
Пяты раз запар Пружанская цэнтральная раённая бібліятэка імя Міколы Засіма пачынае каляндарны год з калядных сустрэч. У нядзелю, 12 студзеня, тут таксама наладзілі праваслаўна-музычную вечарыну «Святло Віфлеемскай зоркі».
Прысутных ва ўтульнай зале гасцёўні вітала дырэктар ЦБС Таццяна Гуторкіна. А наступная гадзіна была напоўнена цудоўнымі спевамі ў выкананні вакальнага калектыву «Дабравест», створанага пры нядзельнай школе Аранчыцкага Крыжаўзвіжанскага храма.
Яго настаяцель айцец Аляксандр і матушка Юлія Мялешкі распавялі пра вялікую падзею, што адбылася больш за два тысячагоддзі таму, — Нараджэнне Сына Божага. Нагадалі, што не ў раскошы палаца нарадзіўся Выратавальнік Свету, а ў пячоры, дзе хаваліся ад непагадзі пастухі, і калыскай яго сталі яслі з сенам. Але менавіта нараджэнне Ісуса кардынальна змяніла ход чалавечай гісторыі, а Віфлеемская зорка ўжо 20 стагоддзяў асвятляе шлях усім хрысціянам, нагадвае пра цуд Божага Нараджэння, дорыць радасць і надзею, вучыць спагадзе і міласэрнасці.
Шчодрымі апладысментамі суправаджаліся спевы, прысвечаныя Ражству, традыцыйныя калядкі, песні пра Радзіму. Асаблівае замілаванне ў прысутных выклікала выступленне дзіцячага гурта «Дабравесту».
Вельмі зразумела непадробная шчырасць малых: Нараджэнне Хрыстова і ўвесь цыкл калядных святаў, які працягваецца 12 дзён і завяршаецца Вадохрышчам, прыносіць ім радасць, весялосць, падарункі. Але наогул Нараджэнне Сына Божага — гэта толькі пачатак яго шляху да выратавання чалавецтва. І кожнаму з нас варта ведаць і памятаць, дзеля чаго Ісус прыйшоў у наш свет, пражыў зямное жыццё, зведаў здраду, ахвяраваў сабой на крыжы і ўваскрэс. Пра гэта казаў прысутным благачынны цэркваў Пружанскай акругі протаіерэй Міхаіл Носка.
«Падлічана, што ніводнага года на Зямлі не прайшло без войнаў, — акцэнтаваў увагу айцец Міхаіл. – І нават зараз, калі мы ўступілі ў ХХІ стагоддзе, людзі працягваюць знішчаць адзін аднаго. Міласць Божая ратуе нашу Беларусь, але мы павінны таксама звярнуцца да Бога, праявіць сваю любоў, мудрасць, міласэрнасць, несці ў душы толькі светлыя пачуцці».
Ірына Сядова. Фота аўтара
