У першую нядзелю пасля Дня Святой Тройцы праваслаўныя хрысціяне святкуюць Дзень Усіх Святых. У гэты дзень наша царква ў аграгарадку Лыскава ўдастоілася архіерэйскага богаслужэння.
Візіт Уладыкі Іаана, архіепіскапа Брэсцкага і Кобрынскага, быў прымеркаваны да 90-годдзя з дня асвячэння царквы. Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі благачынны цэркваў Пружанскай акругі протаіерэй Міхаіл Носка, настаяцель Свята-Ражства-Багародзічнага храма ў аг. Лыскава мітрафорны протаіерэй Аляксандр Багдановіч, а таксама духавенства благачыння.
Народу ў храме сабралася вельмі шмат, ледзь змясціліся ўсе. Многа было тых, хто спавядаўся і прычашчаўся. Вельмі прыгожа спявалі пеўчыя, запрошаныя з Навазасімавіцкага храма. І наогул панавала цёплая сардэчная атмасфера, напоўненая агульнай малітвай. Гучала ўрачыстае «Аксіёс! Дастойны!»: з нагоды свята юбілейныя граматы да 30-годдзя Брэсцкай епархіі, падзякі за дбайную працу дзеля працвітання Святой Царквы атрымалі актыўныя прыхаджане.
Падчас богаслужэння былі ўзнесены прашэнні аб адзінстве і захаванні Царквы ад падзелаў і расколаў, аб спыненні распаўсюджвання каранавіруса, аб міры і дабрабыце беларускага народа, пераадоленні нянавісці і падзелаў сярод хрысціян. Хрэсным ходам прайшлі вакол храма, Уладыка акрапіў вернікаў святой вадой.
Таксама архіепіскап Іаан здзейсніў чын асвячэння крыжа, які ўстаноўлены якраз за царкоўнай агароджай — на месцы страчанага Свята-Пакроўскага храма.
Усё гэта, спадзяемся, застанецца ў памяці кожнага прыхаджаніна светлым успамінам.
А ў Мокраўскай Свята-Петра-Паўлаўскай царкве ў мінулую суботу адбылася святочная літургія, прысвечаная ажно 150-годдзю храма. Узнёслая ўрачыстасць сабрала нямала народу. Яе правялі сакратар Брэсцкага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Сергій Петрусевіч, настаяцель Свята-Петра-Паўлаўскай царквы іерэй Аляксандр Сень, духавенства раёна.
Разам з прыхаджанамі храма ў богаслужэнні прынялі ўдзел старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, яго намеснік Руслан Супрыновіч, дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч. Да значнага юбілею былі ўручаны Падзячныя пісьмы архіепіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана за дбайную працу дзеля працвітання Святой Царквы кіраўніцтву гаспадаркі, актыўным прыхаджанам. Таксама шэраг вернікаў атрымалі ў падарунак ад Уладыкі Бібліі.
Андрэй Мартынюк