Прыгожая, цудоўная, яркая, запамінальная, непаўторная… Колькі цёплых слоў пачулі нашы дарагія матулі, бабулі, дзяўчаты за святочныя выхадныя, думаецца, не возьмецца лічыць нават Нацыянальны статыстычны камітэт. Калі задумацца, многія з гэтых эпітэтаў можна прымяніць як да жанчыны, так і да вясны — часу, калі ажывае прырода і прыгожая палова чалавецтва адзначае сваё свята. Згодны з гэтым і работнікі культуры. Таму і святочны канцэрт, прысвечаны 8 Сакавіка, сёлета так і назвалі — «Жанчына — гэта вясна».

Адкрыла святочную праграму, не песня і нават не танец, а дэфіле. Жанчыны-культработнікі ў рознакаляровых пінжаках прадэманстравалі, што ўсе яны — па-сапраўднаму яркія, як і першыя вясновыя кветкі, і з лёгкасцю маглі б стаць сапраўднымі мадэлямі.

Пра тое, што 8 Сакавіка стала сапраўдным сімвалам вясны, сказаў у сваім віншаванні старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Усё таму, што Міжнародны жаночы дзень сагрэты цяплом усмешак, прасякнуты настроем радасці і абнаўлення.
— Ва ўсе часы жанчына была і застаецца крыніцай прыгажосці і натхнення. Таленавітыя, пяшчотныя і разумныя — вы смела берацеся за любую, нават самую складаную справу, падзяляеце з намі, мужчынамі, адказнасць за будучыню роднай краіны, за сям’ю, за сваіх дзяцей, — сказаў Міхаіл Міхайлавіч.

Асаблівыя словы падзякі кіраўнік раёна адрасаваў мамам, бо ад іх залежыць, якія маральныя ўрокі атрымае маленькі грамадзянін, якія каштоўнасці стануць для яго найбольш важнымі, якую будучыню ён пабудуе. Усё ў сукупнасці — заклад стабільнага развіцця дзяржавы, упэўнены Міхаіл Грышкевіч. У пацвярджэнне сваіх слоў старшыня райвыканкама ўручыў высокую дзяржаўную ўзнагароду — ордэн Маці — жыхарцы г.п. Шарашэва, санітарцы хірургічнага кабінета Шарашоўскай гарадской бальніцы Ганне Калінейка (на здымку ўверсе). Нагадаем, што ўзнагароды Ганна Паўлаўна ўдастоена ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 70 ад 23 лютага 2024 года. Разам з мужам Юрыем Юр’евічам жанчына выхоўвае пяцёра дзетак. Таксама падарунак для матулі ад імя пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі райбальніцы ўручыла яе старшыня Ірына Шэйка.

Гучалі ў гэты дзень і шматлікія іншыя словы віншаванняў. Так, Пружанскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў разам з мясцовым тэлебачаннем падрыхтавалі відэаролік. Праз яго цёплыя словы жанчынам Пружаншчыны адрасавалі прафсаюзны лідар раёна Таццяна Гаманчук, а таксама мужчыны — пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі, дырэктар ДЛГУ «Пружанскі лясгас» Віктар Карніенка і дырэктар СШ № 4 г. Пружаны Юрый Яльцоў.

Віншавалі жанчын вядучыя Дзіяна Крэтава і Вячаслаў Краўчук, а таксама праз свае цудоўныя нумары — культработнікі раёна, танцавальныя калектывы і не толькі. Не абышлося тут без кветак: нумара «Белыя ружы» ад работнікаў Палаца культуры і задорнай песні «Ты мой цветочек», якую выканалі маленькія вучаніцы СШ № 5.

Узгадвалі ў сваіх песнях пра матуль і бабуль салісты ўзорнай эстраднай студыі «Меладзін» Вікторыя Красько, Арцём Курц і Варвара Карташэвіч. Вельмі кранальнай атрымалася кампазіцыя «Сёстры» ў выкананні родных сясцёр — Марыны і Таццяны Паласьмак. Дадало яркіх акцэнтаў канцэртнай праграме яшчэ адно дэфіле — ад маленькіх мадэляў студыі «PODIUM KIDS».

Таксама музычныя віншаванні гучалі ў гэты дзень са сцэны ад Генадзя Чэрніка, дуэтаў «Гармошачка» і «Дзявочнік», Віктара Матчэні і Яраслава Топчага. Танцавальныя нумары падарылі шматлікім гледачам навучэнцы харэаграфічных аддзяленняў дзіцячых школ мастацтваў імя Р.Р. Шырмы, аг. Клепачы і ўзорны ансамбль эстраднага танца «Рубікон» Палаца культуры.

У завяршэнне святочнага канцэрта на сцэну выйшлі салісткі народнай арт-групы «Родники». Іх фінальная кампазіцыя — «Главное на свете — это наши дети» яшчэ раз нагадала пра «кветачак жыцця» — дзетак. А таксама пра тое, наколькі важную місію — мацярынскую — выконваюць жанчыны, і наколькі важная для іх любоў, пяшчота і проста добрыя словы ад самых блізкіх і любімых людзей. Няхай жа гучаць яны не толькі вясной і не толькі ў свята, а кожны дзень!
Уладзіслаў Шпарла.
Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы з канцэрта: https://vk.com/album-23306785_301896895 і https://ok.ru/budni/album/976135966856