Четверг, 17 апреля 2025

Святлана Амяльянец расказала, што робіцца ў Шарашэўскім сельсавеце для захавання гістарычнай памяці

789

Мы павінны ведаць сваю гісторыю, каб не дапусціць фальсіфікацыі яе момантаў і тым самым дапамагчы падрастаючаму пакаленню захаваць правільную гістарычную арыентацыю. Пра гэта нагадваў і Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, калі праводзіў адкрыты ўрок для вучняў усёй краіны 1 верасня. Пра гэта кажам і ўсе мы: толькі так абаронім сябе ад хлусні, будзем і надалей з гонарам звацца беларусамі. Гістарычная праўда дае магчымасць упэўнена глядзець у будучыню, бо нават калі нехта старонні ўкажа на памылкі ў мінулым беларускай дзяржавы, мы можам з упэўненасцю сказаць: для таго помнім і ведаем, каб не дапусціць падобнага ў далейшым.

Пра гэта мы размаўлялі і з выконваючай абавязкі старшыні Шарашэўскага сельскага выканаўчага камітэта Святланай Амяльянец.

Работнікі Шарашэўскага сельвыканкама працуюць у камандзе: выконваючая абавязкі старшыні Святлана Амяльянец, галоўны спецыяліст Галіна Венска і кіраўнік спраў Вольга Радзькова.

— Вельмі добра, што на самым высокім узроўні ўзняты пытанні захавання гістарычнай памяці. Без такога падыходу нам давялося б складана. Таму што, сапраўды, у апошні час узніклі некаторыя праблемы, — кажа Святлана Анатольеўна. — Звыклыя для большай часткі нашага насельніцтва факты раптам пачалі падавацца ў нязвыклай інтэрпрэтацыі. Пад сумненне ставіліся самыя важныя ў гісторыі нашай Айчыны гістарычныя моманты. Дабраліся нават да скажэння падзей Вялікай Айчыннай вайны. Між іншым, гэта апошні рубеж, яго патрэбна абараняць з усіх сіл.

— А што робіцца па захаванні гістарычнай памяці канкрэтна ў Шарашэўскім сельсавеце?

— Гэтаму пытанню мы імкнемся надаваць належнае значэнне. І, зразумела, не толькі з нагоды апошніх праграмных выступленняў Кіраўніка дзяржавы. Сёлета быў распачаты бягучы рамонт помніка «Падаючыя крыжы» ў Белавежскай пушчы, які, як памятаеце, знаходзіцца на тэрыторыі сельсавета.

Не пакідаем па-за ўвагай і іншыя месцы пахаванняў ваеннага часу: як салдатаў, партызанаў, так і мірнага насельніцтва. Яны своечасова прыбіраюцца, пры неабходнасці праводзіцца касметычны рамонт. Насельніцтва сельсавета не адмаўляе ў дапамозе, не застаюцца ў баку вучні Шарашоўскай школы. Нават удзельнікі аўтаклуба дапамагалі навесці парадак каля помніка ў в. Крыніца.

Падчас свята г.п. Шарашэва (жнівень 2022 г.).

— Святлана Анатольеўна, а наколькі, вы лічыце, падобныя мерапрыемствы дапамагаюць у рабоце з падрастаючым пакаленнем?

— Важным аспектам мне здаецца той факт, што адукоўваць неабходна ў роўнай ступені і дзяцей, і іх бацькоў. Не можа быць так, каб дзеці ў школе атрымлівалі адну інфармацыю, а ў бацькоўскім доме — зусім іншую, магчыма, нават супрацьлеглую. Сумесная работа па добраўпарадкаванні помнікаў — гэта добра, але варта ствараць больш навукова-папулярных кніг па айчыннай гісторыі (ды і па сусветнай таксама), разлічаных на людзей розных узростаў.

— Але завершыцца гэты год, і шэраг мерапрыемстваў можа адысці ў мінулае…

— Хацелася б, каб Год гістарычнай памяці не пераўтварыўся проста ў комплекс мерапрыемстваў, няхай пазнавальных, цікавых, але якія праз некаторы час адыдуць у небыццё. Мне здаецца, што ён павінен плаўна перайсці ў Гады гістарычнай памяці, у сапраўднае Стагоддзе. Зыходзячы з высноў, пачутых ад Аляксандра Лукашэнкі, так і будзе. Так што мяркую, што нас у гэтым напрамку чакае пастаянная мэтанакіраваная работа. І дзяржава будзе адыгрываць тут вызначальную ролю.

Для нашага грамадства слова «памятаць» павінна быць звыклым і заўсёды на слыху. Калі кожны грамадзянін нашай прыгожай краіны будзе сумленным у стаўленні да сваіх продкаў, тады і жыць будзем прывольна і свабодна. Не баіцца дня заўтрашняга той, за чыімі плячыма — памяць пра дзень мінулы.

— Сапраўды, нават памяць пра аднаго чалавека, якога пры жыцці паважалі, які паказваў узоры адданасці абранай справе, можа быць прыкладам для многіх.

— Так, і гэта — таксама пра Шарашэва. На праваслаўных могілках у нашым пасёлку пахаваны беларускі вучоны-славіст і багаслоў Міхаіл Баброўскі. У бягучым годзе КУВП «Камунальнік» правяло рэканструкцыю помніка, які апошнім часам выглядаў не вельмі прывабна.

А мясцовы жыхар Андрэй Янушкевіч усталяваў паміж вуліцамі Зарэцкай і Урыцкага памятны знак, які расказвае пра тое, што на гэтым месцы былі раней могілкі, на якіх да гэтага часу спачываюць людзі. Добраўпарадкаваў дадзеную тэрыторыю, усталяваў імправізаваны калодзеж. Займаўся добрай справай адзін — а прыемна ўсім, прыклад для кожнага.

— Але пры клопаце пра памяць ці не адыходзіць на другі план дзень сённяшні, надзённыя праблемы жыхароў?

— Спядзяюся, што не. Адной з такіх праблем, якая вырашылася нядаўна, было пытанне наконт безбар’ернага асяроддзя ў аддзяленні пошты ў пасёлку. Яго ўдалося зняць дзякуючы РУП «Белпошта», якое прафінансавала выкананне работ па ўстаноўцы пандуса.

— У рэдакцыю паступалі пытанні наконт лёсу былога школьнага стадыёна…

— Абсталяванне пасялковага стадыёна, які раней быў на балансе школы, мы трымаем на кантролі. Цяпер плануецца на адной яго частцы ўсталяваць вароты, а другую пераўтварыць у алею: хочаш у футбол гуляй, хочаш — шпацыруй па дарожцы.

Падчас свята г.п. Шарашэва (жнівень 2022 г.).

Адзначу, што сур’ёзную дапамогу ў добраўпарадкаванні аказвае ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс». Дырэктар гаспадаркі Аляксандр Шлёмін ніколі не адмаўляе, калі трэба пакасіць безгаспадарныя ўчасткі, знесці аварыйнае дрэва, зрабіць касметычны рамонт будынка. Не абыходзіцца без сельгаставарыства ніводзін Дзень пасёлка. Так было і сёлета: сельгаставарыства і шматлікія падарункі ўручала, і наладзіла шэраг прыемных сюрпрызаў для вяскоўцаў, у тым ліку выступленне папулярнай спявачкі Улады.

Гутарыў Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік