Понедельник, 2 декабря 2024

Святы вёсак

2 793

Традыцыйна летам пачаўся новы сезон святаў вёсак: сезон сустрэч землякоў, душэўных размоў, добрых песень і шчырых віншаванняў. Сёлета адкрыла яго вёска Клепачы Ружанскага сельсавета, эстафету падхапілі Галены. А потым пайшло-пакацілася… У мінулую нядзелю амаль адначасова святкаванні наладжваліся ў Баравіках і «тандэме» Белы Лясок — Ківачына.

Калі задацца мэтай і пабываць на адным, другім, трэцім падобным свяце (а менавіта гэта час ад часу і даводзіцца рабіць), аказваецца, што сцэнарыі правядзення мерапрыемстваў вельмі падобныя. Расказ пра далёкую і нядаўнюю гісторыю населенага пункта, ушанаванне памяці землякоў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай ці сталі мірнымі ахвярамі вайны, узнагароджанне старажылаў, юбіляраў, лепшых гаспадароў, маладажонаў, канцэрт. Мяняюцца, бадай, толькі выступоўцы з ліку адказных асоб і прадстаўнікоў мясцовых сельгаставарыстваў ды канцэртныя нумары ў кожнай установы культуры свае.

Чаму ж з такой ахвотай збіраюцца людзі да імправізаваных сцэнічных пляцовак, прыязджаюць здалёк, прывозяць з сабой дзяцей? Рытарычнае пытанне. Менавіта магчымасцю сабрацца разам з аднавяскоўцамі, прайсці па сцежках уласнага дзяцінства, наталіць душэўную смагу і каштоўныя такія святы.

Баравікі

Пра сцежкі дзяцінства казала і мясцовая ўраджэнка, дырэктар Мокраўскага сельскага Дома культуры Валянціна Немцава. Горла перахоплівала ў жанчыны, калі ўспамінала, што было некалі ў вёсцы 110 двароў і ў дзве калейкі пасвілі свойскі статак. Цяпер жа жыхароў на пальцах адной рукі пералічыш, плюс пэўная колькасць «дачнікаў», у асноўным, дзяцей і ўнукаў баравічан, якія ў цёплы сезон вяртаюцца на бацькоўскія сядзібы.

Дзякавала людзям за тое, што падтрымліваюць у парадку свае «радавыя гнёзды» старшыня Мокраўскага сельвыканкама Вольга Грышкевіч.

Вольга Віктараўна ўручыла падарункі найстарэйшым жыхаркам — 89-гадовай Галіне Антонаўне Новік і 88-гадовай Анастасіі Рыгораўне Пашкевіч, а таксама Валянціне Сямёнаўне Чарнуха, Рыгору Васільевічу і Людміле Васільеўне Грышкевіч, Галіне Барысаўне Сцепанюк. Усё жыццё пажылыя людзі прысвяцілі працы на роднай зямлі, не здраджваюць ёй і цяпер, не наракаюць на лёс і па-ранейшаму гатовы абняць, падтрымаць шчырай усмешкай і добрым словам кожнага, хто сустракаецца на шляху. Магчыма, неверагоднае тутэйшае паветра, нейкая асаблівая ўтульнасць вёскі і надзяліла яе жыхароў такімі рысамі характару?

З праваслаўным святам Святой Тройцы сваіх прыхаджан і ўсіх прысутных віншаваў настаяцель Рудніцкага Свята-Пакроўскага храма іерэй Анатоль Кавальскі. Прыгожымі песнямі радавалі салісты аўтаклуба, Рудніцкага СКБ і Мокраўскага СДК. І быў традыцыйны каравай, і апладысменты, і пацалункі, і слёзы радасці і хвалявання на вачах…

Белы Лясок і Ківачына

На хвалі шчырых пачуццяў мы пакінулі Баравікі і рушылі на захад. Дарэчы, да гэтага часу працягваю радавацца аўтадарозе — абходу Белавежскай пушчы і пра сябе называю яе новай (хоць пабудавана больш за 10 гадоў назад). 40 кіламетраў па зручнай і камфортнай трасе незаўважна намотваюцца на колы.

