзён гасцінная Пружаншчына шчыра вітала ўдзельнікаў VII адкрытага абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод” сярод устаноў адукацыі Брэсцкай вобласці.
Гасцей віталі
Свята пачалося яшчэ ў пятніцу з конкурсу выканаўцаў традыцыйных бытавых танцаў, які праходзіў ў вялікай зале Палаца культуры. Пад “жывы” акампанемент “Вясёлых музыкаў” з Баранавіч і пад несціхаемыя апладысменты гледачоў на галоўнай сцене артысты з неверагодным імпэтам вытанцоўвалі “польку-бабачку”, “каробачку”, “яблычак”, “рэчаньку” і іншыя народныя танцы.
Кульмінацыяй пятнічнай танцавальнай праграмы стала віртуознае выступленне двух гасцявых калектываў з Сербіі, якія заваявалі прызнанне публікі каларытнымі балканскімі танцамі.
Караваем частавалі
Праграма наступнага дня пачалася з урачыстага пастраення дэлегацый-удзельнікаў на галоўнай плошчы горада, якая, прызнацца, ледзь змясціла ўсіх прысутных. На сцэну падняліся прадстаўнікі фальклорных калектываў са штандартамі і члены аргкамітэта фестывалю.
З прывітальным словам да артыстаў і жыхароў Пружан звярнуўся начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Юрый Мікалаевіч Прасмыцкі, які пажадаў артыстам паспяховых выступленняў, а гледачам – атрымання станоўчых эмоцый. Намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама С.В. Супрыновіч падкрэсліла сімвалічнасць правядзення “Радавода” ў Год малой радзімы менавіта на Пружаншчыне, багатай сваёй фальклорнай спадчынай, якую ў свой час збіраў славуты ўраджэнец пружанскай зямлі Рыгор Раманавіч Шырма.
І, нарэшце, былі прадстаўлены члены экспертнага журы фестывалю (спецыялісты Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, выкладчыкі кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і артасты-вакалісты вышэйшай катэгорыі), якім пад старшынствам начальніка аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама М.К.Тарасюка трэба было вызначыць лепшых з лепшых у амаль трыццаці намінацыях конкурсу.
Далей па добрай традыцыі гаспадары свята прымалі каравай ад пераможцаў VI “Радаводу” – фальклорных калектываў Іванаўскага раёна. У адказ “радаводаўцы” Пружаншчыны ўручылі свой духмяны сімвал дабрабыту і шчасця куратарам фестывалю. І ўсе разам: аматары фальклору, прадстаўнікі кіраўніцтва раёна і ганаровыя госці – станцавалі на сцэне мясцовую польку пад гучныя апладысменты каля дзвюх тысяч гледачоў. Такім арыгінальным рэжысёрскім ходам быў растоплены “лёд” афіцыйнай часткі праграмы і зададзены ўзнёслы настрой усяму святу.
Асаблівае яднанне аматараў фальклору адбылося падчас правядзення масавага абраду “А мы просо сіялы”, калі пад пранікнёныя спевы ўдзельнікаў узорнага калектыву “Ранічка” з г.Бярозы ўсе калектывы раёна закруціліся ў традыцыйным карагодзе, які плаўна “перацёк” ва ўрачыстае шэсце па цэнтральнай вуліцы горада.
“Горад майстроў” пабудавалі
Штандарты з сімволікай раёнаў і гуртоў, аўтэнтычныя вышытыя строі, традыцыйныя спевы рэгіёнаў, песні вольныя, родныя – узнятая хваля беларушчыны панеслася ў гарадскі парк, дзе перад гледачамі паўстаў велізарны “Горад майстроў”.
Аўтэнтычны “код” кожнага рэгіёна вобласці быў паказаны, перш за ўсё, на выставах прадметаў побыту і народнай творчасці, а таксама творчых работ навучэнцаў розных аб’яднанняў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Майстры народных промыслаў – педагогі і іх вучні – наладзілі для ўсіх жадаючых майстар-класы па выцінанцы, лапікаваму шыццю і пляцэнні паяскоў. “Завялі” свае кросны ткачы, а кера-місты закруцілі маленькія ганчарныя кругі.
На вачах шматлікай публікі ствараліся дыванкі і збаночкі, папяровыя карціны і сурвэткі, тканевыя лялькі і іншыя рукатворныя цуды, якія калісьці вырабляліся амаль на кожнай беларускай сядзібе.
Расчынілі свае створкі “Берасцейскія батлейкі” і паказалі аматарам мініяцюрных лялечных тэатраў свае конкурсныя праграмы.
Не менш гасцінна заклікалі да сябе ўдзельнікі конкурсу традыцыйных народных страў “Бабуліна кухня”: падалося, што на духмяныя водары бабкі і халадца з часнаком, мачанкі і галушак з макам збеглася найбольш гледачоў.
Спадчыну замацавалі
А вялікая выстава матэрыялаў, сабраных юнымі этнографамі падчас фальклорных экспедыцый, метадычных дапаможнікаў і сцэнарных распрацовак адлюстравала праведзеную каласальную работу ўстаноў адукацыі вобласці па вывучэнні фальклорнай спадчыны ўласных рэгіёнаў.
Падрабязней з вынікамі даследчай работы юных навукоўцаў можна было азнаёміцца на пасяджэнні абласной дзіцячай навукова-практычнай канферэнцыі “Папулярызацыя традыцыйнай народнай культуры і шляхі зберажэння мясцовых традыцый”, якое адбылося ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” па выніках II абласнога конкурсу “Фальклорная спадчына” і конкурсу відэакліпаў “Берасцейская талакуха”.
