Воскресенье, 20 апреля 2025

Связались с пружанцем и его женой, которые живут в Китае. Вот что они рассказали о коронавирусе

2 329

Надзець маскі — і не панікаваць, або Што расказалі відавочцы?
Мы папрасілі герояў нашай нядаўняй публікацыі — мастака Сяргея Самуся і яго жонку Вікторыю, якія на дадзены момант жывуць у Кітаі, — расказаць пра сітуацыю, якая склалася там у сувязі з распаўсюджваннем каранавіруса. Што пішуць у кітайскіх — афіцыйных і неафіцыйных — СМІ? Ці сапраўды, як на відэа, распаўсюджаных у сацыяльных сетках, людзі “падаюць на вуліцах”? Ці апусцелі паліцы ў крамах і пачалася масавая паніка?


—Пачнём з таго, што “незалежных” СМІ ў Кітаі няма, прынамсі, мы пра іх не чулі, — кажуць Сяргей і Віка. — Што тычыцца афіцыйнай інфармацыі па каранавірусе, то яна аператыўна збіраецца і кругласутачна абнаўляецца інфармацыйным цэнтрам Нацыянальнага камітэта па ахове здароўя. Усе дадзеныя, ва ўсякім разе, інфаграфіка пра колькасць тых, хто захварэў, паправіўся, памёр, знаходзяцца ў адкрытым доступе. За распаўсюджванне ж чутак, інфармацыю, не пацверджаную сапраўднымі доказамі, і нагнятанне панікі кітайскім урадам прымаюцца адпаведныя меры. У прыватнасці, блакуюцца акаўнты ў сацыяльнай сетцы «WeChat». Дарэчы, відэа, дзе людзі нібыта падаюць на вуліцах, — гэта фэйк пятнаццацігадовай даўнасці. Не вядзіцеся на падобнае!
На сённяшні дзень (гутарка вялася напачатку тыдня) у нашай правінцыі выяўлена каля 600 заражаных каранавірусам. Але, паверце, панікі ніякай няма. Так, горад апусцеў, дакладней, ніякіх масавых збіранняў людзей на вуліцах не назіраецца, і гэта зразумела, паколькі да 14 лютага ў сувязі з эпідэміяй усім прадоўжылі канікулы. А гэта значыць, што людзі планамерна працуюць дома. Мы, напрыклад, пішам свае карціны і спакойна сочым за навінамі. Часам выходзім пагуляць у парк, дзе таксама адпачываюць мамы з дзецьмі, бегаюць прыхільнікі здаровага ладу жыцця, ездзяць веласіпедысты.
У гэты час кітайскія санітарныя службы працуюць у кругласутачным рэжыме: дэзынфіцыруюць вуліцы, пад’езды дамоў. За што гэтым людзям асаблівая падзяка!
Акрамя таго, кожнаму карыстальніку мабільных тэлефонаў па некалькі разоў на дзень у паведамленнях нагадваюць пра неабходнасць выконваць правілы гігіены (іх выразна пералічваюць).
Паўсюль на вуліцах (на інфармацыйных стэндах, білбордах) вісяць плакаты, якія нагадваюць пра элементарны сродак аховы здароўя — медыцынскую маску. Заўважым, іх у Кітаі ўсе носяць, без фальшывага сораму. І не толькі зараз, падчас эпідэміі. Кожную восень, як толькі з’яўляюцца першыя паведамленні аб захворваннях, выкліканых рэспіраторна-віруснымі інфекцыямі, кітайцы адразу надзяваюць маскі. Гэтаму ў іх нам, беларусам, яшчэ трэба павучыцца.
Што тычыцца прадуктаў у магазінах, то іх хапае: ніякага дэфіцыту тавараў, пра які пішуць у сусветных СМІ і ў сацыяльных сетках людзі, далёкія ад Кітая, няма.
Прызнацца, нам вельмі крыўдна за кітайцаў за той непрыкрыты расізм, які, як паведамляюць навінавыя сюжэты, успыхнуў у сусветным грамадстве ў дачыненні да іх. А некаторыя СМІ толькі накручваюць і абвастраюць сітуацыю. Напрыклад, самі чыталі, нібы каранавірус распаўсюдзіўся праз “традыцыйную” ежу, у прыватнасці, кажаноў і змей, якіх нібыта прапануюць ва ўсіх кропках вулічнага гандлю. Гэта хлусня! Магчыма, адзінкі па традыцыі яшчэ могуць гэта есці, але маладое пакаленне ў гастранамічных прыхільнасцях практычна нічым ад нас не адрозніваецца, хіба што вострых спецый у стравы больш дадаюць.