У пушчанскіх вёсак крыху іншы каларыт, і людзі, мне здаецца, крыху іншыя. Не, не горшыя і не лепшыя, проста жыццё сярод дрымучых лясоў дало большае далучэнне да прыроды, а блізкасць дзяржаўнай граніцы прывучыла да пэўнай стрыманасці, асцярожнасці. Але, магчыма, гэта толькі мае фантазіі.

Свята на пляцоўцы каля Нікарскага лясніцтва наладзіў калектыў Шарашэўскага цэнтра культуры і адпачынку пры падтрымцы Шарашэўскага сельвыканкама, пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, ААТ «Пружанскі рай-аграсэрвіс».

Кіраўнік спраў Шарашэўскага сельвыканкама Вольга Радзькова павіншавала з 50-годдзем сямейнага жыцця Мікалая Мікалаевіча і Алену Аляксееўну Навуменкаў. Шмат цяжкасцей перажылі яны разам, выгадавалі годных дзяцей, і ў дзень вёскі атрымалі юбілейнае шлюбнае пасведчанне.

Віталі і тых, хто адзначыў асабістыя юбілеі. Падзякі і падарункі атрымалі і пераможцы агляду-конкурсу «Лепшы дом і дваровая тэрыторыя» — Міхаіл і Ала Клюкач, Сяргей і Ірына Кацура, Аляксандр і Валянціна Лукша.

У сукупнасці Белы Лясок і Ківачына буйнейшыя за Баравікі, тым больш, што і тут «дачнікаў» шмат, пушчанскім паветрам імкнуцца падыхаць не толькі былыя выхадцы адсюль. Ды праблемы ў вёсак падобныя: старэнне насельніцтва, змяншэнне яго колькасці. Працэс абсалютна зразумелы і аб‘ектыўны: пра сусветную ўрбанізацыю і глабалізацыю вам любы школьнік раскажа.

Але як жа шкада бачыць закінутыя сядзібы, канстатаваць, што ўсё менш нараджаецца ў вёсках дзетак. А значыць, непатрэбнымі становяцца з любоўю пабудаваныя ў свой час садкі і школы, нерэнтабельнымі — стацыянарныя магазіны. Менавіта гэты боль выліўся ў вершаваных радках, напісаных мясцовым ураджэнцам, настаўнікам Параслянскай СШ Юрыем Дронем. Юрый Мікалаевіч прызнаўся, што заўсёды з задавальненнем спявае для землякоў падчас падобных мерапрыемстваў, а тут у дадатак і верш склаў ноччу перад святам. Баліць у яго душа за родныя мясціны.


А вёскі ўміраюць, як людзі —
Хто з лаянкай непрыстойнай,
А хтосьці сыходзіць будзе
Сціпла, ціха, дастойна.

Умірае Ківачына ціха,
Канае з лесам і возерам.
Няшмат засталося да ліха…
Няўжо будзе нож бульдозера?

Сыходзяць у нябыт яе людзі,
Што жылі ў вёсцы спрадвеку.
Нас мала. А хутка не будзе
Ніводнага чалавека?

Ад думак пульсуюць скроні,
Не хочацца думаць аб гэтым,
Бо толькі я тут — Юра Сонін,
Бо тут я стаў чалавекам.

Жыві, мая родная вёска,
У памяці, у нашых людзях.
З табою мы звязаны лёсам
І іншай у нас не будзе.

Напэўна, святочныя сустрэчы не вельмі падыходзяць для таго, каб вызначаць магчымыя шляхі ратавання малых вёсак. Але пакуль ёсць такія сустрэчы, такія нераўнадушныя людзі, мне здаецца, крыж на іх лёсах ставіць рана. Дачы і аграсядзібы, дакументальныя аповеды пра землякоў, генеалагічныя дрэвы, памятныя фотаздымкі, інтэрнэт-форумы могуць стаць тымі самымі астраўкамі памяці ў жыццёвым моры. Гэта ўжо залежыць ад нас.

Ірына Сядова. Фота аўтара

Фотаальбомы глядзіце тут: https://ok.ru/group/50400804208776/album/980509869960 , https://ok.ru/budni/album/980509787528 , https://vk.com/album-23306785_303203910 і https://vk.com/album-23306785_303203980