Пятница, 13 июня 2025

Урачысты вечар «Ад усёй душы» ў Палацы культуры стаў завяршэннем аднайменнай рэспубліканскай акцыі ў Пружанскім раёне (+ многа фота)

369

Менавіта душой і сэрцам мы ўдзячны людзям «залатога ўзросту», якія змаглі нам даць цяперашняе і будучае. Нам толькі застаецца зберагчы ўсё гэта, прымножыць і перадаць наступнаму пакаленню.

Фінішавала акцыя «Ад усёй душы» ў Пружанскім раёне канцэртам-ушанаваннем, які прайшоў у гарадскім Палацы культуры. Ганаровымі гасцямі на ім былі намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Скробат.

Перад тым, як акунуцца ў атмасферу ўшанавання і мастацтва, госці азнаёміліся з выставай майстроў Пружаншчыны, вырабамі гурткоў і студый пры ТЦСАН, прадэгуставалі прадукцыю ААТ «Пружанскі малочны камбінат».

Дарэчы, у фае Палаца культуры можна было даведацца пра артэрыяльны ціск, азнаёміцца з работай пажарнага апавяшчальніка, паслухаць парады наконт пажарнай бяспекі ад супрацоўнікаў РАНС.

Месцы ў канцэртнай зале былі запоўнены ў асноўным людзьмі сталага ўзросту: менавіта для іх арганізавалі гэтае мерапрыемства.

Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Глушко адзначыў, што распачатая напрыканцы 2022 года па ініцыятыве Прэзідэнта краіны акцыя «Ад усёй душы» становіцца традыцыйнай. Сяргей Аляксандравіч уручыў Грамату райвыканкама загадчыцы аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Пружанскага ТЦСАН Марыне Кавальчук, а Падзячнае пісьмо — вытворцы работ ПМК-22 Віктару Соцу.

Пасля выступлення хору ветэранаў «Чырвоны гваздзік» на сцэну запрасілі Марыну Арцёменка, якая шмат добрых і цёплых слоў адрасавала пажылым людзям, а таксама тым, без каго жыццё многіх становіцца складаней — работнікам сацыяльнай службы. Марына Барысаўна ўручыла сертыфікат на суму 2,5 тысячы рублёў дырэктару ТЦСАН Нэлі Педчанка. Гэтыя грошы будуць накіраваны на закупку неабходнага абсталявання для пастаяльцаў установы кругласутачнага знаходжання ў аграгарадку Лыскава.

Намеснік міністра таксама ўручыла ўзнагароды: Падзяку міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь — кіраўніку валанцёрскага атрада Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа Алёне Гапоненка і валанцёру аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН Алене Крупчук. А ўзамен атрымала ад Руслана Супрыновіча памятны сувенір, зроблены пружанскімі майстрамі.

Са словамі віншаванняў і падзякі да прысутных звярнуўся Генадзь Скробат. Ён уручыў Падзякі старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама валанцёрам аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН Святлане Багдановіч і Вользе Фядотавай.

Завяршылася мерапрыемства святочным канцэртам, галоўнымі ўдзельнікамі якога былі нашы дарагія людзі «залатога і сярэбранага ўзросту».

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік

Яшчэ больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_300969743 і https://ok.ru/budni/album/973626840456