
Кажуць, нібыта нічым добрым не прыцягваюць правінцыйныя мястэчкі: складанасці з працаўладкаваннем, жыллём, баўленнем вольнага часу. Вось толькі чаму менавіта з глыбінкі раз-пораз на свет з’яўляюцца чарговыя «зоркі»?
Значыць, ёсць нешта ў сельскай пастаралі, чаго нельга адшукаць у гарадской забудове. Можа, душа?
Як лічыць загадчыца Калазубскага сельскага клуба-бібліятэкі Святлана Кульба, гэта сапраўды так, бо за чарадой клопатаў і праблем вяскоўцы, напэўна, дзякуючы блізкасці да прыроды, захоўваюць больш творчасці ў душы. Амаль чвэрць стагоддзя кіруе клубам жанчына і можа прывесці нямала пацвярджэнняў гэтаму са сваёй практыкі.
— Сёння ў нас працуюць два аматарскія аб’яднанні — клубы па інтарэсах «Карусель» для дзяцей і «Майстэрня добрага настрою» для дарослых, — расказвае Святлана Аляксандраўна. — Дзеці займаюцца рукадзеллем і сольным вакалам, іх бацькі адточваюць спявацкае майстэрства. Не праходзіць ні месяца, каб мастацкія калектывы не прадэманстравалі свае чарговыя напрацоўкі ў вясковых канцэртах.
А ў дадатак калазубаўцы наладзілі шчыльны кантакт са сваімі калегамі з Івацэвіччыны, разам ладзяць мерапрыемствы. І нават выязджаюць адзін да аднаго для так званага «абмену творчасцю». Такое ж супрацоўніцтва нала-джана і з калегамі з Зэльвенскага раёна.
Раскрываючы сакрэты будучых выступленняў, Святлана Кульба дзеліцца планамі, увасабленне якіх зусім хутка зноў пабачаць вяскоўцы. Самае прыемнае, што на аўдыторыю мясцовыя артысты не могуць скардзіцца, бо ў глядацкай зале заўсёды шмат наведвальнікаў. Бліжэйшае святочнае мерапрыемства, якое збярэ гледачоў, — Дзень маці.
А ці многія гараджане знаходзяць час на тое, каб дакрануцца да культуры? Вось і атрымліваецца, што менавіта прага да творчасці не дае згаснуць «божай іскры» ў душах вяскоўцаў. Чарговым пацвярджэннем таму загадчыца сельскай установы культуры называе сваё знаёмства з Юрыем Слінкам. Пакуль яго «зорка» вядома нямногім, але, на думку Святланы Аляксандраўны, да «ззяння на небасхіле» засталося няшмат часу: нядаўна Юрый удзельнічаў у запісе перадачы Андрэя Малахава «Песні ад усёй душы».
— Юрыю не дадзена ад прыроды столькі здароўя, як іншым, аднак гэту нястачу запоўніў талент: малады чалавек цудоўна спявае, а яшчэ сам складае песні.
Напэўна, у тым ліку і дзякуючы Святлане Кульбе, раскрыўся чарговы вясковы талент, якіх за той час, што яна працуе ў Калазубскім клубе, сабралася нямала. І ўсё з-за таго прынцыпу работы, якому не здраджвае Святлана Аляксандраўна ўсе амаль 25 гадоў працы. Для яе самае галоўнае — рэакцыя залы: калі гледачы ўсміхаюцца, значыць, арганізатары канцэрта прыклалі ўсе свае творчыя намаганні.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік