Ужо 105 год мінула пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Да яе можна ста-віцца па-рознаму, але ніхто не стане адмаўляць значнасць гэтай падзеі, бо рэвалюцыя прывяла ўвесь сусвет да сур’ёзнага гістарычнага пералому… Наша краіна адна з нямногіх, дзе гэты дзень ушаноўваецца на дзяржаўным узроўні.
Напярэдадні свята мы вырашылі даведацца, як пружанцы ставяцца да яго, ці адзначаюць Кастрычніцкую рэвалюцыю і наколькі ведаюць гісторыю.
Ірына:
— Да Дня Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі наш горад заўсёды ўпрыгожвалі сцягамі: Пружаны набывалі ўрачысты, узнёслы выгляд. Надвор’е не заўсёды было добрым (на маёй памяці нават быў снег), але кепскія пагодныя ўмовы не маглі паўплываць на цудоўны настрой грамадства… Падчас святочнага шэсця, на плошчы з трыбуны голасна гучаў заклік: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» У адказ шмат галасоў у адзіным парыве гучна крычалі: «Ура!»
Антаніна:
— Ой, якое ж гэта было цудоўнае свята! Людзі са святочным настроем выходзілі на вуліцы, віталі адзін аднаго, заўсёды было шмат усмешак. Асабліва яскрава я памятаю парады 7 лістапада ў Гродне (я жыла там да шлюбу), дзе рыхтавалі насычаную і цікавую праграму. Я заўсёды наведвала ўрачыстасці з радасцю і задавальненнем. Пасля з’яўлення дзяцей мяне захапілі сямейныя клопаты, і я ўжо менш удзельнічала ў грамадскім жыцці. Кепска, што зараз такога больш няма.
Ірына:
— Я былая камсамолка, таму пра Кастрычніцкую рэвалюцыю добра ведаю. Памятаю, што з вялікім задавальненнем хадзіла на дэманстрацыі, было прыемна адчуваць сябе часткай чагосьці велічнага. Але з цягам часу ўсё змянілася, столькі ж год прайшло. Меркаваць, добра гэта або кепска, я не бяруся, кожны сам павінен вызначыць. Уласна для мяне больш значнымі з’яўляюцца даты 1 і 9 мая. Свята 7 лістапада з нашага савецкага мінулага, ужо не актуальнае.
Аляксандр:
— Я святкаваў Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі ўсё жыццё. 7 лістапада заўсёды быў вельмі радасным выхадным днём: мы хадзілі на дэманстрацыі, а пасля весела адпачывалі. Зараз свята праходзіць на дачы або рыбалцы, дзе можна спакойна ўзгадаць былое. Прыемна, што захаваўся выхадны, але ранейшага захаплення я ўжо, вядома, не адчуваю… Не трэба адмаўляцца ад таго, што было, тым больш у Год гістарычнай памяці. У нашага грамадства з’явілася патрэба прыгадваць мінулае, і гэта суцяшае.
Андрэй:
— Для мяне, як чалавека народжанага ў СССР, гэтае свята застаецца актуальным. Кастрычніцкая рэвалюцыя — гэта наша агульная гісторыя, якую трэба ведаць і паважаць, бо без мінулага не будзе будучыні. Галоўная асацыяцыя са святам — гэта дэманстрацыя, на якую збіра-ліся цэлыя арганізацыі. Было б някепска аднавіць мінулыя традыцыі. Тады ўсё трымалася на жывых зносінах, а не на перапісках у інтэрнэце…
Арына і Ульяна:
— 7 лістапада адзначаецца Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Нашы бабулі і дзядулі яго раней святкавалі, хадзілі на парады, мусіць, таксама з шарамі. Напэўна, гэты дзень падобны на Дзень Перамогі. Нам падабаецца, што 7 лістапада — выхадны, гэта плюс адзін дзень да канікул.
Думкамі цікавіліся Юлія Янушка і Уладзіслаў Шпарла