На працягу дзвюх гадзін з вялікім задавальненнем аўдыторыя слухала аповеды выступоўцаў пра ўнікальныя драўляныя архітэктурныя ўзоры Жабінкаўскага раёна, рэгіянальныя касцюмы Ганцавіччыны, вясельныя песні Кобрыншчыны… Мультымедыйныя прэзентацыі ўдала аздабляліся арыгінальнымі этнаспевамі, калыханкамі, забаўлянкамі і байкамі ад выступоўцаў. На жаль, сёлета ў іх спісах не было пружанцаў, аднак, нагадаем, што на мінулым фестывалі навуковая праца “Ганчары Ружан” вучаніцы Ружанскай СШ Валерыі Літвіновіч была адзначана не толькі на абласным, але і на рэспубліканскім узроўні.
Танцамі і спевамі забаўлялі
Пакуль у гарадскім парку гасцей фестывалю замілоўвалі старажытнымі беларускімі промысламі, традыцыйнымі стравамі і этнаграфічнай навукай, на некалькіх канцэртных пляцоўках горада і нават у аграгарадку Лінова адбывалася асноўная канцэртная праграма.
На жаль, значныя карэкцівы ўнёс у яе праліўны дождж: лівень не толькі сапсаваў настрой артыстам, вымушаным прыхапкам згортваць рэквізіт і пераязджаць на крытыя пляцоўкі, а нават моцна пашкодзіў творы дзяцей на выставах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва… Балазе, праз пэўны час з-за воблакаў выглянула сонейка і на разгубленых тварах дзяцей і дарослых зноў запанавалі вясёлыя ўсмешкі.
І ўзнагароды атрымалі
Апоўдні ў вялікай зале Палаца культуры адбыліся паўфінал і фінал конкурсу выканаўцаў традыцыйных бытавых танцаў, пасля чаго адразу пачаўся грандыёзны гала-канцэрт “Радавода-VII”.
На працягу амаль чатырох гадзін свае лепшыя нумары дэманстравалі гледачам вядучыя фальклорныя калектывы ўстаноў адукацыі вобласці, а таксама госці фестывалю з Сербіі, Польшчы і Расіі.
Асабліва замілавалі пружанскую публіку самыя маленькія ўдзельнікі фестывалю – дзеці чатырох-пяцігадовага ўзросту з г.Волагда (хлопчыкі ў кашулях-касаваротках і дзяўчынкі ў сарафанчыках з традыцыйнымі рускімі какошнікамі).
І, нарэшце, пачалася доўгачаканая цырымонія ўрачыстага ўзнагароджання фіналістаў і пераможцаў, якую правялі дырэктар фестывалю “Радавод” намеснік дырэктара Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці А.А. Клунін, старшыня журы фестывалю М.К.Тарасюк, намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч і начальнік райаддзела па адукацыі І.А.Казарэз. Здавалася, чарадзе артыстаў, якія падымаліся на сцэну, не будзе канца: адно толькі пералічэнне дыпломаў заняло больш за гадзіну.
Свая “мінута славы” наступіла і для пружанскіх удзельнікаў. У намінацыі “Народныя гульні і забавы” дыпломам II ступені быў узнагароджаны фальклорны гурт СШ № 1 “Драмацешка”, які наладзіў інтэрактыўныя “Вясельныя гульні”. Падчас іх удзельнікі і сена ў мяшках кідалі, і з завязанымі вачыма патэльні ў печ устаўлялі, і нават сілай мераліся. У гэтай жа намінацыі дыпломам фіналіста быў адзначаны цудоўны гурт Хараўской СШ.
У намінацыі “Лепшы фальклорны калектыў” дыплом III ступені атрымаў гурт Ліноўскай СШ. “Лінькі” прадэманстравалі журы мясцовы абрад “Зажынкі”, падчас якога, як і належыць, ушанавалі першы сноп жыта: упрыгожылі яго чырвонай стужкай і па-ставілі ў самае пачэснае месца ў хаце – чырвоны кут. Уразілі журы і тканыя паяскі ў выкананні Дар’і Жышко і Аліны Шэцька з Ружанскага ШПЦ, якія ў намінацыі “Юныя майстры народнай творчасці” атрымалі дыплом III ступені. Таксама знайшлі сваіх прыхільнікаў сярод членаў журы дзяўчынкі з Шаняўской СШ, якім прысудзілі дыплом III ступені ў намінацыі “Бабуліна кухня”. Акрамя таго, журы было ўражана абрадам “Квашанне капусты”, які правялі члены фальклорнага аб’яднання СШ № 5. Капуста “прынесла” ў скарбонку дасягненняў пружанцаў дыплом II ступені. Аддзел па адукацыі Пружанскага райвыканкама атрымаў дыплом III ступені за выставу “Горад майстроў”.
Прызнацца, за два дні “Радавода” стаміліся ўсе: і арганізатары, і гледачы, і артысты. Аднак справу сваю яны давялі да канца. Арганізатары дзякавалі ўсім за дапамогу, пружанская публіка апладыравала стоячы, а юныя артысты далі абяцанне, што сабраную па крупінках бясцэнную беларускую спадчыну яны не толькі захаваюць, але і панясуць у будучыню.
Алена Зялевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).
Больш фота ў альбоме: https://ok.ru/budni/album/886243041928 .